Намесьніца старшыні «Белстату» Алена Кухарэвіч па выніках дасьледаваньня хатніх гаспадарак расказала, як беларусы ставяцца да здаровага ладу жыцьця.
80% беларусаў лічаць моцнае здароўе найбольшай каштоўнасьцю
Для беларусаў здароўе важнейшае за дабрабыт, адукацыю ды іншыя сацыяльныя арыентыры. Калі паглядзець на меркаваньні насельніцтва пра свае жыцьцёвыя каштоўнасьці па 10-бальнай шкале, то на першым месцы стаіць менавіта здароўе – 9,5. Далей ідуць разуменьне ў сям’і, матэрыяльны дастатак, жыцьцё без канфліктаў, каханьне, надзейныя сябры, добрая адукацыя і г.д.
Колькі сапраўды зарабляе беларус, у якім узросьце бярэцца шлюбам, колькі мае дзяцей і калі памрэ
Сындром Чарнобылю па-ранейшаму дзейнічае
Сярод фактараў, якія ўплываюць на стан здароўя беларусаў, на першым месцы — экалягічнае становішча. Гэта зьвязана з наступствамі чарнобыльскай катастрофы, пра што выказаліся 56% апытаных. Далей у сьпісе ідуць лад жыцьця, шкодныя звычкі, недастатковыя турботы пра здароўе ды іншае.
Беларусь заняла 4-е месца ў рэйтынгу самых нездаровых краінаў сьвету
Каля 90% насельніцтва згодныя з тым, што стан здароўя залежыць найперш ад іх саміх
Як можна ўмацаваць і захаваць сваё здароўе? Тут беларусы на першае месца паставілі правільны рэжым харчаваньня, на другое – актыўны адпачынак, рухавы лад жыцьця, на трэцяе – заняткі фізкультурай і спортам.
Толькі 1 зь 5 беларусаў цэлы месяц ня піў алькаголю. У горадзе п’юць ня менш, чым у вёсцы
Актыўны, здаровы лад жыцьця вядзе толькі 8% насельніцтва
Хоць схільнасьць да здаровага ладу жыцьця маюць амаль 40% насельніцтва, большасьць беларусаў не прытрымліваюцца гэтых прынцыпаў. Апытаныя патлумачылі гэта адсутнасьцю неабходнай волі і настойлівасьці, на другім месцы – недахоп часу, на трэцім – матэрыяльныя цяжкасьці.
Ад чаго ўзьнікаюць стрэсы ў беларусаў?
Толькі адна пятая апытаных адказала, што за апошнія тры месяцы яны не перажывалі стрэсаў. Аказваецца, у мужчын і жанчын штуршок для стомленасьці і напружанасьці розны. Так, мужчыны спасылаюцца найперш на праблемы з крэдытамі і набыцьцём маёмасьці. Жанчыны – на праблемы ў сям’і. І ў жанчын, і ў мужчын штуршком для стрэсу становіцца дрэнны мікраклімат у працоўным калектыве. Ёсьць і ўзроставы фактар – чым старэйшы чалавек, тым часьцей яго непакоіць адзінота.
Вынікі 2017 году: скарачэньне насельніцтва, праца на склад, зьніжэньне ўраджаю бульбы
Стрэс здымаюць тэлевізарам, відэа і музыкай, а не гарэлкай
Якім чынам беларусы здымаюць стомленасьць і напружанасьць? На першым месцы – прагляд тэлеперадач, відэа, слуханьне музыкі. Такімі сродкамі карыстаюцца 56% насельніцтва. На другім месцы — сон, на трэцім – зносіны зь блізкімі. Цікава, што на апошніх месцах для зьняцьця стрэсу знаходзяцца алькаголь — 3,4% і наведваньне тэатру і кіно — 1,9%.
Піць сталі меней
Што тычыцца ўжываньня алькаголю наагул, то, паводле намесьніцы старшыні «Белстату», яно летась у параўнаньні з 2011 годам скарацілася на 32%.
Беларусы алькаголь дзеляць на ўсіх, міжнародная статыстыка — толькі на дарослых
Курыць сталі таксама меней
У параўнаньні з 2011 годам колькасьць насельніцтва, якое паліць, скарацілася на 3,5%, з 26,7% да 23,2%. Прычым жанчыны цяжэй кідаюць гэтую звычку, колькасьць курыльшчыц скарацілася толькі на 0,8%.
Беларускамоўныя «пужалкі» на цыгарэтах сталі абавязковымі
Рэжыму харчаваньня прытрымліваецца менш як траціна насельніцтва
На пытаньне, чаму людзі не прытрымліваюцца здаровага рэжыму харчаваньня, адказы розныя. На першым месцы — адсутнасьць звычкі, на другім — адсутнасьць часу, на трэцім – нізкія фінансавыя магчымасьці.
У Беларусі каля 30% дзяцей маюць лішнюю вагу
Амаль усе лічаць фізкультуру сродкам для здароўя, але шмат хто яе пазьбягае
96% жанчын і 95% мужчын лічаць, што заняткі фізкультурай і спортам дапамагаюць умацаваньню здароўя. Аднак канкрэтна займаюцца спортам і фізкультурай толькі 28% жанчын і 26% мужчын. У астатніх існуюць тры асноўныя прычыны, празь якія яны не пераходзяць ад словаў да справы. Гэта адсутнасьць вольнага часу (35,7%), адсутнасьць жаданьня (27,2%), лянота (12,9%).