Беларускі ўрад будзе разглядаць абмежаваньне продажу алькаголю з 21 году, перадае БЕЛТА. Раней міліцыя праводзіла апытаньне: ці пакінуць цяперашняе абмежаваньне з 18 гадоў, ці ўвесьці з 20 або з 21 году.
Пра намер «дадаткова вывучыць пытаньні» забароны на продаж алькаголю з 21 году гаварылі на паседжаньні Міжведамаснай рады па фармаваньні здаровага ладу жыцьця на чале зь віцэ-прэм’ерам Васілём Жарко.
Там адзначылі, што неабходна істотна скараціць даступнасьць алькаголю. Акрамя абмежаваньня на ўзрост, «дадаткова вывучаць» прапановы скараціць колькасьць дазволеных месцаў для гандлю алькаголем, пытаньні якасьці і асартымэнту беларускага віна, а таксама ўдасканаленьне рэабілітацыі залежных ад алькаголю.
Сілавікі прапанавалі, Лукашэнка сумняваўся
Міністэрства ўнутраных справаў раней праводзіла апытаньне пра антыалькагольныя захады: ці ўводзіць больш жорсткія ўзроставыя абмежаваньні, ці забараняць продаж на аўтазапраўках, ці выносіць алькаголь у асобныя залі ў крамах і ці абмяжоўваць продаж уначы.
Вынікі апытаньня на сайце МУС не прыводзяцца, але ў апытаньнях у ВК-суполцы МУС на момант публікацыі 46,8% прагаласавалі супраць больш жорсткіх узроставых абмежаваньняў (42,9% – за абмежаваньне з 21 году, 10,4% – з 20); 51,2% – супраць начных абмежаваньняў на продаж (астатнія амаль па-роўнаму за абмежаваньне з 22 вечара і з 23 вечара), 48% супраць абмежаваньняў на АЗС (35,8% за поўную забарону, 16,2% – за забарону моцнага алькаголю), але 63,3% – за вынясеньне алькаголю ў асобныя аддзелы ў крамах тых ці іншых памераў.
Ці абмяркоўваліся на паседжаньні ўрадавай камісіі іншыя прапановы МУС, акрамя ўзроставых абмежаваньняў, не паведамляецца. Аляксандар Лукашэнка 8 сьнежня абяцаў новыя захады ў барацьбе з п'янствам, але дадаваў: упэўнены, што толькі забаронамі праблему ня вырашыць.
Беларусы сапраўды шмат выпіваюць
Беларусы застаюцца аднымі з самых пітушчых у сьвеце. Паводле афіцыйнай беларускай статыстыкі, сярэднестатыстычны беларус (дзеляць на ўсіх, у тым ліку на немаўлятаў) спажывае 8,8 літра ўмоўнага чыстага сьпірту на год, а паводле міжнароднай статыстыкі (дзеляць толькі на старэйшых за 15 гадоў) — больш як 16 літраў сьпірту на год. Беларусь заняла 4-е месца ў рэйтынгу самых нездаровых краінаў сьвету — пасьля Чэхіі, Расеі і Славеніі.
Толькі 1 зь 5 беларусаў цэлы месяц ня піў алькаголю.
Са 160 тысяч алькагольна залежных штогод 8 тысяч адпраўляюць у прафілякторыі. На алькаголь прыпадае амаль 10% ад агульнага гандлю ў краіне.