У Беларусі, як і амаль па ўсім сьвеце (акрамя Паўночнай і Паўднёвай Карэі), людзі гуляюць у новую гульню з элемэнтамі дапоўненай рэальнасьці Pokemon GO. Хоць яна яшчэ афіцыйна ня выйшла ў Беларусі, яе можна неафіцыйна ўсталяваць на Android, а на iOS — спампаваць з App Store, завёўшы амэрыканскі Apple ID.
Як злавіць пакемонаў у рэзыдэнцыі Лукашэнкі і ў КДБ
І пакемоны ў Беларусі ловяцца дзе заўгодна: у храмах, на могілках, будоўлях, ля будынкаў КДБ і адміністрацыі Лукашэнкі... Пры гэтым гульня прапануе карыстацца камэрай смартфона: выявы віртуальных пакемонаў у працэсе гульні накладаюцца на рэальную выяву, якую здымае камэра.
Некаторыя месцы ў Беларусі забаронена фатаграфаваць. Дакладней, міліцыя ня раз спасылалася на сьпіс забароненых для здымак абʼектаў, але гэты сьпіс нікому ніколі не паказвалі.
Ці стануць затрымліваць і штрафаваць лаўцоў пакемонаў пад «прэзыдэнцыяй» (так сама гульня называе рэзыдэнцыю Лукашэнкі на Карла Маркса, 38) і КДБ? Прэс-сакратар менскай міліцыі Аляксандар Ластоўскі кажа:
«Пытаньне такое... дастаткова складанае. Мне цяжка сказаць, як будзе трактавацца дадзенае дзеяньне. Я б ня стаў, дапусьцім, у мэтах асабістай бясьпекі ў тым ліку. Ня стаў бы на тэлефон здымаць гэтыя будынкі. Але мне цяжка сказаць».
Атрымаць сьпіс забароненых абʼектаў і даведацца, якая вызначаная адказнасьць за іх фатаграфаваньне, журналістам не ўдалося. А прававы акт, які тычыцца правоў грамадзянаў, павінен быць афіцыйна апублікаваны і занесены ў рэестар.
Зрэшты, чыста тэхнічна гульня ў Pokemon GO — не фатаграфаваньне, выявы не захоўваюцца ў памяці аўтаматычна. Тым ня менш, калі ўявіць, што выкарыстаньне камэры падчас гульні ў «пакемонаў» прыраўняюць да фатаграфаваньня, то можна атрымаць наступны сьпіс.
Дзе нельга лавіць пакемонаў (забарона зафіксаваная ў законах і пастановах):
— У месцах, куды доступ звычайным грамадзянам абмежаваны альбо забаронены з прычын аховы дзяржаўнай таямніцы.
— На вайсковых і рэжымных абʼектах.
— На борце самалёта і на фоне самалётаў у аэрапорце.
— У час праходжаньня памежнага кантролю.
— У судах падчас працэсу без дазволу суду.
— У папраўчых установах без дазволу адміністрацыі.
— У бібліятэках і музэях без дазволу адміністрацыі.
— У казіно і залях гульнявых аўтаматаў без дазволаў ад арганізатараў і ўдзельнікаў гульняў.
— У мэтро, на магістральных трубаправодах і іншых рэжымных абʼектах.
— У амбасадах.
Дзе лепей не лавіць пакемонаў (забароны не зафіксаваныя, але гучаць у вуснай форме):
— Унутры і каля адміністрацыйных будынкаў, міністэрстваў, рэзыдэнцыяў Лукашэнкі, Акадэміі навук, Дому ўраду, КДБ.
— На фоне міліцыянтаў і супрацоўнікаў спэцслужбаў пры выкананьні службовых абавязкаў.
— На вакзалах і аэрапортах у месцах, адкрытых для вольнага наведваньня.
— У кінатэатрах падчас трансьляцыі фільма.
— У цэрквах, касьцёлах і іншых рэлігійных абʼектах.
Што за гэта будзе?
Гэта невядома. Звычайна, калі міліцыя спасылаецца на забарону фатаграфаваньня, то просіць выдаліць здымкі. Але бывалі выпадкі, калі беларусаў затрымлівалі за фота, трымалі ў аддзяленьні і праз пэўны час адпускалі.
Могуць існаваць і штрафы за фатаграфаваньне забароненых абʼектаў, але яны пакуль не ўжываліся. Затое існуе адказнасьць за непадпарадкаваньне законным патрабаваньням міліцыі.
Ня раз бывалі выпадкі, калі грамадзяне сьцьвярджалі, што ім прыпісвалі нецэнзурную лаянку і дробнае хуліганства, калі нібыта не маглі аштрафаваць за нешта іншае.
Дзе можна лавіць пакемонаў (забароны абвяшчаюцца, але яны не законныя):
— У крамах і гандлёвых цэнтрах.
— У барах, клюбах, рэстарацыях.
— У банках.
— У ЗАГСах.
— Ва ўстановах аховы здароўя.
— На стадыёнах.
— На фоне іншых людзей у грамадзкіх месцах (калі толькі пад выглядам гульні ў пакемонаў вы не захоўваеце фота, якія раскрываюць асабістую і сямейную таямніцу).
Але нават у дазволеных месцах варта не забываць пра асабістую бясьпеку: віртуальныя пакемоны могуць завесьці гульца на рэальныя аўтамабільныя дарогі, чыгуначныя каляіны, будоўлі, у адчыненыя люкі, у вадаёмы або ў крымінальныя раёны.
Як адключыць камэру ў Pokemon GO
Падчас лоўлі пакемонаў ці баёў за арэны ў правым верхнім куце экрана зьяўляецца пераключальнік «AR». У гульні гэта не тлумачыцца, але пераключальнік выключае камэру і пераключае працэс гульні ў віртуальны рэжым (AR — Augmented reality, дапоўненая рэальнасьць). Таму, калі вы хочаце злавіць пакемона побач з КДБ, адключайце рэжым AR — пакемон нікуды не ўцячэ, а гульня ня будзе патрабаваць выкарыстаньня камэры.