Беларускі моўны этыкет: як віншаваць з днём нараджэньня

Палітычнаму вязьню Яўгену Васьковічу пішуць віншаваньні з днём народзінаў. 2016 г.

Сьцісла:

  • Віншаваньні з днём нараджэньня — складнік нацыянальнай традыцыі. Ангельскае Happy Birthday to You, польскае Sto lat! — і воклічы, і сьпевы.
  • Традыцыя гэтая даволі новая. Вялікім сьвятам у нашых продкаў былі радзíны (нарадзíны), само зьяўленьне новага чалавека.
  • Імяніны — дзень сьвятога/сьвятой, імем якога названы чалавек; гадавіну нараджэньня называюць імянінамі часьцей за ўсё ўмоўна.
  • Выраз дзень нараджэньня / народзінаў нядаўні і таму варыянтны.
  • Беларусы ўжываюць віншавальныя воклічы і сьпевы „Многая лета“ (царкоўнаславянізм з усходнехрысьціянскай літургіі), „Сто год“ (пераклад польскага сьпеву).
  • Ёсьць попыт на ўласнабеларускія віншавальныя сьпеўныя воклічы. Л. Пранчак і М. Сацура напісалі песьню „Сто гадоў“.
  • С. Сокалаў-Воюш стварыў напевы з ключавымі словамі „Жыві доўга“.
  • Зычэньні, прыдатныя на дзень народзінаў, ёсьць у фальклёрнай спадчыне: „Доўгага веку добраму чалавеку!“

Сучаснаму расейскамоўнаму беларусу лягчэй вяртацца да беларускае мовы дзеля сьвяточнае нагоды (арнамэнтальная/дэкаратыўная функцыя мовы бывае карыснай — потым, можа быць, ён загаворыць і ў будзень). Адна з нагодаў — дзень нараджэньня.

Ангельскамоўныя народы маюць усім вядомыя вокліч і песьню (яна аўтарская, не народная):

Галасы Beatles ні з кім ня зблытаеш.

Суседзі палякі адмерваюць чалавеку дакладную колькасьць гадоў. Дарэчы, таксама аўтарскі твор:

А мы? Ці маем адпаведныя віншавальныя формулы, гуканьні, сьпевы?

Перш павінны адбыцца радзíны

Вялікім сьвятам у нашых продкаў былі ўласна радзíны, ушанаваньне зьяўленьня на сьвет новага чалавека. Абрад архаічны, у ім мноства рытуальных дзеяньняў з вадой, вяроўкамі, лазьняй... І радзінныя песьні. А ў нядзелечку спараненечку:

Словы народныя, музыка Ігара Лучанка паводле народных матываў. „Песьняры“, саліст Анатоль Кашапараў.

Слова радзíны (нарадзíны), як і іншыя назвы абрадаў і рытуалаў, мае форму множнага ліку: хрысьціны, або хрэсьбіны, улазіны або ўваходзіны ў новы дом, агледзіны (падчас сватаньня), запоіны, заручыны — перад вясельлем.

Націск нарадзíны ў слоўніку Некрашэвіча — Байкова 1928 г., так і ў старэйшых клясыкаў — Багушэвіча, Ластоўскага, таксама ў Арсеньневай, Глыбіннага. Нарóдзіны ў Караткевіча, Карамазава, Быкава. Настойваў на такім варыянце мовазнаўца, спэцыяліст у культуры мовы Павел Сьцяцко. У цяперашняй моўнай практыцы ён больш пашыраны.

Двухсэнсоўныя імяніны

Сама па сабе чарговая дата нараджэньня не адзначалася як сьвята ў народнай традыцыі. Хіба што на Вялікдзень першага году баба-павітуха прыносіла малому сымбалічны падарунак:

Палажыла я пяць яец, каб на другі год быў сын-маладзец!

Імяніны ў дахрысьціянскую эпоху — пасьвячэньне ў дарослыя з наданьнем новага імя. А потым дзяцей часта называлі імем хрысьціянскага сьвятога ці сьвятой, у чый дзень яны нарадзіліся. Тады дзень нараджэньня супадаў з імянінамі сьвятога. У старой Беларусі імяніны адзначалі пераважна манархі ды людзі вышэйшых сацыяльных станаў:

Як трыюмф быў на сьвятога Яна, імяніны кралеўскія, далі ім залатых сем (1688)

Здаўна і ў гаворках, і ў літаратурнай традыцыі слова імяніны ўжываецца як сынонім „дня нараджэньня“, хоць апошні з днём сьвятога апекуна супадае далёка не заўсёды. Ёсьць і вытворныя словы:

Ты сядні мяніньнік, дык і частуй нас гарэлкаю (запісаў Іван Насовіч). Жаночая форма — мяніньніца.

З днём нараджэньня! — Да пабачэньня!

Сёньня чарговыя гадавіны жыцьця чалавека называюць гістарычна новым (і сухаватым, праўду кажучы) выразам — дзень нараджэньня. Або дзень народзінаў. Віншаваньне дарослага чалавека „з народзінамі / нарадзінамі“ — нефармальнае, гэта мэтафара.

„Крамбамбуля“ (рукамі Лявона Вольскага) ў вядомай песьні зарыфмавала „стандартнае“ сучаснае віншаваньне з нэўтральнаю формулаю разьвітаньня:

— Даражэнькая, з днём нараджэньня!
— Даражэнькі, да пабачэньня!

Школьна-правапісная заўвага. Выразы „дзень нараджэньня“, „дзень народзінаў“ пішам з малой літары. Гэта не нацыянальныя сьвяты, нават калі дзень нараджэньня адзначае які-небудзь высокі начальнік.

А што пяяць, каб было нефармальна?

Для беларусаў Падляшша пытаньня няма. „Многая лета“. Традыцыйная царкоўная музыка (з уплывам народнай). Гэтаму сьпеву вучаць з маленства. Дзіцячы садок у Бельску Падляскім. Чуваць, што сьпяваюць беларусы, гук [Г] фрыкатыўны:

Аднак словы „многая лета“ — не беларускія, а царкоўнаславянскія, у мове старадаўніх паўднёвых славянаў „мъногаꙗ лѣта“ азначала ‘многія гады’, выраз ужываўся і ўжываецца ва ўсходнехрысьціянскай багаслужбе. Гэта калька з грэцкага „εἰς πολλὰ ἔτη“ — ‘многія гады’, „εἰς πολλὰ ἔτη Δέσποτα“ — у праваслаўнай літургіі зычэньне (ня дэспату, а архіярэю; ад грэцкага выразу паходзіць расейскае слоўца „исполать тебе, детинушка“).

На „Многая лѣта“ напісана мноства музычных твораў, найбольш вядомая мэлёдыя належыць украінцу Дзьмітрыю Бартнянскаму. Зьявілася ўкраінская традыцыя велічальнага сьпеву „Многая літа“, якую ў савецкі час зьберагала дыяспара.

Нядаўна зацьверджаны гімн Віцебску, тэкст якога напісала адна з кіраўніцаў праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі па-расейску, на беларускую перакладзены з памылкамі (накшталт “Залатых купалоў ціхі свет”), мае ўсходні вобразны крэн і перагукаецца з гімнам БССР: Нас аб’яднала і доля, і мэта, Віцебску многая, многая лета!

Але небеларуская граматычная будова звароту „Многая лета“ абмяжоўвае яго натуральнасьць у беларускай мове. Ён мае веравызнаўчую пазначанасьць, яму складана стаць агульнапрынятым у гістарычна шматканфэсійным беларускім народзе.

Бывае, што на вядомую польскую мэлёдыю Sto latбеларусы сьпяваюць „Сто год“.

Сто гадоў

І ўсё ж ёсьць попыт на непаўторна беларускі віншавальны зварот і адпаведную песьню. Творцы рэагуюць.

Паэт Леанід Пранчак і кампазытар Мікалай Сацура напісалі песьню пад „граматычна альтэрнатыўнай“ назвай „Сто гадоў“, а выканалі яе ў стылі поп-фольк „Сябры“:

Сто гадоў, сто гадоў, сто гадоў
І ніводнага зь іх не тужыць,
Сто гадоў, сто гадоў, сто гадоў
Вам у шчасьці і радасьці жыць.

Песьня прыжылася, яе чуваць на юбілеях, але папраўдзе ня ведаю, ці выгукаюць „Сто гадоў!“ самыя людзі.

Жыві-жыві доўга!

Паэт і бард Сяржук Сокалаў-Воюш стварыў два варыянты звароту і песьні на дзень народзінаў. Першы заканчваецца віншавальнымі радкамі

Хай [Андрэйка] жыве доўга,
Хай ня лічыць ён гадоў! Га!

— і гэтае „Га!“ маюць дружна выгукнуць усе віншавальнікі.

(Унівэрсальны варыянт другога радка для мужчын і жанчын — „Хай [Гануля] жыве доўга / ды ня лічачы гадоў! Га!“)

Рэмбрант ван Рэйн. „Лісоўчык“. Каля 1665 г.

Другое сьпяванае зычэньне доўгіх гадоў Сокалаў-Воюш уклаў у альбом „Лісоўчыкі“ пра колішнюю беларускую лёгкую коньніцу на чале з палкоўнікам Аляксандрам Лісоўскім, якая ў XVII ст. наводзіла жах на Маскоўскую дзяржаву. Ёсьць нават карціна Рэмбранта „Лісоўчык“.

Гэтая песьня — пра падзяку простых маскоўцаў за вызваленьне ды пра дзякаваньне лісоўчыкаў адзін аднаму:

Жыві, жыві доўга, дакуль, пакуль табе досыць,
а далей столькі, колькі цябе папросяць.

Your browser doesn’t support HTML5

Сяржук Сокалаў-Воюш. „Жыві-жыві доўга“

Аўтар патлумачыў: ён не хацеў закладаць у зычэньне ані канкрэтнай лічбы гадоў, ані гадоў безадносна доўгіх; жыві, бо сам хочаш і бо ты патрэбны людзям. Падыход, блізкі да народных зычэньняў.

Народная мудрасьць заўсёды падкажа

Традыцыйныя народныя зычэньні даўгалецьця гістарычна не зьвязаныя з днём народзінаў (яны, як правіла, у жанры тосту):

  • Каб табе шмат гадоў смачна спалася й лёгка ўставалася (паводле Фёдара Янкоўскага)
  • Каб ты цэлы век весяліўся!
  • Няхай вам Бог дасьць як найдаўжэй пажыць!
  • Прадоўжы, Божа, веку добраму чалавеку

Тры апошнія прыклады запісаў Міхал Фэдэроўскі на Ваўкавышчыне. З таго рэгіёну падобных запісаў шмат — ня ведаю, ці вынікае гэта з асаблівай працягласьці жыцьця мясцовых людзей, але прыемна чуць такія зычэньні. Можна іх і крыху мадыфікаваць, напрыклад:

Доўгага веку добраму чалавеку!

І не забыцца павіншаваць тых, каму цяпер цяжэй за ўсё.