Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У беларусаў апошняя чарка — адна. Як яна называецца?


Спэцыфічны разьвітальны рытуал у розных народаў пазначае заканчэньне бяседы (нагадаю, што па-беларуску бяседа абазначае застольле). Ансамбль з гэтаю назваю пры Беларускай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі выконвае ўсюдыісную песьню з такім рэфрэнам:

Чарка на пасашок
На марозе кажушок.
А за ёй чарговая
Чарка аглаблёвая.

У тым, што гэта не фальклёр, сумневу не пакідаюць далейшыя радкі:

Эх, славянскае жыцьцё
Стрэчы ды расстаньнi.
Пасьля чаркi забыцьцё,
Потым — пакаяньне.

Пра гэткае „славянскае“ жыцьцё беларускі народ дакладна песень не складаў, гэта аўтарскі твор (верш А. Лягчылава, музыка А. Балотніка).

Разьбярэмся са зьместам рэфрэну. Па-першае, зашмат — як на беларускі звычай — разьвітальных чарак (мае быць адна). Па-другое, ёсьць пытаньні да ўжытых у ім назваў.

Пасашок — гэта булачка, а ня тое, што вы падумалі!

На посошок — так казалі й кажуць у Расеі.

Сьведчыць Уладзімір Даль:

Посох, шуточное. Третья рюмка вина на прощанье: первая на праву, вторая на леву ногу; третья на посох: надо, не захромал бы! Посошок (костромское) — то же.

І сучасныя расейскія дыялектолягі у значэньні разьвітальнага пачастунку фіксуюць слова посошок, прыкладам, у вясельных абрадах пад Калугаю.

Кабак
Кабак

Слова посах — ад сахі, рассохлай галіны — вядомае і беларускай мове, але нават у 6-тамовым Тлумачальным слоўніку, які русізмаў не цураецца, посах значыць толькі ‘доўгі кій’ (у тым ліку жазло ў сьвятара) і падаецца бяз прыкладаў.

На Тураўшчыне гэта яшчэ і прылада, якою заганяюць рыбу ў сетку, на Гомельшчыне посахам завуць наседжанае яйка. Беларускія дыялекты, здаецца, ня ведаюць слова пасашок у значэньні ‘чарка’.

З адным выняткам — на крайнім усходзе беларускамоўнага абшару, дзе моцны ўплыў расейскае стыхіі, дасьледнікі запісвалі на мяжы XIX і XX стагодзьдзяў такое значэньне: Посошокъ — послѣдняя прощальная рюмка. Ну, ужъ выпій пасашокъ, нильзя такъ ѣхать (Смаленскі павет. У. Дабравольскі, Смоленскій областной словарь, 1914 г.).

Але пазьнейшыя дыялектолягі адзначаюць на той самай Смаленшчыне словы посóх, посошóк у значэньні маленькіх сьвяточных булачак ці піражкоў, а ня чаркі.

Словарь смоленских говоров. Выпуск 8. Смоленск, 1998
Словарь смоленских говоров. Выпуск 8. Смоленск, 1998

Што да літаратурнае мовы, то не пакідае сумневаў той жа афіцыйны „Руска-беларускі слоўнік“: расейскі посошок у жартоўным значэньні — па-беларуску там адыходная, выпіць на дарогу адыходную.

Словы для рытуалу расстаньня (калі разыходзяцца ці разьяжджаюцца) у Беларусі шматстайныя: адыходзіны, адыходак, ад’яжджаньне. Адпаведная чарка можа называцца формулай на адыходак і пад. У Івана Насовіча (жывая народная мова ХІХ ст.) — на расхожую, на расхажку. Народны тост — Годзе, годзе: трэба выпіць на расходзьдзе! На паўночным усходзе, на Полаччыне і Падняпроўі, скажуць хутчэй на дарожку.

Дылема „транспартам ці пехатой“ як выбар нацыянальнай ідэнтычнасьці

Але цікавейшыя вобразныя назвы гэтай самай разьвітальнай. Рыгор Барадулін пра мову сваёй Вушаччыны:

На адыходзіны капытковую выпіць ня шкодзіць.

Капытковую да дна!

Дзядзька Рыгор слова ня выдумаў: у рэгіёне падобныя бытуюць. Кажа дзяўчына, род якой зь Сянна: Пакуль гэтыя госьці ад’яжджаюць, пакуль пап’юць усіх гэтых падкапытных...“ (запіс С. Сокалава-Воюша).

Яшчэ Барадулінаў выраз з Вушаччыны: Адхадную пілі на пужку, каб пуга добра каня падганяла.

А што наконт аглаблёвай?

Міхась Скобла ў даўнім тэксьце на тэму ў „Слоўніку Свабоды” таксама палемізуе з вышэйзгаданай песенькай пра „пасашок-кажушок” і ў палемічным запале шчодра аддае аглаблёвую ўсходнім суседзям. Але ў расейскай мове само слова такое наўрад ці магчымае. Там оглóбля заканамерна ўтварае прыметнік оглóбельный, і оглóбельная бывае толькі крытыка палітычна няправільных пісьменьнікаў і навукоўцаў, але ня чарка.

А ў нас аглабля́ — аглаблёвы, заканамерна ўтвораны прыметнік, і аглаблёвую чарку ведаюць амаль па ўсёй краіне. Яе ўпамінаюць пісьменьнікі з розных рэгіёнаў — ад Л. Левановіча з усходніх Касьцюковічаў і А. Бароўскага з паўднёвае Мазыршчыны да Ўладзімера Пецюкевіча з паўночнай Браслаўшчыны, Анатоля Клышкі з Наваградчыны (у яго варыянт аглабельная) і Адама Мальдзіса з паўночна-заходняй Віленшчыны:

— Час позьні ўжо. Зараз і першыя пеўні засьпяваюць.

— Ага, дадому пара.

— Тады па астатняй, па аглаблёвай.

...Услед за Дайнаровічамі і Лакуціеўскімі паступова ўсе, нават няцьвёрды ў нагах Сыракомля, выйшлі ў сені. Па старадаўняму звычаю гаспадар вынес туды аглаблёвыя кілішкі.

(Адам Мальдзіс. Восень пасярод вясны)

Уладзіслаў Сыракомля ў вобразе „лірніка вясковага“
Уладзіслаў Сыракомля ў вобразе „лірніка вясковага“

Запомнім: Адам Мальдзіс уклаў Сыракомлеваму шляхоцкаму асяродзьдзю ў вусны аглаблёвую.

Аляксандар Арлоўскі (1777—1832). Бяседа ў Радзівілаў
Аляксандар Арлоўскі (1777—1832). Бяседа ў Радзівілаў

Суседзі палякі дагэтуль п’юць strzemiennego. Ужывалі падобнае таксама казакі. Але тост гэты ведалі і ў нас. Страмянáя — ставячы нагу ў стрэмя. Выраз у нашай традыцыі вядомы акурат ад Уладыслава Сыракомлі („Дарога зь Вільні ў Ашмяну“; відаць, пісьменьнік усё ж разьмяжоўваў страмяную і аглаблёвую залежна ад сытуацыі) ды з шляхоцкіх мэмуараў.

Страмёны
Страмёны

Як бачым, капыток, пужка, аглабля, стрэмя — усё конна-транспартныя атрыбуты. А суседзі-ўкраінцы разьвітваюцца з госьцем самым відавочным конскім тостам: На коня!

Таму на расейскіх сайтах жартуюць: і беларусы, і ўкраінцы, і палякі разьяжджаюцца хто на калёсах, хто на кані, а яны самі пехатой ды з кіёчкам.

Конная таксоўка. Віцебск. Фота «Белсат»
Конная таксоўка. Віцебск. Фота «Белсат»

Хаця, відаць, і некаторыя беларусы ня грэбавалі пехатой. І сваё тое эсэ Міхась Скобла назваў „Расхадуха”, і раскошны тост зьвершаваў: Узьніміце чарку-"расхадуху за веліч і сілу беларускага духу. Гэтае ж слова ўжываў Янка Брыль у сваіх абразках: „Упершыню пачуў тут, калі сядзелі за сталом, што апошняя чарка называецца расхадуха“. Ёсьць яно ў згаданага Анатоля Клышкі, у ягоным вольным пераказе нямецкіх народных казак пра недарэкаў-Шыльдбюргераў:

...Праўду казаў мой дзед: ня пі, а асабліва першай чаркі.
Шыльдбюргеры гэтай мудрай парады ня ведалі ... і таму ладна надзюбаліся. Бо была розная чарка — і кругавая, і медавая, і расхадуха, і падскакуха, а пасьля і паваліха, і пакаціха. А як хапілі аглабельную, дык толькі праз гадзіны тры ачомаліся.

(І не маглі разабраць ногі, бо былі ў аднолькавых штанах, а дапамагчы высьветліць, дзе чыя нага, мог толькі ладны ўдар дубцом па ёй.)

Пералік і назвы чарак тут аўтарства А. Клышкі.

Міхась Скобла абвясьціў расхадуху агульнабеларускім разьвітальным тостам. Праўда, я заўважыў, што ўсе аўтары, якія ўжываюць выраз расхадуха, — з аднаго рэгіёну: Брыль і Клышка з Наваградчыны, Скобла з Зэльвеншчыны. Але хай сабе будзе і такі рэгіянальны ўнёсак у нацыянальную лексычную скарбніцу.

Анатоль Клышка ў эсэ, прысьвечаным посуду для піцьця, дае яшчэ адзін назоў разьвітальнай чарцы -- „на рукавiцы“:

Гэта ўжо напрыканцы бяседы, пасьля чаркi-пакатухi або калi п’ецца разьвiтальная „на рукавiцы“ або „аглабельная“, усялякi посуд можа страцiць выразныя абрысы, i ня толькi кiлiшак, а нават шклянка можа сысьцi за чарку.

Зычу ўсім чытачам, каб такога зь імі ня здарылася. ​

Падсумуйма:

1) беларуская разьвітальная чарка — АДНА.
2) вобразная назва на густ, транспарт і настрой:
аглаблёвая
капытковая
на пýжку
страмяная (гіст.)
на рукавіцы (узімку)
3) апісальная назва: — расхадуха, адыходная, на адыходак, на дарожку, на расходзьдзе

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG