Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія звароты і тытулы. Як павіншаваць Парашэнку і Дона Фэліпэ?


Мікола Гусоўскі і Бона Сфорца
Мікола Гусоўскі і Бона Сфорца

Якое ж было і ёсьць месца правасхадзіцельства ды іншых тытулярных русізмаў у беларускай моўнай практыцы? Піша Вінцук Вячорка

Н е м е ц. (падышоўшы блізка да Мікіты і прыглядаючыся да формы). О-о! Што я бачу? Рыхтык рускі генэрал. (Набок.) Але хоча дурня клеіць, каб выкруціцца ад палону. (Беручы «пад казырок».) Ваша правасхадзіцельства! Я вас павінен, як верны нямецкі салдат, забраць у палон, бо вы рускі генэрал.



Янка Купала. Тутэйшыя


Так, «грукнулі сенцы - завіталі немцы», у вуснах няўмольнага служакі Ваша правасхадзіцельства загучала як апошні прысуд, і галоўны герой «Тутэйшых», беларускі геній адаптацыі да ўсіх рэжымаў Мікіта Зносак з астатніх сіл імкнецца стрэсьці зь сябе праклён гэтага правасхадзіцельства.


Якое ж было і ёсьць месца правасхадзіцельства ды іншых тытулярных русізмаў у беларускай моўнай практыцы?

***

Звароты й тытулы — істотныя моўныя маркеры нацыянальнай прасторы. Сыстэма зваротаў і тытулаў звычайна адметная нацыянальна або прынамсі сьведчыць пра належнасьць нацыянальнай традыцыі да пэўнага цывілізацыйна-культурнага арэалу.

Не пайшлі рукою найноўшыя спробы раскалоць беларускі народ — проціпастаўляючы то ўяўныя чатыры калёны пятай, то «ліцьвіноў» «беларусцам», то шляхту сялянству. Гісторыя Беларусі пакручастая, і людзі з розных сацыяльных пластоў, бывала, і здраджвалі свайму народу, і ратавалі нашую нацыянальную будучыню. Нехта перамагаў у бітвах, а нехта зьберагаў мову.

Нам трэба рэканструяваць або ствараць наноў погляд на Беларусь ды інструмэнты беларускага жыцьця ня толькі сялянскага. Быў час, калі наша мова без праблемаў абслугоўвала ўсе пласты грамадзтва, у тым ліку дыпляматычны і дворны пратакол, а значыць, зусім не канечне нам пазычаць пратакольную лексыку ў суседзяў — гістарычна апошніх акупантаў.


Пачнем з манархаў

Прынц Фэліпэ і Кароль Хуан Карлас
Прынц Фэліпэ і Кароль Хуан Карлас

Акурат Хуан Карляс І дэ Бурбон сыходзіць, будзе новы кароль Гішпаніі Фэліпэ, давядзецца віншаваць (нават калі ад яго ўцячэ Каталёнія). А як пачаць віншаваньне?


Многім адразу прыйдзе ў галаву «ваша вялікасьць», замацаваная ў тысячах штампаў раённых газэтаў: «яе вялікасць песня», «яе вялікасць кніга», «яго вялікасць хлеб» (гэта пад Дажынкі).


Але ў старабеларускай мове, пры жывых нашых манархах, слова вялікасьць не было іхным тытулам. Яно азначала мноства, велічыню, веліч («указаў есьць нам Гасподзь Бог наш вялікасьць і славу сваю» — Скарына).

У беларускі казачны фальклёр трапіла слова вялічаства:
  • Добры дзень, ваша вялічаства-вымператарства!
  • Добры дзень, каток!

Усе пазнаюць: гэта «Кот Максім», сюжэт якога агульнаэўрапейскі («Кот у ботах» Ш. Пэро). Але паколькі Беларусь 145 гадоў пабыла пад Расейскай «вымпэрыяй», то і тытулы цароў апошняй праніклі ў народную сьвядомасьць. Аднак сваіх манархаў, якія не цары, мы мелі значна даўжэй — толькі ВКЛаўскіх шэсьць вякоў. Іхныя тытулы не маглі не застацца ў народнай памяці ды ў мове.
Малюнак да кнігі Шарля Пэро "Кот у ботах"
Малюнак да кнігі Шарля Пэро "Кот у ботах"


Слова вялічаства (закансэрваваны царкоўнаславянізм), вяліцтва (зьбеларушчаная форма) таксама было ў старабеларускай моўнай практыцы. Абазначала якасьць — веліч: Бог правышні царства і вяліцтва, славу і чэсьць даў Наўходнасору (Сымон Будны).
Сымон Будны
Сымон Будны


Але паводле этыкету вялічаства ўжывалася толькі на экспарт — як тытул расейскага манарха:


…Пры бытнасьці ад іх міласьцей паноў паслоў вялікіх маскоўскіх, яго царскага вялічаства дваран і з перводчыкам на ратушу … ўзялі віна гарнец (1686).


Сваіх тытулявалі інакш:

…Былі тыя часы, найясьнейшы міласьцівы гаспадару каралю, калі ў том зграмаджэньню а паспалітаваньню людзкам, каторае мы Рэччу Паспалітаю называем, ня правам якім апісаным або статутам, але толька сваім зданьнем і ўпадабаньнем уладнасьць сваю гаспадары і каралі таго сьвета над людзьмі расьцягалі.


…Вашае каралеўскае міласьці пана, пана майго міласьцівага, найніжшы слуга і верны падданы Леў Сапега, падканцлеры Вялікага Княства Літоўскага.


Гэта зварот падканцлера ВКЛ Лява Сапегі да Жыґімонта ІІІ (па-нашаму ён лічыцца IV) Вазы з нагоды прыняцьця Статута ВКЛ. Берасьце, 1 сьнежня 1588 году Такім чынам — Ваша (Яго) Каралеўская Міласьць. (Таксама можа быць і Міласьцівы Гаспадар Кароль.) Тытул пацьвярджаецца мноствам дакумэнтаў: Гаспадар Кароль Яго Міласьць прыехаў з Кракава па каранацыі (1507), ліст Яго Каралеўскае Міласьці — унівэрсал на розныя акты (1675). Яго Міласьць стасуецца і манаршага пасаду Вялікага князя Літоўскага, Рускага etc.: Яго Міласьць Гаспадар Вялікі князь.
Жыгімонт Аўгуст і Барбара Радзівіл
Жыгімонт Аўгуст і Барбара Радзівіл


А ў народнай мове Яго Міласьць і Ваша Міласьць абжыліся нагэтулькі, што загучалі ягомасьць і вашмосьць, прычым зьвяртацца імі можна і не да караля, а да суседа і шанаванага сябра. «Ягамосьць» — так сябры назвалі кнігу прысьвячэньняў паэту Анатолю Сысу. Вашмосьць скарачаецца і далей. Насовіч фіксуе пачутае ў 1870-м:


Ва́шаць, -э́ці, мн. -ці, -цеў і -цей, займеньнік Вы (да аднае асобы). Ваша міласьць. Вашэцю, Вашэцеў пан прасіў к сабе. Вашэцім прывез па гасьцінцу. Аддаў бы Вашэці, Вашэцім, да сабе трэба. Я вашаць, і ты вашаць; хто ж нам хлеба напашаць. Прыказка.


Такі вось займеньнік pluralis maiestatis — «множнага шаноўнага» ліку.

З манаршымі дзецьмі, братамі й сёстрамі разьбіраемся хутчэй. [Royal] Highness адпавядае беларускай Высокасьці, якая была і ў старабеларускай практыцы.

А што рабіць рэспубліканцам?


Там, дзе манархаў ужо няма або будучая спадчынная манархія толькі зазначаецца, як быццам і тытулаў асаблівых ня трэба («У нас няма дваран!» — Кастусь Каліноўскі). Але бываюць фармальныя сытуацыі, калі прэзыдэнтаў, амбасадараў ды іншых (ясна)вяльможных людзей на пасадах трэ назваць тытулам адпаведнага рангу.

Гараднічы. А ва-ва-ва... ва...

Хлестакоў (такім самым голасам). Не расчую нічога, усё дурное.

Гараднічы. Ва-ва-ва... шасьць, дастойнасьць, ці не загадаеце адпачыць... вось і пакой, і ўсё, што трэба.

Гэта пераклад «Рэвізора», зроблены тонкім стылістам, чалавекам, які спалучыў у сабе «менскую» і «віленскую» моўныя традыцыі, — Антонам Адамовічам. У арыгінале было: «Ва-ва-ва… шество, превосходительство, не прикажете ли отдохнуть?.. вот и комната, и все что нужно».

Урывак са спэктаклю "Рэвізор":


Дастойнасьць як адпаведнік расейскаму превосходительству і лацінскай excellentia падаюць і Вацлаў Ластоўскі ў Расейска-крыўскім (беларускім) слоўніку 1924 г., і Сьцяпан Некрашэвіч і Мікола Байкоў у Расейска-беларускім слоўніку 1928 г. Апошнія, аднак, дадаюць і варыянт яснавяльможнасьць.

Тытулярны зварот дастойнасьць шырока ўжываецца ў беларускай мастацкай літаратуры. Прыкладам, у перакладзе «Прынца і жабрака» Маркі Твэна (Вільня, 1928). Пераклаў не абы-хто, а Макар Краўцоў, аўтар словаў нашага нацыянальнага гімну «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Праўда, дастойнасьць у тэксьце і графская, і рыцарская, і каралеўская; відаць, гэта больш адпавядае ангельскай dignity — годнасьці.

У расейскай мове ёсьць ерархізацыя: превосходительство — высокопревосходительство. (апошняе ў сучаснай практыцы бывае прэзыдэнцкім тытулам). Калі некаму спатрэбіцца аналягічная ярархія ў нас, то мова дае такую магчымасьць: вяльможнасьць (ст.-бел.: сабраўшыя за дазваленьнем Тваёй вяльможнасьці) — яснавяльможнасьць.


Разам з тым у сьвеце лацінскай традыцыі Excellentia ('вышэйшасьць, першынство'; анг. Excellency) адрасуецца і прэзыдэнтам, і прэм'ерам, і амбасадарам, і губэрнатарам, і некаторым высокім духоўным асобам і вайскоўцам.


Лацінская мова не зьвязаная ў нашай гісторыі з акупацыямі: рымляне ніколі не даходзілі да Беларусі, ну а потым і зусім зьніклі, пакінуўшы Эўропе мову навукі й дыпляматыі. Нічога кепскага ў тым, калі мы бярэм з гэтай lingua franca (міжнароднага сродку камунікацыі) даўняй Эўропы гатовыя тэрміны — ня толькі матэматычныя ці анатамічныя, але і дыпляматычнага этыкету. Калі сумнеў — сьмела ўжывайма зварот Ваша Эксцэленцыя.


Цяпер маем з чаго выбіраць, пішучы пятаму прэзыдэнту Ўкраіны пасьля інаўгурацыі. Дарэчы, я б напісаў у віншаваньні, што калі ён будзе прадаваць «Roshen», то каб забавязаў новага ўласьніка падпісваць экспартаваныя ў Беларусь цукеркі па-беларуску.

Пятро Парашэнка
Пятро Парашэнка



Канфэсійныя тытулы


Уваходзіць у гэтую далікатную сфэру рызыкоўна, бо кожная канфэсія на кожнай мове зьберагае і падкрэсьлівае сваю адметнасьць. Спробы стварыць агульную хрысьціянскую тэрміналёгію па-беларуску пакуль што ня надта паводзяцца.

Што відавочна для рэальна беларускамоўнага чалавека — дык гэта штучнасьць у беларускай моўнай плыні складаных царкоўнаславянізмаў (благорастворение воздухов і падобнае). Калі ў расейскай літаратурнай мове яны адыгралі вялікую стылеўтваральную ролю і засталіся, то ў старабеларускай царкоўнай (у тым ліку праваслаўнай) традыцыі была запанавала тагачасная жывая беларуская мова. Таму па-расейску царкоўнаславянізм высокопреосвященство гучыць натуральна і ўзьнёсла, а па-беларуску высокапраасвяшчэнства — фанэтычна цяжка і словаўтваральна падвісае.


Каб не нарвацца на кару ад якой-небудзь з цэркваў, ня буду дэталізаваць, скажу толькі, што найвышэйшыя ярархі — Папа, Патрыярх — па-беларуску мянуюцца Яго Сьвятасьць. Экзархі, тыя, хто з лаціны завуцца Эмінэнцыя (eminentia 'годнасьць') — кардыналы, архібіскупы ў беларускай традыцыі могуць тытулявацца Высокаправялебнасьць. Мітрапаліты і архібіскупы з лаціны могуць звацца Эксцэленцыя. Ёсьць у ярархіі Правялебнасьць, Вялебнасьць. Зрэшты, Сьв. Эўфрасіньня Полацкая — проста вялебная. У старабеларускай мове ярархаў розных роўняў называлі вялебнымі айцамі, як, напрыклад, вядомага Апанаса Філіповіча, пазьней кананізаванага праваслаўнаю царквою. Вялебны прыблізна адпавядае царкоўнаславянізму прападобны.

У царкоўнай тытулятуры дзівосным чынам спалучаюцца моўныя рэсурсы розных цывілізацыяў.


У грэка-каталіцкай традыцыі бытуюць лацінізмы і традыцыйная беларушчына. Гэтак архімандрыт Сяргей Гаек зьвяртаецца да кардынала Бэртонэ: Эмінэнцыя, Высокадастойны Ўладыка Кардынал Тарчызіё! А, скажам, у праваслаўнай царкве Польшчы Са́ва, мітрапаліт Варшаўскі і ўсяе Польшчы, тытулюецца па-беларуску царкоўнаславянізмам Яго Блажэнства.


А да прасьцейшых, штодзённых і таму больш патрэбных дэмакратычных зваротаў я шчэ абавязкова вярнуся.
  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG