У Адэсе дэмантавалі помнік савецкаму сьпеваку і актору Ўладзіміру Высоцкаму

Уладзімір Высоцкі (1938–1980)

У Адэсе ў ноч на 31 сьнежня дэмантавалі помнік савецкаму паэту, барду і актору Ўладзіміру Высоцкаму. Відэа дэмантажу апублікавалі ў сацсетцы.

Аб рашэньні зьнесьці помнік стала вядома ў канцы верасьня 2024 году. Тады ж гарадскі выканкам Адэсы пастанавіў прыбраць помнікі паэту Аляксандру Пушкіну, пісьменнікам Ісаку Бабелю і Максіму Горкаму.

Помнік Высоцкаму паставілі ў 2012 годзе каля будынка Адэскай кінастудыі, дзе Высоцкі зняўся ў васьмі мастацкіх фільмах, у тым ліку ў карціне «Месца сустрэчы зьмяніць нельга».

Ініцыятыва ўсталяваньня помніка належала былому дэпутату Вярхоўнай Рады Ігару Маркаву. Летам 2022 года яго абвінавацілі ў калябарацыянізме за падтрымку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.

Пасьля расейскага поўнамаштабнага ўварваньня ў лютым 2022-га ва Ўкраіне мяняюць назвы населеных пунктаў, вуліц, сквэраў і паркаў, а таксама прыбіраюць помнікі і мэмарыяльныя дошкі, зьвязаны з Расеяй або Савецкім Саюзам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве дэмантавалі помнік Пушкіну. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Замест Беларускай, Менскай, Берасьцейскай ва Ўкраіне зьявіліся вуліцы Каліноўскага, Жызьнеўскага, Скоблі і «Літвіна»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У горадзе Дніпры дэмантавалі помнік расейскаму навукоўцу Ламаносаву. ФОТА