Пра гэта паведамілі дэпутат Кіеўскай гарадзкой рады Дзьмітры Белацарковец і грамадзкі актывіст Алег Слабасьпіцкі.
Згодна з паведамленьнямі і відэа зь месца, помнік зьнялі з пастамэнту з дапамогай крана і пагрузілі ў машыну. Куды яго перамясьцілі — пакуль невядома.
Незадоўга да зносу, 10 лістапада, урад Украіны пастанавіў выключыць помнік зь Дзяржаўнага рэестру помнікаў культурнай спадчыны нацыянальнага значэньня. Апроч кіеўскага помніка, зь яго выключылі помнікі Пушкіну, усталяваныя ў Жытоміры, Харкаве і Адэсе.
Апроч іх, ахоўнага статусу пазбавіліся:
- помнік Шчорсу ў Кіеве,
- помнік князю Варанцову ў Адэсе,
- помнік палкаводцу Сувораву ў Ізмаіле Адэскай вобласьці,
- помнік адміралу Ўшакову ў Херсоне,
- мэмарыяльны комплекс «Тарашчанец» у Кіеве,
- мэмарыяльны комплекс «Украіна — вызваліцелям» у Ужгарадзе,
- магіла савецкага генэрала Ватуціна ў Кіеве.
Пасьля пачатку поўнамаштабнага расейскага ўварваньня ва Ўкраіне мяняюць назвы населеных пунктаў, вуліц, сквэраў і паркаў, а таксама прыбіраюць помнікі і мэмарыяльныя дошкі, якія зьвязаныя з Расеяй або Савецкім Саюзам. У сакавіку Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла закон, які забараняе даваць геаграфічным аб’ектам назвы, зьвязаныя з Расеяй.