Усе расейскія турапэратары адмяняюць рэйсы ў Турэччыну

Курортны гарадок Бодрум

Усе расейскія турапэратары цяпер адмяняюць чартэрныя рэйсы ў Турэччыну і спынілі продаж тураў, але датэрмінова вывозіць расейскіх турыстаў не плянуецца.

Пра гэта заявіў «РИА Новости» віцэ-прэзыдэнт Асацыяцыі турапэратараў Расеі (АТОР) Дзьмітры Горын.

Раней МЗС РФ заявіў, што пагроза тэрарызму ў Турэччыне нарастае і што яна там ня меншая, чым у Эгіпце, і не рэкамэндаваў расейцам наведваць Турэччыну бліжэйшым часам. Усьлед за гэтым Растурызм рэкамэндаваў турапэратарам спыніць продажы тураў у гэтую краіну.

«Цяпер усе турапэратары адмяняюць чартэрныя рэйсы і спынілі продаж тураў. Людзі, якія ўжо заехалі, адпачываюць плянава, датэрмінова іх вывозіць не плянуюць», — сказаў Горын.

Учора на сырыйска-турэцкай мяжы быў зьбіты расейскі бамбавік «Су-24» з авіягрупы, якая базуецца ў Сырыі. Мінабароны Турэччыны сьцьвярджае, што самалёт быў зьбіты турэцкімі ВПС, калі ён парушаў паветраную прастору краіны. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін назваў інцыдэнт «ударам у сьпіну», які быў нанесены «памагатымі тэрарыстаў». «Сёньняшняе трагічнае здарэньне будзе мець сур’ёзныя наступствы і для расейска-турэцкіх адносін», — дадаў кіраўнік Расеі.