Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Расеі Лаўроў рэкамэндаваў адмовіцца ад паездак у Турцыю


Сяргей Лаўроў
Сяргей Лаўроў

Міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў, што «ўзровень тэрарыстычнай пагрозы ў Турэчыыне ня меншы, чым у Эгіпце», і рэкамэндаваў расейцам адмовіцца ад паездак у гэтую краіну.

Кіраўнік агенцтва «Растурызм» Алег Сафонаў заявіў пазьней, што расейскія грамадзяне не павінны езьдзіць у Турэччыну, бо там ёсьць пагроза бясьпецы. «Растурызм прымае ўсе неабходныя меры, каб рэалізаваць рэкамэндацыю МЗС», — падкрэсьліў Сафонаў.

Адзін з найбуйнейшых расейскіх турапэратараў, кампанія «Наталі Турс» прыпыніла продаж тураў у Турэччыну з 24 лістапада, напісала «Газета.Ru» са спасылкай на паведамленьне турапэратара. Сваё рашэньне кампанія зьвязала, у тым ліку, зь «нестабільнай палітычнай сытуацыяй».

Пра гатовасьць спыніць продаж тураў у Турэччыну зь серады распавяла ў інтэрвію тэлеканалу «Россия-24» гендырэктар іншага расейскага турапэратара, «Пэгас Турыстык», Ганна Падгорная.

Раней у аўторак стала вядома, што віцэ-сьпікер Дзярждумы Мікалай Левічаў накіраваў кіраўніку Расавіяцыі Аляксандру Нерадзько запыт, у якім просіць разгледзець магчымасьць спыненьня авіязносінаў з Турэччынай.

Ініцыятыва Левічава прадугледжвае поўнае і неадкладнае спыненьне авіязносінаў паміж Расеяй і Турэччынай. Як гаворыцца ў запыце, авіязносіны не павінна ажыцьцяўляцца «да таго моманту, пакуль ня будуць прыняты вычарпальныя меры па ліквідацыі любых магчымых крыніц тэрарыстычнай пагрозы ў турэцкіх аэрапортах».

На думку Левічава, стаўленьне ўладаў Турэччыны да тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава» нельга назваць нэгатыўным, таму існуе «высокая рызыка» пранікненьня баевікоў у аэрапорты.

Раней міністэрства абароны Расеі пацьвердзіла гібель расейскага бамбавіка «Су-24». Мінабароны Турэччыны кажа, што самалёт быў зьбіты турэцкімі ваенна-паветранымі сіламі. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін назваў інцыдэнт «ударам у сьпіну Расеі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG