«Ніхто не займае больш жорсткай пазыцыі ў дачыненьні да Расеі, чым прэзыдэнт Дональд Трамп», — заявіў сам Трамп журналістам пасьля сустрэчы з прэм’ер-міністрам Японіі Сіндза Абэ.
Дональд Трамп пацьвердзіў ранейшыя паведамленьні пра сутыкненьні амэрыканскіх вайскоўцаў з расейскімі наймітамі ў Сырыі.
Паводле шэрагу СМІ, 7 лютага адбыўся напад на штаб «Сырыйскіх дэмакратычных сілаў», у адказ на які адбылася атака з удзелам вайскоўцаў ЗША. У той атацы ў адказ, як паведамлялася, былі забітыя «некалькі соцень» нападнікаў на штаб, у ліку якіх было шмат грамадзянаў Расеі з «групоўкі Вагнера».
«Нядаўна ў Сырыі адбылася вельмі жорсткая бітва паміж нашымі вайскоўцамі і расейскімі, і гэта вельмі сумна, — сказаў Трамп. — У той бітве загінула шмат людзей».
Незадоўга да таго Трамп паведаміў, што ЗША можа ўвесьці новыя санкцыі супраць Расеі, «як толькі яны іх заслужаць».
Таксама наракаў: што б ён не рабіў, «СМІ будуць лічыць, што я не праяўляю дастатковай жорсткасьці», але, сьцьвярджаў ён, «Расея скажа вам, што не было нікога больш жорсткага, чым Дональд Трамп».