Абноўлена: Віктар Мароз на волі, Міраслаў Лазоўскі таксама на волі.
Раніцай старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч паведаміў журналістам, што сёньня на працягу дня будуць адпушчаныя ўсе фігуранты справы «Белага легіёну». Міраслава Лазоўскага і Віктара Мароза, як і шэраг вызваленых раней, усё яшчэ абвінавачваюць у «стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня», але справа аб «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» была спыненая.
Абодва вызваленыя кажуць, што застаюцца ў статусе абвінавачаных пад падпіскай аб нявыезьдзе.
З чаго пачалася справа
Аляксандар Лукашэнка 21 сакавіка падчас размовы з прадстаўнікамі працоўных калектываў кампаніі «Кронаспан» заявіў, што ў Беларусі «затрымалі дзясяткі баевікоў», якія «трэніраваліся ў лягерах са зброяй». Адзін зь лягераў нібы быў «у раёне Бабруйску і Асіповічаў», астатнія ва Ўкраіне і ці Літве, ці Польшчы.
У той жа дзень Лукашэнка заявіў, што «не адмяняў і не прыпыняў» дэкрэт № 3, які «ўзарваў апазыцыйную кляаку», і што хацеў бы, каб беларускія навукоўцы вынайшлі новую крыніцу энэргіі.
За дзень да таго дзяржаўныя СМІ пачалі распаўсюджваць нібы не зьвязаныя адна з адной «страшылкі», якім тут жа знаходзіліся абвяржэньні.
Толькі пасьля заявы Лукашэнкі пра тое, што «баевікі ўжо затрыманыя», пачаліся затрыманьні
Толькі пасьля заявы Лукашэнкі пра тое, што «баевікі ўжо затрыманыя», пачаліся затрыманьні — цягам некалькіх тыдняў стала вядома пра 22 затрыманых, пазьней дзяржаўная прэса паведаміла пра 35. Затрымлівалі як людзей, зьвязаных з колішнім «Белым легіёнам», так і сяброў «Маладога фронту» і чальцоў легальнага бабруйскага спартова-патрыятычнага клюбу «Патрыёт».
Спачатку паведамлялася, што справа вядзецца аб «падрыхтоўцы масавых беспарадкаў» (ч. 3 арт. 293 КК), пазьней зьявілася абвінавачаньне ў «стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня і ўдзеле ў ім» (арт. 287 КК).
Хто такі Лазоўскі
Верагодна, Міраслаў Лазоўскі быў першым затрыманым: ён зьнік пасьля 19-й гадзіны 21 сакавіка, каля 20-й гадзіны пачаўся ператрус у яго кватэры. Лазоўскага на ператрус прывезьлі людзі ў масках, ён быў моцна зьбіты.
Перад затрыманьнем Лазоўскі працаваў памочнікам дырэктара выдавецтва «Кнігазбор». На пачатку 1990-х ён быў адным са стваральнікаў арганізацыі «Белы Легіён». Сябры «Белага Легіёну» былі актыўнымі ўдзельнікамі мітынгаў і шэсьцяў у 1996–1999 гадах. Арганізацыя спыніла сваё існаваньне на пачатку 2000-х. Апошні раз узгадкі пра «Белы Легіён» зьявіліся ў 2008 годзе. Тады Лазоўскага і былых кіраўнікоў арганізацыі затрымалі па справе выбуху 3 ліпеня 2008 году, аднак у хуткім часе вызвалілі з пад варты.
Лазоўскі і ягоная нявеста Сьвятлана зьбіраюцца ўзяць шлюб
Хто такі Мароз
Пра затрыманьне Віктара Мароза стала вядома 3 красавіка. Яго выклікалі праз тэлефон на гутарку ў КДБ, затрымалі каля працы, ягонаму бацьку з КДБ паведамілі, што яго затрымалі на 3 дні, але ён за кратамі ўжо 88 дзён.
Да затрыманьня Мароз кіраваў кампаніяй «Оптыма Прайм», якая займаецца дыстрыбуцыяй вырабаў з мэталу. Мароз не служыў у войску, але калі вучыўся ў старэйшых клясах, уваходзіў у «Белы легіён». Яго бацькі казалі, што Мароз захапляўся падарожжамі, баскетболам і спортынгам — спартовай стральбой па мішэнях.
«Мы ганарымся» — бацькі і жонка расказалі пра Віктара Мароза
Што цяпер з вызваленымі
Паводле вызваленых, за тры месяцы адседкі на допыты іх выклікалі па 2–3 разы, сьледчыя дзеяньні амаль не вяліся. Зь некаторых фігурантаў «справы патрыётаў» зьнялі абвінавачаньні, але шэраг вызваленых застаюцца абвінавачанымі ў «стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня», яны далі падпіску аб нявыезьдзе.
Тыя, хто на волі, амаль не распавядаюць пра дэталі справы і сваё знаходжаньне за кратамі. Вызвалены 29 чэрвеня Аляксей Абрамаў тлумачыў Свабодзе:
«Яшчэ ня ўсе вызваленыя, а як вядома, хуткасьць каравану вызначаецца па хуткасьці апошняга вярблюда. Таму давайце ўстрымаемся ад камэнтароў да ўсёй справы. Што тычыцца асабіста мяне, дык у справе яшчэ застаюся абвінавачаным, мне толькі зьмянілі меру стрыманьня.
Пра матэрыялы справы ня маю права нічога казаць, бо даў падпіску аб неразгалошваньні. Але яшчэ важна і тое, што некаторыя словы тых, хто выходзіў раней, вельмі істотна адбіліся на тых, хто там застаецца.
Шмат хто нагаварыў шмат чаго лішняга, гэта моцна нэрвуе ўсіх, абодва бакі. Бо паўсюль ёсьць прыстойныя і разумныя людзі».
КДБ і дзяржаўныя СМІ «перагнулі»?
Ад 23 сакавіка КДБ і дзяржаўныя СМІ расказвалі пра «справу патрыётаў» як пра надзвычай сур’ёзную: КДБ сьцьвярджаў, што мае справу «з прафэсійна падрыхтаванымі баевікамі ўзростам ад 25 да 43 гадоў» (Марозу 31 год, Лазоўскаму — 43).
16 чэрвеня КДБ адмовіўся ад справы: перадаў у Сьледчы камітэт частку справы аб «узброеным фармаваньні», перасьлед за «масавыя беспарадкі» спынілі.
Па дзяржаўнай тэлевізіі і ў дзяржаўнай прэсе ня раз паказвалі «канфіскаваную зброю баевікоў», але ў ліку паказанай зброі была і легальная паляўнічая, і бяскрыўдная страйкбольная.
У прапагандысцкім фільме БТ гаварылася пра тэрарызм, экстрэмізм, нават пра фашызм, «Ісламскую дзяржаву», расавую перавагу і свастыкі. Гаварылася, нібыта «Белы Легіён» разглядаў магчымасьць тэрактаў у Маскве, «каб не дапусьціць саюзу Беларусі і Расеі».
Ад тэрарыстаў Беларусь нібы «ўратавала» нейкая жанчына зь Нямеччыны, названая «фраў А.»: нібыта яна паведаміла Лукашэнку пра падрыхтоўку масавых беспарадкаў у Менску.
А падрыхтоўкі, як выявілася, не было.