Моўны навігатар у сеціве: па-беларуску — дзецям

Рэсурсы сеціва для беларускіх дзяцей

Працягваем агляд рэсурсаў сеціва, карысных для вывучэньня і практычнага ўжываньня беларускае мовы. Гэты кароткі сьпіс — для тых, хто выхоўвае дзяцей па-беларуску. Натуральна, рэсурсаў значна больш, але важна пачаць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Моўны навігатар у сеціве: лацінка

Бібліятэкі, парталы

Беларуская палічка. Заснаваная ў 1996 годзе электронная бібліятэка мае вялікі збор дзіцячай літаратуры — і беларускай, і перакладзенай на беларускую, у тым ліку клясыкаў і сучасных аўтараў — Шарля Пэро, братоў Грым, Ганса Крыстыяна Андэрсэна, Джаўэн Роўлінґ і г.д.

Беларуская інтэрнэт-бібліятэка Kamunikat. Працуе з 2000 году. У разьдзеле „Дзіцячая літаратура“ і друкаваныя выданьні (як „Віня-Пых“ А. Мілна), і аўдыёкнігі. Сабраныя эміграцыйныя дзіцячыя выданьні, а таксама падручнікі беларускае мовы і літаратуры для беларускіх школьнікаў Падляшша.

Настаўнік.info — партал з матэрыяламі для настаўнікаў і школьнікаў, працуе ад 2005 году. У рубрыках „Для школьных сьвятаў“, „Дашкольнаму пэдагогу“ і іншых песьні, у тым ліку мінусоўкі, калыханкі, аўдыёказкі, мультфільмы, дыяфільмы. Ёсьць два мультымэдыйныя дыскі „Гадуем беларусаў“ — адзін для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў, другі для дзяцей сярэдняга школьнага ўзросту, ёсьць „Чытанка для дзіцячага садка“ і шмат што яшчэ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 17 спасылак, якія варта мець у закладках, калі пішаш па-беларуску

Жанравыя рэсурсы

Бэйбус — ютуб-канал для маленькіх гарэзаў і дарослых жэўжыкаў (папулярнае слова!). Мае плэйлісты: Казкі з Маляванычам, Асьцярожна, дзеці (відэавэрсія часопіса), Вясёлы садок, Пра сланоў і барсучкоў для дзяўчат і хлапчукоў — мультвершы Андрэя Скурко, прысланыя з-за кратаў, і іншае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявіўся сайт-навігатар па беларускіх аўдыёкнігах і кнігах беларускіх аўтараў

Гаварун — мульфільмы па-беларуску: перакладныя фільмы і сэрыялы, арыгінальныя беларускія анімацыі, навучальныя стужкі.

Краіна казак — казкі для дзяцей ды іхных бацькоў у фарматах кніг, мульфільмаў, дыяфільмаў. Аўдыёказкі чытаюць іх аўтары (Сяржук Вітушка, Алена Масла і іншыя), народныя казкі — у выкананьні Віктара Манаева.

Жэўжык — клюб для кемлівых дзяцей. Выпускае аднайменны альманах (тэматычныя выпускі), вядзе онлайн-заняткі, анансуе заданьні ў форме забаўлянак. Суполка ў фэйсбуку і сайт.

Дзіцячыя песьні — народныя і аўтарскія — у апрацаваньні і выкананьні Тацяны Грыневіч-Матафонавай на сьвяты і на штодзень (ёсьць і мінусоўкі) на яе ютуб-канале.