Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За марамі, за лясамі, за гарамі». Што варта пачытаць беларускім дзецям


Сёньня Міжнародны дзень дзіцячай кнігі — добрая нагода, каб прыгадаць, якія кнігі нашы бацькі чыталі ў дзяцінстве нам і якія кнігі чыталі сваім дзецям мы, ды падумаць, якія кнігі варта пачытаць унукам.

Я прапаную невялікую падборку твораў/аўтараў дзіцячай (кажучы ўмоўна) літаратуры, якія некалі зрабілі ўражаньне на мяне і на маіх дзяцей, і зь якімі хацелася б пазнаёміць маіх унукаў, калі лёс дазволіць іх дачакацца :)

"Казкі па-свойму" (2017) і "Казкі Андэрсэна для старых і малых" (2019), пераклаў на падляскую Ян Максімюк
"Казкі па-свойму" (2017) і "Казкі Андэрсэна для старых і малых" (2019), пераклаў на падляскую Ян Максімюк

Я спадзяюся, што гэтая падборка не занадта суб’ектыўная і можа паслужыць нейкай падказкай для іншых бацькоў і дзядоў, якія ў сёньняшніх карантынных абставінах маюць крыху больш часу, чым раней, каб пабыць зь дзецьмі і ўнукамі дома ды паспрабаваць пачытаць зь імі цікавыя гісторыі на роднай мове.

Мая сёньняшняя падборка абмежаваная адным тэхнічным момантам — я выбраў такія тэксты, якія знаходзяцца ў вольным доступе ў інтэрнэце. Каб пры жаданьні можна было спампаваць іх на свой кампутар і, калі каму так зручней, раздрукаваць для чытаньня на паперы. У гэты няпэўны час лепш не бадзяцца па кнігарнях. Пакуль што заставайцеся як мага даўжэй дома.

Астрыд Ліндгрэн, «Браты Львінае Сэрца»

Астрыд Ліндгрэн (1907–2002), зразумела, не патрабуе рэклямы. Яна апублікавала тры дзясяткі кніжак для дзяцей. Яе ўвесь час выдаюць па ўсім сьвеце. Паводле колькасьці перавыданьняў і накладаў у жанры дзіцячай кнігі Астрыд Ліндгрэн саступае, мабыць, толькі Гансу Крыстыяну Андэрсэну і Братам Грымам. Нават калі вам не давялося прачытаць нічога зь яе творчасьці, вы напэўна чулі пра герояў яе твораў — Піпі Доўгуюпанчоху, Карлсана з даху ці Дзяцей зь Бюлербю.

Кнігі Астрыд Ліндгрэн, выдавецтва Rabén & Sjögren
Кнігі Астрыд Ліндгрэн, выдавецтва Rabén & Sjögren

«Браты Львінае Сэрца» (1973) — гэта, кажучы па-сучаснаму, фэнтэзі. Аповед пра прыдуманую краіну Нангіялу, у якой двум братам, Юнатану і Карлу, даводзіцца змагацца з тыранам і страшнай цмачыхай. Гэты твор моцна адрозьніваецца ад пераважнай большасьці папярэдніх кніжак швэдзкай аўтаркі, якія, кажучы агульна, малююць дзіцячы сьвет у сьветлых, радасных і бестурботных тонах. Гісторыя «Браты Львінае Cэрца» — пра змрочныя і цяжкія бакі чалавечага жыцьця: хваробу, непазьбежнасьць сьмерці, самоту, страх перад сьмерцю і варожым сьветам. Але адначасова гэтая гісторыя — пра братэрскую любоў, мужнасьць і надзею. Адна з такіх кніг, якія дарослым варта чытаць разам зь дзецьмі…

Кнігі Астрыд Ліндгрэн, выдавецтва Rabén & Sjögren
Кнігі Астрыд Ліндгрэн, выдавецтва Rabén & Sjögren

Выпадае моцна шкадаваць, што так няшмат твораў Астрыд Ліндгрэн пераклалі на беларускую мову: «Браты Львінае Cэрца», тры кнігі пра «Карлсана», «Лота», «Усе нашы дзеці зь Бюлербю», «Піпі Доўгаяпанчоха». Калісьці выдавец дзіцячай літаратуры па-беларуску і перакладчыца са швэдзкай мовы Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская сказала мне, што набыць правы на выданьне кніжкі Ліндгрэн накладам 1000 асобнікаў без арыгінальных ілюстрацый можна «пачынаючы ад 500 эўраў». У абставінах беларускага выдавецкага рынку гэта ўсё яшчэ вялікая сума, але ўжо не непад’ёмная…

Кнігі Астрыд Ліндгрэн пра Карлсана з даху, выдавецтва “Папуры”, перакладчыца Алеся Башарымава
Кнігі Астрыд Ліндгрэн пра Карлсана з даху, выдавецтва “Папуры”, перакладчыца Алеся Башарымава

Сваім сынам я чытаў «Браты Львінае Cэрца» ў беларускім перакладзе С. Лузгіной і Т. Лукшы. Пераклад неблагі, і чыталася нам даволі добра. А вось дачцэ, на яе сёмы дзень нараджэньня, я падрыхтаваў пераклад першай часткі «Дзяцей зь Бюлербю» Астрыд Ліндгрэн на нашу сямейную мову — падляскую.

Ганс Крыстыян Андэрсэн, «Казкі»


Ганс Крыстыян Андэрсэн (1805–1875), як падлічылі дасьледнікі ягонай творчасьці, напісаў за сваё жыцьцё 156 казак. Найбольш вядомыя гісторыі, якія прынесьлі яму ўсясьветную славу, ён напісаў за першае дзесяцігодзьдзе сваёй казачнай творчасьці — 1835–1845. Да іх належаць, прыкладам: «Прынцэса на гарошыне», «Брыдкае качаня», «Цалёвачка», «Стойкі алавяны салдацік», «Русалачка», «Сьнежная каралева», «Дзяўчынка з запалкамі».

На беларускую мову казкі Андэрсэна перакладаліся, хутчэй за ўсё, з расейскага перакладу, чым з дацкіх арыгіналаў. Я не сачыў, калі Андэрсэн выходзіў па-беларуску ў папяровых выданьнях, але электронную падборку ягоных казак можна знайсьці на «Беларускай палічцы». Гэта абавязковае чытаньне для ўсіх беларускіх бацькоў, якія разумеюць, што любоў да роднай мовы прышчапляецца ня ў школе і не праз тэлевізар, а якраз у сям’і, дзе зь дзіцём ад пачатку размаўляюць па-беларуску і чытаюць яму вартасныя беларускія кніжкі. Казкі Андэрсэна — архетыпныя тэксты ўсясьветнай культуры, падмурак агульнай літаратурнай адукацыі культурнага чалавека.

“Казкі Андэрсэна для старых і малых” на падляскай мове, перакладчык Ян Максімюк
“Казкі Андэрсэна для старых і малых” на падляскай мове, перакладчык Ян Максімюк

Летась я пераклаў 12 вядомых казак Ганса Крыстыяна Андэрсэна з дацкай мовы на падляскую. Разам зь сябрамі мы выдалі іх у Беластоку накладам 550 асобнікаў — каб тыя, хто ў сям’і размаўляе ня толькі на дзяржаўнай мове, але таксама на мове сваіх бацькоў і дзядоў, мелі магчымасьць пачытаць на гэтай мове нешта цікавае і вартаснае сваім дзецям і ўнукам.

Браты Грымы, «Казкі»

Братоў было двое — Якаб (1785–1863) і Вільгельм (1786–1859). Усяму сьвету яны вядомыя перш за ўсё як зьбіральнікі нямецкага казачнага фальклёру ды складальнікі і выдаўцы «Казак братоў Грымаў» (першае выданьне зьявілася ў 1815 годзе, потым яны дапаўнялі і перавыдавалі яго яшчэ шэсьць разоў; у апошнім, сёмым выданьні — 210 казак і паданьняў). У нямецкай культуры братоў Грымаў моцна шануюць яшчэ за самаадданую працу над складаньнем першага слоўніку нямецкай мовы.


Казкі братоў Грымаў — таксама, як і казкі Андэрсэна — архетыпныя тэксты эўрапейскай культуры. «Брэмэнскія музыкі», «Гензэль і Грэтэль», «Папялушка», «Сьнягурачка», «Хлопчык як пальчык», «Мужны кравец» — гэта гісторыі, якія з зацікаўленьнем і прыемнасьцю слухаюць і чытаюць дзеці ва ўсім сьвеце. На «Беларускай палічцы» — неблагая падборка казак братоў Грымаў. Беларускія пераклады там, хутчэй за ўсё, зробленыя з расейскага перакладу.

Але існуе даволі таямнічае беларускае выданьне казак братоў Грымаў з 2013 году — пераклады зь нямецкай зрабіў Альгерд Бахарэвіч, а выдаў — «Логвінаў». Як піша «Прайдзісьвет», выданьне выйшла «з мастацкім аздабленьнем Васілісы Палянінай-Календа. Казкі братоў Грымаў атрымаліся запамінальнымі — аўтарскія ілюстрацыі, супэрвокладка, залатое цісьненьне… Кніга адразу трапіла ў дзясятку найлепшых кніг і літаратурных падзей году». Хто-небудзь трымаў гэтае выданьне ў руках?

“Казкі братоў Грымаў”, “Логвінаў” 2013, перакладчык Альгерд Бахарэвіч
“Казкі братоў Грымаў”, “Логвінаў” 2013, перакладчык Альгерд Бахарэвіч

Клясычныя казкі ў старанным выданьні — гэта ня стратная справа нават на беларускім кніжным рынку. Доказ з Падляшша — мне зь сябрамі ўдалося прадаць 750 асобнікаў зборніка казак po-svojomu (дзевяць казак братоў Грымаў ды па адной ад Ганса Крыстыяна Андэрсэна і Шарля Пэро). А ў нас жа на Падляшшы беларусамі запісваюцца менш за 40 тысяч чалавек! Зарабіць на гэтым выданьні мы не зарабілі (трэба было б прадаць удвая больш асобнікаў, каб адчуць нейкі заробак у кішэні, але грошы ўкладзеныя ў друк мы вярнулі цалкам).

Беларускія народныя казкі

Ніякага канкрэтнага выданьня ці зборніка я тут не называю, але калі вы за тое, каб у Беларусі гаварылі па-беларуску, вы ўжо напэўна маеце на сваёй паліцы не адно выданьне беларускіх народных казак:) На ўсякі выпадак, я падам спасылку на аўдыёфайлы з такімі казкамі на «Беларускай палічцы» (чытаюць Алег Хаменка і Віктар Манаеў).

Свае казкі, што б ні казаць пра гісторыі Андэрсэна ці братоў Грымаў, наймілейшыя сэрцу і вуху. Я помню такі казачны зборнік зь дзяцінства — «З рога ўсяго многа» — які я знайшоў, зачытаны і бяз вокладкі, на звалцы макулятуры ў сваёй школе ў Гародчыне на Падляшшы. Я гэтай кніжцы прырабіў вокладку на занятках працоўнага навучаньня і потым зачытаў дарэшты. Казкі зь яе запомніліся мне на ўсё жыцьцё — я іх распавядаў сваім дзецям да часу, пакуль яны самі не навучыліся чытаць.


Пры гэтай нагодзе я дам спасылку і на дзіцячую кнігу «Як выскочыв воробіэй» (з падзагалоўкам: Песні, колыханкі, забавлянкі, вылічанкі белорускіх діті з Пудляшша), якую ў 2008 годзе апублікаваў Дарафей Фіёнік зь Бельску на Падляшшы. Гэта народны дзіцячы фальклёр падляскіх беларусаў, запісаны на падляскіх гаворках. Файнае выданьне, якое прадаўжае нашу народную памяць.

Для мяне яно вельмі істотнае яшчэ й таму, што я яго падаю як прыклад усім тым, хто выстаўляе мне прэтэнзіі за тое, што я нібыта здурнеў, заняўшыся выдаваньнем кніжак для дзяцей на нейкай «падляскай мове». Я адказваю: ну, калі я здурнеў, дык не адзін… Я не самотны, так бы мовіць ;)

Людміла Рублеўская, «Прыгоды мышкі Пік-Пік»

З сучасных аповедаў для дзяцей я парэкамэндую толькі гэтую кніжку. Прашу прабачэньня ва ўсіх тых, хто чакаў, што я напішу болей пра сучасных беларускіх аўтараў дзіцячых кніжак. Мы пра гэта ня так даўно публікавалі матэрыял. Магчыма, у будучыні напішам пра іншых.

Людміла Рублеўская “Прыгоды мышкі Пік-Пік”, Беласток 2007
Людміла Рублеўская “Прыгоды мышкі Пік-Пік”, Беласток 2007

Я згадваю тут кніжку Людмілы Рублеўскай пра сымпатычную менскую мышку перш за ўсё таму, што гэтае выданьне — прыклад плённага супрацоўніцтва Менску зь Беластокам у падтрымцы беларускай мовы. Да таго, як кніжка выйшла, менская пісьменьніца публікавала свае гісторыі пра Пік-Пік у беларускамоўным тыднёвіку «Ніва» ў Беластоку, на старонцы «Зорка», адмыслова прысьвечанай дзецям і школьнікам. А ў 2007 годзе бацькоўская арганізацыя АБ-БА (Аб’яднаньне ў карысьць дзяцей, якія вывучаюць беларускую мову) у Беластоку выдала гэтыя гісторыі кніжкай, каб падтрымаць якраз навучаньне беларускай мове на Падляшшы. Больш бы такіх беларускіх ініцыятываў.

На заканчэньне мне хацелася б прывесьці словы згаданай раней Надзеі Кандрусевіч-Шыдлоўскай пра патрэбу выдаваньня дзіцячай літаратуры па-беларуску:

«Для мяне вельмі важна, каб штораз больш дзіцячых кніг зьяўлялася менавіта на беларускай мове. Бо калі дзеці перастануць чытаць дзіцячыя кнігі па-беларуску, то потым у нас ня будзе чытачоў і дарослай літаратуры, і таксама ня будзе тых, хто зможа пісаць па-беларуску. Для мяне гэта самая відавочная, самая важная прычына, чаму я выдаю дзіцячыя кнігі па-беларуску».

«Варта» — суб’ектыўны агляд падзеяў у літаратуры ды, шырэй, у мастацтве і культуры. Думкі перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG