Прадпрымальнікаў клічуць на форум 13 чэрвеня. Навошта?

На форуме «разьвеюць ілюзіі, што ў прадпрымальнікаў усё добра», — абяцае арганізатар: будуць агучаныя праблемы ІП, пра якія «чулі далёка ня ўсе».

Грамадзкае абʼяднаньне «Пэрспэктыва» склікае прадпрымальнікаў на чарговы форум, які пройдзе ў менскім «Доме Масквы» 13 чэрвеня. Пачатак а 12-й гадзіне.

Ранейшыя форумы «Пэрспэктывы» вырашылі асобныя праблемы прадпрымальнікаў і ўлады, але не прывялі да скасаваньня ўказу № 222. Страйк прадпрымальнікаў, у выніку якога рынкі па ўсёй краіне стаялі пустымі ад пачатку году, фактычна спыніўся ў красавіку, сам арганізатар форуму кажа пра атмасфэру апатыі сярод ІП. Нашто яшчэ адзін форум у такіх умовах?

«Мэта форуму — зьвярнуць увагу на нявырашаныя пытаньні. Сытуацыя сёньня закансэрваваная і можа выбухнуць у любую хвіліну, — кажа Свабодзе старшыня „Пэрспэктывы“ Анатоль Шумчанка. — Міністэрства гандлю ўжо дало згоду. Да дыялёгу нам, канешне, далёка, гэта хутчэй мае сымбалічнае значэньне. Але да дыялёгу трэба імкнуцца, бо альтэрнатыва дыялёгу — гэта вуліца.

У нас быў шэраг пытаньняў па электронных рахунках-фактурах, па тэрміналах... Рабочая група не зьбіралася, ніхто не казаў пра прадпрымальнікаў пасьля зімы процістаяньня. А як толькі „Пэрспэктыва“ пачала праводзіць рэгіянальныя форумы, адразу актывізавалася Мінэканомікі. Склікалі рабочую групу. Вырашылі пытаньне электронных рахункаў-фактураў, і для ІП гэта цяпер ня трэба. І па тэрміналах вырашылі пытаньні. А праверак асаблівых нібы не плянуюць.

Прадпрымальнікам трэба хадзіць на форумы прынамсі раз на тры месяцы, як і плянуе „Пэрспэктыва“, каб паказваць, што мы ёсьць, мы ў тонусе, мы актыўныя і мы пастаянна гатовыя да барацьбы, калі нас будуць прыцясьняць. Пастаянна мяняецца сытуацыя, штодзень і кожную гадзіну зьяўляецца нешта новае, і калі мы ня будзем хадзіць на форумы, пра гэта ніхто не даведаецца, ні СМІ, ні грамадзтва, ні ўлады. Гэта нармальная ўсясьветная практыка. І, паверце, на гэтым форуме вы пачуеце шмат цікавага і новага, чаго пра цяперашнюю сытуацыю мо і ня ведалі.

Важна ня толькі зьбірацца, калі певень дзюбне ў вядомае месца, важна зьбірацца сыстэмна і плянамерна. Тым больш, у многіх склалася ўражаньне, што ў нас усё нібы нармальна і спакойна, як кажуць чыноўнікі. Хто зможа гэта абвергнуць, калі не прадпрымальнікі? Альбо пацьвердзіць!»