Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскія прадпрымальнікі: Мы не адстойваем свае інтарэсы - выйшлі, пашумелі, супакоіліся


Форум прадпрымальнікаў у Гомелі
Форум прадпрымальнікаў у Гомелі

Больш як на 1,2 тысячы чалавек зьменшылася сёлета на Гомельшчыне колькасьць індывідуальных прадпрымальнікаў у параўнаньні зь леташнім.

Гэтая лічба агучана 6 чэрвеня ў Гомелі на рэгіянальным форуме РГА «Пэрспэктыва», прысьвечаным пытаньням разьвіцьця адкрытага дыялёгу паміж мясцовай уладаю і малым бізнэсам.

«Праблемы індывідуальных прадпрымальнікаў нікуды ня зьніклі — яны закансэрваваны, —заявіў лідэр „Пэрспэктывы“ Анатоль Шумчанка. — Але нельга, каб паўтараліся акцыі пратэсту, якія праходзілі мінулай зімою, каб аднавілася супрацьстаяньне паміж уладаю і прадпрымальнікамі. Бізнэс павінен працаваць у нармальных умовах, а не займацца абы чым. Дзеля гэтага трэба, каб і ў цэнтры, і на месцах улады й прадпрымальнікі чулі адны адных. Супольныя камісіі створаны, каб супакоіць людзей. Дыялёг пакуль носіць чыста сымбалічны характар».

Гомельскія прадпрымальніца Аксана Селюкова расказала, што шмат хто з прадпрымальнікаў пакінуў гомельскія рынкі, каб працягваць сваю працу ў гандлёвых цэнтрах Клінцоў, Злынкі ды іншых гарадоў суседняй Расеі — там нізкая арэндная плата, больш высокая пакупніцкая здольнасьць насельніцтва.

«А тут мы жывём пад пастаянным прэсінгам: праверкі, канфіскацыі тавараў — у гандлёвым цэнтры «Сакрэт», унівэрмагу. Гэта што я толькі ведаю. Наколькі зразумела, у людзей ёсьць патрабаваныя ўказам № 222 таваратранспартныя накладныя, але яны ня могуць даказаць, што менавіта дадзены тавар завезены з той самай Масквы. Першы паверх нашага «Сакрэту» заняты ўладальнікамі сеткавых крамаў. Мы ім канкурэнты, яны нас і выцясьняюць на вуліцу»,— лічыць прадпрымальніца.

Начальніца аддзелу прадпрымальніцтва камітэту эканомікі Гомельскага аблвыканкаму Марына Крывунь, якая прысутнічала на форуме, заявіла, што праверкі прадпрымальнікаў праходзяць паводле пляну, а пазаплянавыя праверкі робяцца выключна на падставе сыгналаў, ананімных альбо адрасных.

«Ні мы, ні падатковая інспэкцыя ня можам не рэагаваць на сыгналы, нават калі яны ананімныя», — патлумачыла Крывунь.

У сваю чаргу намесьнік начальніка абласной падатковай інспэкцыі Дзьмітры Дайнэка заявіў, што ўсе праверкі «ладзяцца паводле ўказу № 510».

Кіраўнік рады прадпрымальнікаў рынку «Давыдаўскі» Аляксей Байкін мяркуе, што галоўная прычына таго, што дробны бізнэс апынуўся ў жалю вартым стане — ня толькі стаўленьне да яго ўладаў, але найперш «інфантыльнасьць саміх прадпрымальнікаў». Прэтэнзіі, на думку прадпрымальніка, трэба прад’яўляць у першую чаргу самім сабе:

«Мы вядзем сябе пасіўна, ня ходзім на супольныя працоўныя групы, не адстойваем свае інтарэсы. Выйшлі, пашумелі, супакоіліся. Зь першага ліпеня, паводле ўказу № 222, уводзяцца электронныя каштарысныя рахункі. А што мы пра іх ведаем, чаму не патрабуем тлумачэньняў, што і як трэба будзе рабіць?»

У прадпрымальніка багата прэтэнзіяў і да створаных падчас пратэстаў супольна з уладамі працоўных групаў: «Зьбіраецца такая працоўная група. І што я там чую: «Сядзьце, Аляксандар Юр’евіч. Рашэньні прымаюцца там, наверсе, а мы тут толькі тлумачым».

Дарэчы, у даходную частку бюджэту ад дзейнасьці суб’ектаў малога й сярэдняга бізнэсу летась на Гомельшчыне паступіла 4,2 трыльёна рублёў, альбо 23,1% ад агульнай сумы падаткаў і збораў. Таму на форуме прынята рэзалюцыя, у якой сказана, што памкненьні чыноўніцтва ў ажыцьцяўленьні кантрольна-наглядных функцый мусяць быць скіраваны на падтрымку малога бізнэсу, а не на яго здушэньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG