Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плошча ці дыялёг? У Магілёве форум прадпрымальнікаў без прадстаўнікоў улады


Скасаваць указ №222 можа толькі адзін чалавек...
Скасаваць указ №222 можа толькі адзін чалавек...

«Улада пачынае дыялёг з індывідуальнымі прадпрымальнікамі, калі тыя выходзяць на плошчу з пратэстам», — такую бачаньне сытуацыі выказалі ўдзельнікі Магілёўскага рэгіянальнага форуму прадпрымальнікаў, які арганізавала грамадзкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва».

Прадстаўнікі ўлады на форум не прыйшлі, хоць, як запэўніваў кіраўнік «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка, іх запрашалі. Меркавалася, што чыноўнікі на Форуме разам з прадпрымальнікамі абмяркуюць яго галоўную тэму: «Разьвіцьцё адкрытага дыялёгу між мясцовай уладаю і малым бізнэсам».

Удзельнікі Форуму заявілі: жаданьня стайкаваць, як гэта было на пачатку году, у індывідуальных прадпрымальнікаў няма, але ўлада мусіць прыслухацца да іх прапановаў, і пачаць дыялёг, каб знайсьці рашэньні па нармалізацыі сытуацыі, якая вядзе да банкруцтва дробных бізнэсоўцаў.

Скасаваньне 222 указу — адна з асноўных прадпрымальніцкіх прапаноў. Гэты ўказ, падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам, патрабуе, каб прывезены з-за мяжы бізнэсоўцамі на продаж тавар меў дакумэнтацыю, якая пацьвярджае ягоную якасьць. Прадпрымальнікі сьцьвярджаюць, што расейскія пастаўшчыкі тавараў такой дакумэнтацыі ня маюць. Пра гэта згадвалі і на форуме. (Прэзыдэнцкі ўказ 222 паралізаваў на два месяцы працу гандлёвых цэнтраў і рэчавых рынкаў у Беларусі, — РС)

Анатоль Шумчанка
Анатоль Шумчанка



Паводле кіраўніка аб’яднаньня «Пэрспэктыва» Анатоля Шумчанкі пытаньне пра адмену 222 указу на магілёўскім Форуме актуалізавала гэтак званая «Шклоўская справа». Раённая падатковая інспэкцыю, кажа Шумчанка, падчас праверкі высьветліла, што ў мясцовай прадпрымальніцы несапраўдныя дакумэнты, якія пацьвярджаюць якасьць тавару, хаця бізнэсоўка, выканала ўсе належныя патрабаваньні і гэтую дакумэнтацыю атрымала ў Расеі.

«У праекце выніковага дакумэнту форуму не было пункта пра адмену 222 указу. Ён зьявіўся пад час абмеркаваньня. Усе ж разумеюць, што 222 ўказ — гэта мэханізм расправы, каб давесьці да банкруцтва і зьнішчыць любога прадпрымальніка», — выказваўся Анатоль Шумчанка.

Распачынаючы форум, ён зазначыў, што сытуацыя з дробным прадпрымальніцтвам знаходзіцца ў стане кансэрвацыі і можа ўзарвацца ў любы момант, бо ніводнага злабадзённага пытаньня ня вырашана. На думку арганізатара форуму ніводны дробны прадпрымальнік ня хоча паўтарэньня супрацьстаяньня якое адбылося ўзімку. «Гэта не ідзе на карысьць нікому: ні дзяржаве, ні прадпрымальнікам, ні спажыўцам», — зазначыў ён. Тым ня менш заўважыў, што сымпатыі грамадзтва ў тым супрацьстаяньні былі на боку прадпрымальнікаў.

Удзельнікі форуму прадпрымальнікаў
Удзельнікі форуму прадпрымальнікаў



Паводле ўдзельнікаў форуму 50 працэнтаў магілёўскіх прадпрымальнікаў сышлі з рынкаў і гандлёвых цэнтраў, бо ўмовы, у якіх даводзіцца працаваць непрадказальныя. Некаторыя прадпрымальнікі заяўлялі, што праверкі падаткавікоў ўжо пачаліся ў райцэнтрах. «Пакуль існуе, нібыта, загад не чапаць абласны цэнтар, але і да яго дабяруцца», — казалі прадпрымальнікі на форуме.

Прадпрымальнікі канстатавалі, што ў Магілёве адсутнічае дыялёгавая пляцоўка з уладамі. Апошні раз улады наважыліся на кантакт з прадпрымальнікамі, калі яны прыйшлі пад аблвыканкам. Удзельнікі форуму прызналі працу аблвыканкаму па пытаньнях, якія хвалююць дробных прадпрымальнікаў, нездавальняючай.

удзельнік форуму: 50 працэнтаў прадпрымальнікаў сышлі з рынкаў і гандлёвых цэнтраў
удзельнік форуму: 50 працэнтаў прадпрымальнікаў сышлі з рынкаў і гандлёвых цэнтраў



Удзельнікі форуму даводзілі, што яны б хацелі працаваць па той схеме, якая існавала да прыняцьця 222 указу. Прадпрымальнікі гатовыя плаціць адзіны падатак, памер якога быў немалы, але працаваць без дакумэнтаў, якія патрабуе 222 указ.

Прадпрымальнікі выказваліся супраць акцыяў пратэсту. Адзначылі, што трэба шукаць спосабаў зьмяніць сытуацыю праз дыялёг з уладаю. Але, як яго навязаць, прапановаў не было.

«Рэакцыя ўладаў будзе нулявой на вынікі нашага форуму. Вы ж чулі, што казалі яго ўдзельнікі: «Улада чуе народ, калі ён выходзіць на плошчу. Прадпрымальнікі ж не гатовыя выходзіць з пратэстам на плошчу», — пракамэнтаваў вынікі форуму адзін зь яго ўдзельнікаў.

Згадалі на форуме, як Лукашэнка сустракаўся з прадпрымальнікамі. Тыя на згадвалі пра свае праблемы кіраўніку дзяржавы
Згадалі на форуме, як Лукашэнка сустракаўся з прадпрымальнікамі. Тыя на згадвалі пра свае праблемы кіраўніку дзяржавы



«Кропля камень точыць і ўсё пачынаецца з малога. Гэта лепей, чым сядзець, маўчаць і нічога не рабіць. Мы разьлічваем, што ўлады зьвернуць увагу на прапановы прынятыя на рэгіянальных форумах. Сёньня ён адбыўся ў Магілёве. Неўзабаве адбудзецца ў Гомелі ды Горадні. Потым зьбярэцца рэспубліканскі форум», — выказаў сваю пазыцыю пра выніковасьць форуму Анатоль Шумчанка.

У пераліку прапановаў па зьмяненьні сытуацыі з прадпрымальнікамі, акрамя скасаваньня 222 указу, удзельнікі форуму прапанавалі мясцовай і заканадаўчай уладзе ўсе рашэньні адносна прадпрымальніцтва прымаць выключна з улікам меркаваньняў і пазыцый саміх прадпрымальнікаў, акрамя таго гарантаваць прадпрымальнікам недатыкальнасьць іх маёмасьці, стварыць працоўную групу пры Міністэрстве эканомікі і разгледзець асноўныя праблемы прадпрымальнікаў...

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG