У Менску на праспэктах Незалежнасьці і Пераможцаў у аўральным парадку прыбіраюць сумёты і вычышчаюць праезную частку — горад рыхтуецца да прыезду ў Менск лідэраў Украіны, Францыі, Нямеччыны і Расеі.
Прыбіральшчыца Аліна працуе ў брыгадзе, якая адказвае за чысьціню бульвара Талбухіна, што выходзіць на праспэкт Незалежнасьці. Аліна працавала сёньня з раніцы і ў абед толькі на хвілінку прысела ў сквэрыку на лаўку адпачыць. Запытаўся, чаму сёньня так аўральна прыбіраюць, а яна тут жа ўсхапілася са словамі: «Нам жа нельга сядзець!»
Аліна пацьвердзіла мае назіраньні наконт вышыні сумётаў — сапраўды, уздоўж праспэкту яны не павінны быць вышэйшыя за 10 сантымэтраў, і сёньня брыгадам прыбіральшчыкаў паставілі менавіта такую задачу: зразаць сумёты, вычышчаць ад сьнегу бардзюры, вымятаць да бляску плітку на прыпынках транспарту:
«Загад там, каб калі людзі хадзілі, то іх бы было бачна і яны б усё бачылі. Гладзім, прыбіраем, каб усё было роўненька і акуратненька. Нам і самім потым лепш будзе, дый сьнегу сёлета мала, ня цяжка. Раніцай і нам дапамагаў пагрузчык, а потым паехаў іншым брыгадам дапамагаць».
Пра тое, што загад скарачаць вышыню сумётаў можа быць зьвязаны з патрабаваньнямі бясьпекі падчас заўтрашняга саміту ў Менску, жанчыны, як яны кажуць, не задумваліся:
«Што нам той саміт, ён будзе на Арлоўцы. А мы тут заўсёды прыбіраем».
І насупроць Нацыянальнай бібліятэкі, і на павароце з праспэкту на вуліцу Валгаградзкую, і на плошчы Калініна — тая ж карціна: побач адзін, а то і два МАЗы плюс жоўты пагрузчык ці трактар «Беларус», у коўш якога людзі ў жоўтай ці зялёнай спэцвопратцы шуфлямі закідваюць сьнег, зрэзаны з сумётаў. Пры кожнай брыгадзе, як правіла, начальнік, які звычайна і сам адмаўляецца гутарыць з карэспандэнтам, і падначаленым загадвае маўчаць.
Your browser doesn’t support HTML5
Таксама ўвесь сьветлы час дня спэцтэхніка проста «вылізвала» праежджую частку праспэкту Незалежнасьці, уключна з выспамі бясьпекі. Нават калі на дарозе зусім не засталося сьнегу, машыны са шчоткамі сноўдалі сюды-туды да вечара.
На плошчы Свабоды і далей уздоўж праспэкту Пераможцаў, на вуліцы Арлоўскай насупраць палаца Незалежнасьці назіралася тая ж карціна — брыгады прыбіральшчыкаў з рыдлёўкамі і мётламі, ім у дапамогу — грузавікі, трактары і пагрузчыкі.
А вось назіраньне наконт захадаў бясьпекі. На кожнай з парковак вакол Палаца незалежнасьці а 12 гадзіне дня ўжо дзяжурылі супрацоўнікі ДАІ. На паркоўцы з боку праспэкту Пераможцаў «даішнік» ня проста фармальна нёс дзяжурства, а правяраў вадзіцельскія дакумэнты ў тых, хто заяжджаў на стаянку. Жыхары дому насупраць мяркуюць, што калі заўтра ў палацы Незалежнасьці сапраўды адбудзецца сустрэча прэзыдэнтаў Украіны, Францыі, Нямеччыны і Расеі, гэтая паркоўка і ўсе іншыя вакол палаца для звычайных вадзіцеляў увогуле будуць закрытыя.