Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навошта ў Менску памочнік Пуціна Суркоў?


Уладзіслаў Суркоў
Уладзіслаў Суркоў

«Суркоў — заплечных спраў майстра, — кажа апазыцыйны расейскі палітык Барыс Нямцоў. — Там дзе Суркоў, там заўжды канфлікт, кроў, падман, цынізм і жорсткасьць».

Інфармацыю пра магчымы ўдзел Уладзіслава Суркова ў перамовах трохбаковай кантактнай групы ў Менску агучыў сёньня расейскі амбасадар Аляксандар Сурыкаў.

Фігура Ўладзіслава Суркова ў найноўшай гісторыі Ўкраіны зьяўлялася ў самыя драматычныя моманты. Літаральна праз два месяцы пасьля таго, як Пуцін прызначыў яго сваім памочнікам, Віктар Януковіч прыпыніў працэс падрыхтоўкі падпісаньня Ўкраінай дамовы пра асацыяцыю з ЭЗ.

Наступствам гэтага рашэньня сталі падзеі на майдане Незалежнасьці ў Кіеве, а чарговыя візыты Ўладзіслава Суркова ў Кіеў і сустрэчы зь Януковічам супадаюць з выключнымі падзеямі. Суркоў зьяўляецца ва Ўкраіне пры канцы студзеня 2014 году — пасьля прыняцьця рэпрэсіўных законаў 16 студзеня, і 14 лютага — за лічаныя дні да крывавай разьвязкі Майдана.

Надзвычайную ролю Ўладзіслава Суркова ў канфлікце ва ўсходняй Украіне падкрэсьліваюць усе суразмоўцы Радыё Свабода, называючы памочніка прэзыдэнта «куратарам праекту „Наваросія“».

«Суркоў — злучальнае зьвяно паміж Крамлём і сэпаратыстамі на Ўсходзе, — кажа журналіст Павал Шарамет. — Праз Суркова і Барадая перадаюцца ўсе ўказаньні „лідэрам“ ДНР і ЛНР. Лепш за яго ніхто з вышэйшага кіраўніцтва Расеі ня ведае сытуацыю на ўсходзе Ўкраіны і лідэраў сэпаратыстаў».

«Фактычна Суркоў стаіць за прызначэньнем большасьці ключавых пэрсонаў, — кажа ўкраінскі палітычны экспэрт Тарас Беразавец. — Ён, як сутэнэр, стаіць і выбірае дзяўчат для гэтага „бардэля“, які называецца ДНР і ЛНР. Ён прызначае і спадара Захарчанку (Аляксандар Захарчанка, кіраўнік самаабвешчанай Данецкай народнай рэспублікі. — РС), ён выбіраў Губарава (Павал Губараў — кіраўнік палітычнага руху „Новороссия“. — РС) у свой час».

Беразавец лічыць, што абвяшчэньне пра ўдзел у менскіх перамовах Суркова — сьведчаньне слабой пазыцыі расейскага прэзыдэнта напярэдадні перамоваў у «нармандзкім фармаце».

Тое, што Суркоў сёньня праявіўся ў публічнай плашчыні, азначае, што Пуцін не задаволены тым, як ідуць справы ў ДНР і ЛНР

«Тое, што Суркоў сёньня праявіўся ў публічнай плашчыні, азначае, што Пуцін не задаволены тым, як ідуць справы ў ДНР і ЛНР. Інакш кідаць у публічную плашчыню свайго ценевага мэнэджэра зусім неразумна. Цяпер Суркоў мусіць „аддувацца“ і даваць Пуціну вынік».

Паводле Беразаўца, Суркоў павінен забясьпечыць патрэбную Расеі і Ўладзімеру Пуціну пазыцыю на перамовах:

«Першае — гэта правядзеньне выбараў на захопленых тэрыторыях, каб хоць неяк легалізаваць іх кіраўніцтва. Другое — унесьці зьмены ў Канстытуцыю Ўкраіны, пра што Пуцін сказаў эгіпецкай газэце „Аль-Ахрам“ напярэдадні візыту ў Эгіпет. Гэтыя зьмены прадугледжваюць фэдэралізацыю Ўкраіны, фактычна прызнаньне фэдэральнага статусу гэтых рэспублік. І замацаваньне нэўтральнага статусу Ўкраіны, каб Украіна адмовілася ад сяброўства і ў НАТО, і ў Эўрапейскім Зьвязе».

Украінскі экспэрт лічыць, што калі Суркоў не патрапіць падрыхтаваць на сустрэчы кантактнай групы гэтыя ўмовы, Уладзімер Пуцін можа адмовіцца ад удзелу ў заўтрашніх перамовах у «нармандзкім» фармаце.

Уладзіслаў Суркоў
Уладзіслаў Суркоў

Барыс Нямцоў у інтэрвію Свабодзе заявіў, што ён спадзяецца, што заўтра пры ўдзеле кіраўнікоў Францыі, Нямеччыны, Украіны і Расеі будзе падпісанае «хаця б нейкае мірнае пагадненьне».

— Кепскі мір лепш за добрую вайну, — кажа Нямцоў.

— Гэта значыць, Пуцін гатовы пайсьці на саступкі?

— Не задавайце мне ідыёцкіх пытаньняў. Я не працую з Пуціным.

Але, паводле ўкраінскага экспэрта Тараса Беразаўца, пагроза зрыву заўтрашніх перамоваў вельмі вялікая:

«Пакуль, з улікам пасьпяховага наступу ўкраінскіх добраахвотніцкіх батальёнаў, на марыюпальскім кірунку ўзятыя два населеныя пункты. Найхутчэй, гэта прывядзе да таго, што Пуцін заўтра едзе на перамовы з пустымі рукамі. Ён разьлічваў захапіць Дэбальцава і ехаць у Менск з пазыцыі сілы. Усе гэтыя пляны сарваныя дзеяньнямі ўкраінскіх добраахвотніцкіх батальёнаў.

Таму заўтра можа быць такое, што ўсе прыедуць на перамовы, а Пуцін будзе да канца трымаць інтрыгу і проста не прыедзе. Або прышле замест сябе Суркова, Лаўрова ці каго заўгодна. Імавернасьць зрыву вельмі вялікая», — падсумоўвае Беразавец.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG