Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рымашэўскі: Брусэль «азэрбайджанізуе» беларускую сытуацыю


Віталь Рымашэўскі
Віталь Рымашэўскі

Кіраўнікі Расеі, Украіны, Нямеччыны і Францыі правядуць у сераду, 11 лютага, сустрэчу ў Менску, прысьвечаную ўрэгуляваньню ўкраінскага крызісу. Свабода апытала беларускіх палітыкаў і палітолягаў пра іх спадзяваньні на вынікі гэтых перамоваў.

Камэнтуючы плянаваны саміт у Менску, сустаршыня аргкамітэту ў справе стварэньня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі кажа Свабодзе, што сам факт правядзеньня гэтай сустрэчы ў Беларусі — ужо вынік:

«А вынік такі — Аляксандар Лукашэнка і яго рэжым набываюць усё большую легітымнасьць у вачах Эўропы. У тым ліку і праз тое, што ў Менску з дапамогай беларускіх уладаў праходзяць „нармандзкія“ перамовы. І сюды прыяжджаюць лідэры эўрапейскіх дзяржаў. Вось гэта, напэўна, і ёсьць самы галоўны вынік для нас, для беларусаў. Таму што гэта адлюстраваньне новай эўрапейскай палітыкі — аднаўленьне стасункаў з рэжымам Лукашэнкі. Можна сказаць, кансэрвацыя альбо азэрбайджанізацыя беларускай сытуацыі, калі на парушэньні правоў чалавека глядзяць ужо ня так строга, калі, нягледзячы на палітвязьняў, з афіцыйным Менскам узнаўляюцца дачыненьні.

А што тычыцца зьместу перамоваў, якія заўтра павінны адбыцца, то, я думаю, чакаць на іх пазытыўнага выніку для Ўкраіны не выпадае. Гэтыя перамовы толькі адцягваюць рашэньне аб падтрымцы зброяй украінскіх жаўнераў.

Ну, і, зрэшты, я слаба веру ў тое, што іх вынікам стане мір альбо хоць працяглае замірэньне ў зоне ваеннай агрэсіі Расеі».

Дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня, спэцыяліст у галіне міжнароднага права Павал Знавец кажа, што не чакае ад перамоваў вялікага прарыву:

Павал Знавец
Павал Знавец

«Зыходзячы з усяго кантэксту падзеяў вакол Украіны, я думаю, што гэта будзе нешта чарговае накшталт менскіх пагадненьняў. Толькі на больш высокім роўні.

У Менску, вядома, могуць пагаварыць. Могуць нешта чарговае падпісаць. Але гэта будзе, як казаў калісьці Бісмарк, дамова, ня вартая нават той паперы, на якой яна напісаная.

Пуціну не патрэбны мір. Яму патрэбна, як цяпер кажуць, разьдзярбаніць і паставіць на калені Ўкраіну».

«Асаблівых вынікаў» не чакае ад менскіх перамоваў і кандыдат гістарычных навук, галоўны рэдактар газэты «Новы час» Аляксей Кароль:

Аляксей Кароль
Аляксей Кароль

«Таму што намеры крамлёўскага кіраўніцтва вызначыліся ўжо даўно. Гэта — падпарадкаваньне Ўкраіны сваім інтарэсам. І невыпадкова, што падрыхтоўка да перамоваў ідзе пад стрэлы гармат. Атакі на Дэбальцава нават не прыпыніліся.

Калі 11 лютага ў Менску і будуць дасягнутыя нейкія дамоўленасьці, то, на мой погляд, гэта стане тактычнай увёрткай дзеля таго, каб потым працягнуць падпарадкаваньне Ўкраіны. Гэта — мэта Пуціна. Калі б яна была іншай, то тады ёсьць вельмі простае рашэньне — ня ўводзяцца войскі, не дастаўляюцца боепрыпасы. Вайна заканчваецца — і ўжо тады ідуць перамовы».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG