Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Перамовы ў Менску — найлепшы варыянт для Пуціна»


Кіраўнікі Расеі, Украіны, Нямеччыны і Францыі правядуць у сераду, 11 лютага, сустрэчу ў Менску, прысьвечаную ўрэгуляваньню ўкраінскага крызісу.

Свабода апытала беларускіх палітыкаў і палітолягаў, наколькі Менск пасуе для такой сустрэчы.

Ня трэба перабольшваць значэньне Менску

Камэнтуючы чаканы саміт у Менску, дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў адзначыў, што гэта найлепшы варыянт для прэзыдэнта Расеі:

Акрамя таго менскі фармат сымбалічна падыходзіць і для сустрэч з Эўразьвязам, і з эўразійскай тройкай.

Андрэй Ягораў
Андрэй Ягораў

«Для яго гэта найбольш прымальная з тактычнага пункту гледжаньня пляцоўка. Для астатніх удзельнікаў перамоваў Менск таксама падыходзіць.

Акрамя таго менскі фармат сымбалічна падыходзіць і для сустрэч з Эўразьвязам, і з эўразійскай тройкай.

Але ж ня трэба і перабольшваць значэньне Менску. Яно застаецца выключна тэхнічным. Менск ня грае нейкай ролі як міратворца. І Беларусь фактычна ня мае ўплыву на гэты працэс.

Разам з тым Лукашэнка мае і пэўныя дывідэнды ад менскай сустрэчы — ён дае месца для перамоваў. І гэта досыць пазытыўна ўплывае на імідж Беларусі, імідж дзейнага тут рэжыму. Захад цяпер больш ляяльна глядзіць на магчымыя перамовы і дыялёг зь Беларусьсю».

Гэта будзе яшчэ адзін крок наперад, — Самасейка

Чаканую сустрэчу «Нармандзкай чацьвёркі» ў Менску вітае старшыня міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Мікалай Самасейка:

Менск, на маю думку, найбольш адпавядае правядзеньню сустрэчы кіраўнікоў краін у так званым Нармандзкім фармаце.

Мікалай Самасейка
Мікалай Самасейка

«Менск, на маю думку, найбольш адпавядае правядзеньню сустрэчы кіраўнікоў краін у так званым Нармандзкім фармаце.

Я, мабыць, не скажу лепей за кіраўніка нашай дзяржавы. А ён падчас адкрытага дыялёгу з журналістамі на апошняй прэсавай канфэрэнцыі сказаў, што пачынаць перамовы ў нейкім іншым месцы, напрыклад, у Астане, — гэта ўсё роўна што пачынаць з нуля.

Я ўпэўнены, што менскія дамоўленасьці ўжо сталі хадзячай назвай. На іх дасягнуты пэўны прагрэс. І таму лягічна праводзіць новыя перамовы ў новым фармаце менавіта на менскай пляцоўцы. Бо калі праводзіць новыя перамовы ў нейкім іншым месцы, то ўзьнікае трывога за тое, што менскія дамоўленасьці могуць быць дэзавуіраваныя. А так гэта працяг. І яшчэ адзін крок наперад».

Дабравольскі: «Менск абраны ад безвыходнасьці»

Лідэры Францыі і Нямеччыны разумеюць, што перамовы ў Менску могуць стаць апошняй спробай спыніць вайну ва Ўкраіне, — адзначае сябра палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі:

«І таму, я думаю, яны хочуць выкарыстаць усе магчымыя сродкі, каб спыніць гэты канфлікт. Хоць зрабіць гэта і будзе вельмі цяжка.

Я разумею, што гэтая ідэя прыехаць у Менск узьнікла ад безвыходнасьці, ад пачуцьця таго, што ні тое, ні гэтае не ўдаецца. Але думаю, што Менск — не найлепшае месца для гэтага, бо Лукашэнка за апошнія гады зрабіў усё, каб быць залежным ад Расеі. Ад самастойнасьці ў нас, на жаль, засталося вельмі мала. Тым ня менш, калі атрымаецца, то дзякуй Богу — будзе добра.

Але калі думаць пра тое, што за парушэньні правоў чалавека і за тое, што ў Беларусі няма дэмакратыі і свабоды слова, за тое, што людзям не даюць магчымасьці зьмяніць уладу, наша краіна знаходзіцца пад санкцыямі, і ў гэтую краіну прыяжджаюць лідэры эўрапейскіх краінаў, — гэта таксама праблема.

Ня ведаю, якія праблемы, акрамя расейска-ўкраінскай вайны, лічаць цяпер галоўнымі ў Эўразьвязе. Але падобна, што беларуская праблема знаходзіцца на другім ці трэцім пляне. Шкада, аднак такая рэчаіснасьць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG