У мінулую суботу на сайце Petitions.by зьявілася пэтыцыя за вяртаньне льготнага праезду ў грамадзкім транспарце для беларускіх студэнтаў. На момант публікацыі колькасьць подпісаў пад пэтыцыяй перавысіла 6000.
У пэтыцыі адзначаецца, што студэнт можа траціць на праезд з дому да ўнівэрсытэту або між карпусамі ВНУ ад 30% да 85% стыпэндыі, а «студэнтам трэба вучыцца, а не шукаць падпрацоўкі».
«У многіх краінах сьвету існуе такая практыка, бо студэнты ёсьць сацыяльна неабароненай групай насельніцтва, — пішуць у пэтыцыі. — Рэспубліка Беларусь лічыцца сацыяльнай дзяржавай, аднак у нашай краіне практычна адсутнічаюць якія-небудзь ільготы для студэнтаў».
Беларускія студэнты, школьнікі і пэнсіянэры мелі права на льготны праезд у грамадзкім транспарце (за паўцаны) да 2007 году. У 2010 годзе школьнікам далі права на бясплатны праезд (потым зноў адабралі ў канцы навучальнага году, потым вярнулі на час навучаньня), паступова льготы вяртаюць пэнсіянэрам.
Год таму кампанію за вяртаньне льготнага праезду студэнтам пачала «Моладзь БНФ».