У Беларусі другі тыдзень трывае крызіс у маршрутных перавозках. Выкліканы ён уступленьнем у сілу абноўленага закону «Аб аўтамабільных перавозках», які патрабуе ад міжгародніх перавозчыкаў перааформіцца ў «рэгулярных». Карэспандэнт Радыё Свабода выправіўся ў Бабруйск, каб даведацца, што адбываецца ў 200-тысячным горадзе, у якім на мінулым тыдні страйкавалі маршрутнікі.
З новымі правіламі не згаджаюцца многія прыватныя перавозчыкі. Яны заяўляюць, што Міністэрства транспарту і камунікацый сваімі ініцыятывамі імкнецца манапалізаваць пасажырскія перавозкі, пазбавіўшы працы індывідуальных прадпрымальнікаў, якія працуюць па «нерэгулярных напрамках».
Маршрутнікі лічаць, што дзеяньні міністэрства прывядуць да каляпсу, бо ў вакзалаў недастаткова транспарту. У шэрагу гарадоў абвешчаны збор подпісаў супраць закону. Сабралі ўжо звыш 50 тысяч. Больш за пяць тысяч сабралі маршрутнікі Бабруйску. Яны часова прыпынілі выезд на лінію.
Раней прыватныя перавозчыкі страшылі, што колькасьць пасажыраў значна ўзрасьце ў перадвыходныя і пасьлявыходныя дні. Гэтыя дні, маўляў, «пакажуць, ці спраўляюцца дзяржаўныя арганізацыі з забесьпячэньнем транспартам ахвотных выехаць».
Квіткі маршрутнікаў — не дакумэнт для камандзіровачных
На стаянцы непадалёк ад бабруйскага аўтавакзалу маршрутнікі зьбіраюць пасажыраў па папярэднім запісе. Мікрааўтобусы хутка напаўняюцца і разьяжджаюцца на лініі. Напрамкі: Менск, Магілёў, Асіповічы, Глуск. Кіроўцы маршрутак негаваркія. Бальшыня суразмоўцаў слаба верыць, што ўдасца захаваць незалежнасьць ад аўтавакзалаў.
«Многія маршруткі не рызыкуюць выпраўляцца ў рэйс. Мы як можам супраціўляемся. Подпісы зьбіраем», — незадаволена кажа маршрутнік, які назваўся Іванам Ціханавічам. Ён возіць пасажыраў з Бабруйску ў Магілёў. Праезд маршруткай да абласнога цэнтру — 5 рублёў. На дзяржаўным аўтобусе — ад 7 рублёў 50 капеек.
Мужчыну 50 гадоў. У яго праблема з хрыбетнікам. Перанёс апэрацыю. Калі давядзецца кінуць маршрутку, заўважае ён, то знайсьці працу будзе няпроста.
«Цяпер бяруць, каб стаж быў і каб работнік быў да 45 гадоў. Я ўсё жыцьцё кіроўца, але гады не схаваеш. І з маёй хворай сьпінай...» — кажа суразмоўца.
За дзень кіроўца маршруткі зарабляе блізу 20 рублёў. Цягам дня ён робіць адзін рэйс. Адзначае, што маршрутак цяпер нямала і аўтавакзалы наракалі, што прыватнік забірае ў іх пасажыра. Таму, на думку суразмоўцы, і абнавілі закон «Аб пасажырскіх перавозках».
Па яго словах, для некаторых катэгорый камандзіровачных квіткі з маршрутак бухгальтэрыі не прымаюць. Кіроўца ўжо сутыкаўся з такой сытуацыяй. Да яго зьвярталася спартшкола, каб перавезьці навучэнцаў, але калі дайшло да афармленьня замовы, то мусіла адмовіцца ад паслуг прыватніка, бо не магла прызнаць сапраўднымі ягоныя білеты.
«Аляксандар Рыгоравіч ня ведае, што робіцца»
Наступнаму кіроўцу маршруткі Ўладзімеру Георгіевічу 59 гадоў. Ён возіць людзей з Бабруйску ў Глуск. Стаў маршрутнікам больш за дзесяць гадоў таму. Набыў мікрааўтобус «Мэрсэдэс». У колькі абышлася яму машына і колькі зарабляе, не сказаў. Адзначыў толькі, што прыватны перавозчык робіць усё для камфорту пасажыра. У параўнаньні з аўтавакзалам у яго праезд таньнейшы.
«Бывае і густа, і пуста. Ну, а калі такую машыну купіў, то выгада ёсьць ад пасажырскіх перавозак. Мы пра пасажыраў іначай думаем, чым дзяржаўны манапаліст. Клапоцімся і пра сваю выгаду, і выгаду пасажыра. Мы ўжо „новыя беларусы“», — кажа кіроўца.
На яго думку, Аляксандар Лукашэнка ня ведае, што робіць Міністэрства транспарту з прыватным перавозчыкам.
«Ён стараецца для людзей, а чыноўнікі законы перакручваюць на сваю карысьць. Ніхто з такіх людзей не зайшоў у маршрутку і не распытаў у пасажыра, ці ёсьць у іх нараканьні. Гэты людзі робяць на шкоду іншым. Міністэрства навязвае нешта незразумелае. І так краіне няпроста, а яны яшчэ горш хочуць зрабіць. Падрываюць аўтарытэт Аляксандра Рыгоравіча», — казаў суразмоўца.
«Дзяржава выцісьне прыватніка з рынку пасажырскіх перавозак»
Кіроўцу маршруткі Аляксею крыху за дваццаць. Сямʼі пакуль няма. Пасажыраў возіць з Бабруйску ў Асіповічы. За дзень робіць чатыры рэйсы. Заробак — блізу 500 рублёў.
«У мяне паўтарагадзінныя перапынкі. Ёсьць магчымасьць перакусіць, драмануць», — кажа суразмоўца.
На яго думку, дзяржава выцісьне прыватнага перавозчыка з рынку пасажырскіх перавозак, каб падняць прыбытковасьць аўтавакзалаў і аўтапаркаў, якія, аднак, прапанаваць лепшыя ўмовы для пасажыраў ня здольныя. Такім чынам, дадаў ён, пасажырскія перавозкі па якасьці абслугоўваньня будуць адкінутыя на пятнаццаць гадоў назад.
Самога Аляксея дужа непакоіць пэрспэктыва стаць беспрацоўным, бо, як ён кажа, знайсьці альтэрнатыву маршруткам няпроста.
Пасажыр: Спазьніўся на электрычку — выратуе маршрутка
Ня ўсім ахвотным выехаць з Бабруйску хапае месцаў у маршрутках. Людзі просяць кіроўцаў давезьці стоячы. Тыя цярпліва тлумачаць, што нельга. Выбачаюцца, кажуць — праз гадзінку прыедзе яшчэ адна маршрутка.
Адзін з тых, хто вымольвае месца ў мікрааўтобусе — Уладзімер. Хлопец спазьніўся на электрычку да Асіповічаў. Наступная — праз чатыры з паловай гадзіны.
«Спадзяёмся на маршрутку, але тая, што выпраўляецца цяпер, ужо поўная. Аўтобусаў з аўтавакзалу да Асіповічаў няма. Электрычка ў Асіповічы ў 10:30, а наступная ажно а 16 гадзіне. Ратуюць толькі маршруткі», — тлумачыць сытуацыю Ўладзімер.
Па яго словах, на маршрутцы да Асіповічаў па грашах даехаць даражэй. На электрычцы — 1 рубель 70 капеек, а на маршрутцы — два рублі 50 капеек. «Але маршруткай хутчэй», — кажа хлопец.
«Аўтавакзалы ня справяцца з пасажырапатокам без маршрутак»
Вераніка вучыцца ў Бабруйску. Сама з Глускага раёну. На вучобу дабіраецца маршруткай. Яна сумняваецца, што дзяржаўнымі аўтобусамі можна якасна замяніць маршруткі.
«Я еду на „Мэрсэдэсе“, а яго хіба можна замяніць нашым „МАЗам“?», — кажа дзяўчына.
«Дый потым, аўтавакзалы ня справяцца з пасажырапатокам, — працягвае яна. — Пачнецца вэрхал. Цяпер мяне ратуюць маршруткі. Шэсьць гадзін раніцы — падʼяжджаюць па мяне. Па грашах аўтобус 2,88 рубля. А маршрутка — 3 рублі. Але за дванаццаць капеек даяжджаеш да Бабруйску значна хутчэй і камфортней».
На бабруйскім аўтавакзале не назіралася вялікага наплыву пасажыраў. Тэрмінал працаваў у звыклым рэжыме. На некаторыя маршруты, як удалося высьветліць, пусьцілі дадатковыя аўтобусы. Сярод іх і магілёўскі напрамак, на якім зьменшылася колькасьць прыватных маршрутнікаў.
Сутнасьць праблемы
26 лютага ўступіў у сілу прэзыдэнцкі дэкрэт № 7 «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва», які разам з абноўленым законам «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках» цалкам зьмяняе сытуацыю на рынку міжгародніх маршрутак. Некаторыя кампаніі па перавозцы пасажыраў на маршрутных таксі прыпынілі працу.
Паводле новага закону дзейнасьць прыватных міжгародніх маршрутак аднесеная да «рэгулярных пасажырскіх перавозак». Раней яны, як і таксісты, лічыліся нерэгулярнымі перавозчыкамі.
Цяпер перавозчыкі мусяць:
- заключыць дамовы на ажыцьцяўленьне рэгулярных перавозак зь «Менаблпасажыртрансам» (або з адпаведнымі структурамі ў іншых абласьцях) — перайсьці да адзінага апэратара «Менаблаўтатранс»;
- забіраць пасажыраў толькі ва ўстаноўленых месцах (на вакзалах);
- езьдзіць па вызначаным маршруце;
- спыняцца толькі на канкрэтных прыпынках;
- распрацаваць расклад, інтэрвалы руху транспартных сродкаў;
- вызначыць колькасьць рэйсаў па маршруце;
- плаціць за паслугі апэратару аўтамабільных перавозак і аўтавакзалу.
Перавозчыкам, якія ня выканаюць гэтых патрабаваньняў, пагражаюць санкцыі — штрафы і нават канфіскацыя транспартнага сродку.
Прыватныя кампаніі па перавозцы пасажыраў кажуць, што зьмены, унесеныя ў закон, будуць мець шэраг нэгатыўных наступстваў:
- прыватныя дыспэтчарскія будуць скасаваныя, людзі страцяць працу;
- кіроўцы ня змогуць прайсьці конкурс і застануцца бяз працы;
- давядзецца падвысіць кошт праезду;
- адпраўляцца ў рэйс давядзецца нават тады, калі маршутка ня будзе запоўненая пасажырамі;
- маршруткі будуць спыняцца толькі на вызначаных прыпынках;
- давядзецца паўтара-два месяцы чакаць, пакуль аўтавакзал разьлічыцца за перавозкі;
- адбудзецца манапалізацыя рынку пасажырскіх перавозак.,