У Беларусі павышаюцца тарыфы на пасажырскія перавозкі чыгуначным транспартам, паведамляе Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю.
Тарыфы на перавозкі пасажыраў у цягніках рэгіянальных і міжрэгіянальных ліній з 1 красавіка 2018 году павялічацца на 24% і 32% адпаведна.
Тарыфы на перавозкі пасажыраў у цягніках агульнага карыстаньня на гарадзкіх лініях павялічаныя з 20 сакавіка да наміналу, зручнага для аплаты (на 2-6%).
Як адзначаюць у міністэрстве, папярэдні раз тарыфы павышаліся ў 2015 годзе.
Паводле Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю, на сёньняшні дзень насельніцтва кампэнсуе ня больш за 20% ад агульных затрат на пасажырскія перавозкі чыгункай.
«Бюджэтнае субсыдаваньне на гэтыя паслугі не ажыцьцяўляецца. Такім чынам, рашэньне аб пераглядзе тарыфаў прынятае ў мэтах паэтапнага павышэньня ўзроўню акупнасьці перавозак пасажыраў чыгуначным транспартам», — гаворыцца ў паведамленьні Міністэрства.