Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца дамогся бясплатнага праезду для школьнікаў Смаргоняў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Некалькі месяцаў школьнікам у Смаргонях давялося плаціць за праезд у грамадзкім транспарце. Пракурор пастанавіў, што гэта незаконна, школьнікі плаціць не павінны.

Згодна з рашэньнем Смаргонскага райвыканкаму з кастрычніка 2017 году ў экспрэс-маршрутах гарадзкога аўтатранспарту Смаргоні навучэнцам было забаронена бясплатна езьдзіць да месца вучобы і дадому.

Да праваабаронцы Алеся Дзергачова зьвярнуліся бацькі з просьбай абскардзіць гэтае рашэньне, паколькі ў іншых гарадах школьнікі падобнай ільготай карысталіся.

Дзергачоў зьвярнуўся ў Смаргонскі райвыканкам з просьбай патлумачыць, на якой падставе існуе забарона, бо пастановай ураду ад 16.02.2011 № 202 была ўстаноўленая льгота навучэнцам на бясплатны праезд ад месца жыхарства да месца вучобы на аўтатранспарце агульнага карыстаньня з 1 верасьня па 30 чэрвеня, без выключэньня экспрэс-маршрутаў.

«Раённыя чыноўнікі спаслаліся на тое, што такая забарона ўведзеная рашэньнем Горадзенскага абласнога Савету дэпутатаў ад 16.10.2017 № 286 „Аб дадатковых захадах сацыяльнай падтрымкі навучэнцаў“, — кажа Дзергачоў. — Але я, вывучыўшы гэтыя пастановы, зьвярнуўся з запытам у пракуратуру вобласьці».

У атрыманым з пракуратуры Горадзенскай вобласьці адказе высьветлілася, што смаргонскія ўлады няправільна зразумелі рашэньне абласнога савету і замест пашырэньня льготаў скарацілі тыя, што былі, забараніўшы бясплатна езьдзіць на вучобу і назад у экспрэс-маршрутах.

«У выніку атрымалася яшчэ болей, бо калі пастанова Савета Міністраў дазваляла бясплатна езьдзіць навучэнцам толькі да месца навучаньня і ў зваротным кірунку, то рашэньне абласнога Савету зьняло гэтыя абмежаваньні і цяпер школьнікі маюць права на бясплатны праезд у тым ліку і ў экспрэс-маршрутах паўсюль», — кажа Дзергачоў.

Дзергачоў пісаў пра гэтую справу ў Горадзенскі аблвыканкам, абласны Савет і дэпутату Палаты прадстаўнікоў Адаму Кавальку.

Ніхто зь іх парушэньня Смаргонскага райвыканкаму не заўважыў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG