Памёр паэт і мастак, аўтар «Народнага альбому» Міхал Анемпадыстаў

Міхал Анемпадыстаў. Здымак Арцёма Канцавога.

Беларускі дызайнэр, графік, фатограф, паэт і перакладчык, аўтар «Народнага альбому» Міхал Анемпадыстаў памёр ва ўзросьце 53 год, расказала Свабодзе яго жонка Алена.

Раней паведамлялася, што ён у крытычным стане быў дастаўлены ў лякарню пасьля таго, як у ноч на 23 студзеня нібыта заснуў за кампутарам. Разьвітаньне зь Міхалам Анемпадыставым адбудзецца 25 студзеня.

Як зрабіць Беларусь прыгожай. Апошняе інтэрвію Міхала Анемпадыстава

Музычны журналіст Сяргей Будкін трымае сувязь са сваякамі Міхала Анемпадыстава і просіць тэрмінова дапамагчы ў зборы грошай на пахаваньне.

«Міхал Анемпадыстаў быў чалавекам неверагоднай энэргетыкі, вельмі мяккі, адукаваны, – згадвае Будкін. – Я думаю, што дзякуючы яму, ягоным песьням шмат хто зачараваўся беларускай мовай, музыкай, гісторыяй, культурай. Ён фактычна адзін са стваральнікаў беларускай нацыянальнай рок-паэзіі.

Нельга забываць, што Міхал быў шматбаковым творцам: дызайнэрам, намесьнікам старшыні Саюзу дызайнэраў Беларусі – шмат добра вядомых плякатаў зрабіў, быў графікам, публіцыстам, філёзафам, фатографам…

Я яго прымаў заўжды за маладога чалавека – як свайго равесьніка, хоць розьніца ў нас амаль у 20 гадоў была. Вельмі дзіўна, што такія людзі сыходзяць заўчасна».

Міхал Анемпадыстаў — пра сям'ю, шлях да беларушчыны і ролю людзей культуры

Міхал Анемпадыстаў нарадзіўся 16 сакавіка 1964 году ў Менску. Дызайнэр, фатограф, графік, паэт, публіцыст. Сябра Беларускага саюзу дызайнэраў і Беларускага ПЭН-клюбу. Навучаўся ў Менскай мастацкай вучэльні, працуе ў жанрах ужытковай графікі, ілюстрацыі, пляката, фатаграфіі. Удзельнічаў у калектыўных і пэрсанальных выставах за мяжой і ў Беларусі.

Ягоныя вершы сталі песьнямі N.R.M., «Новага Неба», Зьмітра Вайцюшкевіча, IQ48 і іншых, ён быў аўтарам славутага «Народнага альбому» (прызнанага «Альбомам году» на «Рок-каранацыі-1997»), перакладаў польскія рок-гіты для беларускіх сьпевакоў. «Чалавек году-2006» па вэрсіі інтэрнэт-парталу «Тузін гітоў». У 2013 годзе выдаў зборнік сваіх вершаў «Глыбока, глыбока, на дне філіжанкі кавы». Таксама Анемпадыстаў ствараў вокладкі для музычных альбомаў. Вёў на сайце кампаніі «Будзьма беларусамі!» (для якой таксама стварыў лягатып) калонку «Простыя рэчы».

Адам Глобус пра галоўныя дасягненьні Міхала Анемпадыстава

Літаратар і мастак Адам Глобус кажа Свабодзе, што Міхал Анемпадыстаў быў «Мастак зь вялікай літары».

З выставы Міхала Анемпадыстава «Колер Беларусі»

«Тое, што Міхал зрабіў для рок-н-рол, для часопіснай графікі, для беларускага плякату, для колеразнаўства — гэта неацэнная праца.

Я доўга зь ім працаваў, разам рабілі часопіс „Бярозка“ — у тагачасным часопісным сьвеце гэта быў новы стыль, новая эпоха, сьветлая такая, празрыстая і вольная.

Дасягненьні Міхала ў плякаце вартыя музэю, і я спадзяюся, што дзяржаўныя музэі раней ці пазьней выставяць плякаты Міхала ў галоўнай экспазыцыі.

Яго праца па колеразнаўстве была ў працэсе, незавершаная, але праца вялікая, яна мяне страшэнна радавала.

А самае галоўнае яго дасягненьне гэта песьні, што гучалі, гучаць і будуць гучаць. Мне вельмі радасна было за яго, што я спакусіў яго пісаць па-беларуску. Спачатку ён напісаў прозу, першае апавяданьне — каляднае для нашай „Бярозкі“, потым зьявілася песьня „Ў чаканьні Калядаў“».

Паміж белым і чорным: як Анемпадыстаў дасьледаваў прыроду беларускага колеру

«Ікона стылю» і «страта, якую ацэнім можа ня сёньня», — Харэўскі

Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі кажа, што Міхал Анемпадыстаў належаў да тых людзей, якіх называюць «іконамі стылю»: сваім мастацтвам, патрабавальнасьцю і бездакорным густам «быў сапраўдным узорам для бальшыні тых, хто яго ведаў».

Міхал Анемпадыстаў, 2015

«Ён ніколі не падвёў нікога, калі браўся за штосьці, будзь то выраб паштоўкі ці афармленьня цэтліка, ён заўсёды рабіў гэта на вышэйшым узроўні і своечасова. Ён фактычна і сканаў на працоўным месцы – працуючы.

Ягоная асоба, ягоны талент расквітнелі ў эпоху нашага адраджэньня, новага нашага адраджэньня беларускай нацыі напрыканцы 1980-х гадоў. Яго і варта так разглядаць, як «чалавека адраджэньня«, рэнэсансную асобу. Ён быў таленавітым мастаком і паэтам, выдатным апавядальшчыкам, кулінарам нават. Ён разьбіраўся і ў колерах, у архітэктуры, у батаніцы, у плякаце, у кніжным дызайне…

Параўнаць яго з кімсьці паводле суме даробку, паводле маштабу няма з кім. Маштаб страты мы ацэнім можа ня сёньня, мо празь нейкі час, калі дамо сабе справаздачу».

«Анемпадыстаў сканструяваў новую ДНК нашай культуры», — Касьцюкевіч

Пісьменьнік і арт-дырэктар кнігарні «ЛогвінаЎ» Павал Касьцюкевіч згадвае, што «зорка Анемпадыстава-паэта» ўзышла на «зломе эпох» — пасьля сумнавядомых рэфэрэндумаў сярэдзіны 1990-х. Тады выйшаў альбом «Мая краіна» гурту «Новае неба», дзе амаль усе песьні былі на словы Анемпадыстава (акрамя «Ліста да сястры» на словы Лявона Вольскага).

«Гэта быў супэргурт: фронтвумэн і фронтмэн — Кася Камоцкая і Лявон Вольскі, гітара — Слава Корань... Невясёлы альбом, але дзякуючы тэкстам голас Касі гучаў ясна і пераканаўча. Выразная альтэрнатыва паныласьці, а апошняя, як вядома, сьмяротны грэх. Голас, які і суцяшаў, і лашчыў, але найперш падсьцёбваў ісьці далей: за сьпінай маем што маем, але самае важнае ў нас наперадзе. Там была мо самая шчымлівая песьня айчыннага року — „Чаканьне калядаў“, Зразумела, „Падводнае гета“, „Калыханка“, вядома, „Мая краіна“. Менавіта гэты альбом, мо нават больш за „Народны альбом“, які зьявіўся на пару год пазьней, адпавядае новым каардынатам беларускай культуры.

Анемпадыстаў і кампанія сканструявалі новую ДНК для нашай культуры, масавай і побытавай. А „Народны альбом“ — гэта масавая культура, у сэнсе таго, што лучыць нас.

Як мастак — што мне заўсёды падабалася ў Міхалу — гэта дыханьне традыцыйнага, назавем яго вясковым, мастацтва. Ён ад гэтага ніколі не адступаўся, нават калі тое было ня дужа ў модзе, з такім лёгкім балцкім флёрам. Ён фактычна прадцеча, бацька „вышыванкавага буму“, з элемэнтам традыцыйнай, яшчэ, відаць, дахрысьціянскай культуры Беларусі, якая мае сваё вымярэньне і глыбіню. Ён заўсёды гэта падкрэсьліваў, як у ягонай апошняй кнізе „Колер Беларусі“. Або яго праект, у якім ён дае сьветагляднае і мастацкае асэнсаваньне караняплодаў. Або як у паштоўках „Будзьма са сьвятамі“, дзе пры дапамозе сучасных выяўленчых сродкаў перапявае сымболіку беларускіх сьвятаў, ад Калядаў і Багача да Гуканьня вясны і Русаліяў.

Калі ў 2014 выйшла ягоная кніга „Глыбока, глыбока на дне філіжанкі кавы“, калі мы ўрэшце чыталі яго вершы на паперы, стала зразумела, што гэта проста выбітны паэт netto, з адметным бачаньнем творчасьці. Ягоны паэтычны даробак не такі вялікі — фактычна ўсе яго вершы ўвайшлі ў гэтую кнігу, уключаючы тэксты „Народнага альбома“. Міхал пакінуў нам вельмі кароткае, але вельмі энэргаёмістае пасланьне».

Музыкі пра Анемпадыстава: Вольскі, Вайцюшкевіч, Варашкевіч

Лявон Вольскі:

«Ён, безумоўна, стаяў ля вытокаў рок-паэзіі, усяго гэтага руху. Я вучыўся зь ім у мастацкай вучэльні — ён на курс раней за мяне быў. Ужо тады размаўлялі шмат пра што, пра беларускую музыку, потым пасьля войска працягнулі гэтыя размовы. Ён быў чалавек вельмі вострага розуму, шмат чым інсьпіраваў, натхняў нас на стварэньне таго ці іншага.

„Народны альбом“ вельмі хутка нараджаўся, вельмі хутка пісалася — некалькі тэкстаў на дзень ён мог прынесьці. Нам заставалася толькі накласьці на музыку і пасьпяваць, увасабляць у музыку ў нетыповай для сябе манеры. Мы проста выдурваліся, весяліліся і пісалі песьні. А потым напрыканцы, калі гэта пачало афармляцца ў грунтоўнае палатно, тады зразумелі, што робім нешта фундамэнтальнае. Але калі займаліся гэтым, было проста весела і нязвыкла працаваць у такім жанры. Звычайна так і ствараюцца значныя праекты.

Апошнім часам ён займаўся дзейнасьцю, блізкай да навукі, чытаў лекцыі, пісаў фундамэнтальны твор пра колеры Беларусі. У розны час рознымі жанрамі займаўся: на пачатку 1990-х у яго было некалькі пасьпяховых выставаў як жывапісца, у Бэрліне была адна, там амаль усё раскупілі, таксама ў яго была сэрыя выдатных плякатаў, якія на пачатку 1990-х паўсюль друкаваліся, яны былі зробленыя на вельмі высокім узроўні і ў выяўленчым сэнсе, і ў разумовым сэнсе, у сэнсе вастрыні...»

Зьміцер Вайцюшкевіч:

«Ён цікавы чалавек быў, вельмі далікатны і вельмі вясёлы. Па заўвагах да нейкіх іншых асобаў — ня востры, але такі лагодны, ды са смакам. Гэта такі бездакорны прыклад беларускага інтэлігента: імклівы, са сваім поглядам на жыцьцё, карэктны, заўсёды мог выслухаць апанэнта, аргумэнтаваць сваю пазыцыю.

Калі рабілі „Народны альбом“, я Міхала ня вельмі памятаю. Кантактавалі тады больш з Вольскім і Камоцкай, а аўтар вершаў, як звычайна, быў дзесьці ў цені. Пазьней, калі ў 1998 годзе пачаліся выезды і паказы „Народнага альбома“ ў Менску, у Польшчы, больш шчыльна пазнаёміліся.

Міхал настолькі шмат зрабіў і назапасіў, што ягоная справа будзе жыць ужо безь яго. Іншая справа, хто яе падыме і працягне, але, думаю, нехта знойдзецца. Ён для мяне міталягізаваў бурак! Калі гатаваў боршч, чысьціў бурак, заўсёды тэлефанаваў яму: „Сёньня гатую боршч, думаю пра цябе“».

Ігар Варашкевіч:

«Міхал, на маю думку, займаў адметнае месца ў беларускім альтэрнатыўным мастацтве, быў сам па сабе, бо меў дачыненьне і да дызайну, і да рок-музыкі. Мы рэдка сустракаліся, але Міхал для мяне быў сябрам, родным чалавекам, аднадумцам. Адно і тое ж пачыналі ў адзін і той жа час, калі пачыналася перабудова, калі пачала адраджацца беларуская мова. Сябравалі мы зь ім з 1980-х гадоў.

Я заўсёды любіў яго, шанаваў яго пачуцьце гумару, якое мы ўбачылі ў „Народным альбоме“. Шкадую, што ня ўзяў у „Народным альбоме“ ўдзелу — зь нейкіх невядомых прычын. Толькі год празь дзесяць пасьля яго выхаду даведаўся, што песьню „Простыя словы“ павінен быў сьпяваць я.

Няшмат год Міхал пражыў, але зрабіў шмат. У маім сэрцы ён застанецца мастаком, паэтам, патрыётам Беларусі і чалавекам, які ўсё сваё жыцьцё жыў для гэтай зямлі, для таго, каб Беларусь зноў стала Беларусьсю, свабоднай Беларусьсю. Сваё кароткае жыцьцё ён пражыў недарэмна».

***

Your browser doesn’t support HTML5

Міхал Анемпадыстаў: Імкненьне жыць у справядлівым сьвеце — адна з дамінантаў беларускай культуры

Your browser doesn’t support HTML5

Анемпадыстаў: Нам не хапае здаровай штодзённай любові да свайго