Абама — не Лукашэнка: ад адказнасьці не адмаўляецца

Сьветавіт Сокалаў і Валер Кавалеўскі

Чаму ў другім туры дэбатаў на прэзыдэнта ЗША перамог Абама? Чым палітыкі зьдзівілі гледачоў? За каго будуць галасаваць беларусы ЗША? Разважаюць прыхільнік рэспубліканцаў Сьвятавіт Сокалаў і стаўленік дэмакратаў Валер Кавалеўскі

Валер Кавалеўскі нарадзіўся ў вёсцы Беражное Столінскага раёна Берасьцейскай вобласьці. У 1998 годзе скончыў факультэт міжнародных адносінаў БДУ. Працаваў у міністэрстве замежных спраў, у тым ліку, у амбасадзе Беларусі ў ЗША. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 года сышоў з дыпляматычнай службы. Зараз атрымлівае ступень магістра міжнародных адносінаў у Джорджтаўнскім унівэрсытэце ў Вашынгтоне.

Валер Кавалеўскі

Абама — не Лукашэнка: ад адказнасьці не адмаўляецца



Абодва кандыдаты падышлі да чарговага раўнду з рознымі набыткамі і з розным настроем. Пасьля першай сустрэчы Абама згубіў падтрымку некалькіх адсоткаў выбарцаў. Аднак дэбаты кандыдатаў на пасаду віцэ-прэзідэнта некалькі дзён таму прайшлі з заўважнай перавагай Джо Байдэна — напарніка Абамы, што прынамсі стварала для дэмакратаў больш спрыяльны псыхалягічны фон.

Тым ня менш, Абама ня мог сабе дазволіць яшчэ адзін непераканаўчы выхад да выбарцаў.

Сярод яго прыхільнікаў зьявілася няпэўнасьць датычна будучага выніку кампаніі. Шанцы ж Ромні на перамогу на выбарах па-ранейшаму заставаліся ніжэйшыя, яму неабходна было зноў перамагаць падчас дэбатаў. Для гэтага Ромні, як і пад час першага раўнду, трэба было кантраляваць ход дуэлі.

Параўнальна зь першым раўндам «мова цела» кандыдатаў гэтым разам не выявіла значнага кантрасту. Абама быў сабраны, у добрым настроі, трымаў свайго апанэнта ў пастаянным полі зроку. Здаецца, Абама ўсталяваў лепшы кантакт з аўдыторыяй, часам удала жартаваў. Ромні ж падаваўся крыху напружаным і стомленым. Часам у ягоным позірку можна было разглядзець прыхаваную трывогу праз разуменьне таго, што дэбаты ідуць не па яго сцэнары.

Другі раўнд быў адметным тым, што праводзіўся ў невялікім памяшканьні, дзе кандыдаты апынуліся амаль акружаныя гледачамі. Свае пытаньні задавалі выбарцы, якія яшчэ ня вызначыліся ў сваім выбары. Літаральна гэта выглядала так, што звычайны чалавек падымаецца, задае пытаньне кандыдату і сядае. Кандыдаты, у тым ліку і дзейны прэзідэнт, стоячы, па чарзе адказваюць на пытаньне. Было бачна, як старанна яны тлумачаць сваю пазыцыю, каб пераканаць суразмоўцу, прызнаючы залежнасьць сваіх пэрспэктываў ад меркаваньня асобнага чалавека. Нават пры моцным жаданьні немагчыма ўявіць сабе, каб дзейны кіраўнік Беларусі — некалі «чалавек з народу» — быў сёньня здольны на такую праяву сьціпласьці і роўнасьці.

Як і раней, перад пачаткам дэбатаў кандыдаты дэманстравалі павагу і добразычлівасьць адзін да аднаго. Гэтым разам, аднак, атмасфэра была больш напружаная. Абама і Ромні шмат рухаліся адносна адзін аднаго, то набліжаліся, то аддаляліся, нібыта драпежнікі, калі выбіраюць лепшую пазыцыю для нападу. Часам яны перабівалі адзін аднаго, апэлявалі да мадэратара, тон прамоваў станавіўся больш рэзкім і напружаным.

За дэбатамі назіраў у рэстарацыі побач са звычайнымі амэрыканцамі ў раёне Вашынгтона, які яшчэ гадоў пятнаццаць таму лічыўся вельмі небясьпечным. Апошнім часам ідзе актыўнае акультурваньне такіх раёнаў горада, што атрымала назву джэнтрыфікацыі.

Шматлікія падобныя ўстановы па ўсім Вашынгтоне былі запоўненыя людзьмі, якія адмыслова сабраліся для таго, каб разам паназіраць за дэбатамі. Публіка станоўча рэагавала на ўдалыя моманты Абамы і ня стрымлівала сваё адмоўнае стаўленьне ў моманты, калі Ромні, як ім падавалася, скажаў факты ці ў чарговы раз зьмяняў пазыцыю. Вашынгтон збольшага прадэмакратычны горад, таму спачуваюць тут пераважна Абаму.

Відавочным кантрастам — у чарговы раз не на карысьць Беларусі — выглядала тое, што ў нашай краіне людзі не зьбіраюцца, каб разам назіраць за палітычнымі падзеямі. І адсутнасьць такой практыкі нельга аўтаматычна патлумачыць узроўнем палітычнай культуры.

Каб зьявіліся такія традыцыі, патрэбны палітычны працэс, адкрытасьць палітыкаў перад грамадзтвам, спаборнасьць меркаваньняў у роўных умовах, урэшце, выбары павінны мець здаровую інтрыгу што да вынікаў. Апошнія парлямэнцкія выбары ў Беларусі былі рэкордна нецікавымі і маркотнымі. Нават неспадзяваная спроба ўдзелу некаторых недзяржаўных кандыдатаў ня здолела ажывіць заведама мёртвы працэс.

Абама гэтым разам прамаўляў больш дакладна, роўна і напорыста. Калі Ромні падманваў, перакручваў факты ці зьмяняў пазіцыю — Абама спыняў яго і ўдала контратакаваў. Моцным момантам было тое, як Абама абвінаваціў Ромні ў палітызацыі сытуацыі вакол нападу на амбасаду ЗША ў Лібіі. Пры гэтым Абама адказнасьць за гэтую крызісную сытуацыю наўпрост узяў на сябе, хоць дзяржсакратар Хіляры Клінтан напярэдадні зрабіла такую ж заяву. Здавалася б, навошта яму лішнія праблемы?

Прыгадалася, што беларускі прэзыдэнт ужо даўно адмаўляецца ад адказнасьці за няспынныя крызісы ў краіне, якой кіруе 18 гадоў, нібыта яны адбываюцца безь яго ведама ці незалежна ад яго рашэньняў. Ну, можа, калі толькі ён не здымае зь сябе адказнасьць за перасьлед і зьняволеньне палітычных апанэнтаў у Беларусі.

І Абама і Ромні мелі свае ўдалыя моманты падчас гэтага раўнду дэбатаў. Невялікую перавагу, аднак, варта аддаць Абаму, які здолеў упэўнена супрацьстаяць напорыстаму Ромні. Паколькі ж для Ромні патрэбна была такая ж пераканаўчая перамога, як і ў мінулы раз, то яго параза ў гэтым раўндзе становіцца тым больш адчувальнай.


Сокалаў Сьветавіт Анатоль нарадзіўся ў 1992 годзе ў Нью-Ёрку. Пачатковую адукацыю атрымаў у Празе (Чэхія). Па вяртаньні ў ЗША далучыўся да беларускага маладзёвага руху. Бярэ актыўны ўдзел у бальшыні грамадзка-палітычных і культурніцках імпрэзаў беларускай дыяспары. Пад час мінулых прэзыдэнцкіх выбараў (2008) працаваў добраахвотнікам у рэгіянальным выбарчым штабе кандыдата ад рэспубліканцаў Джона Макейна. У 2010 годзе скончыў школу ў Іст-Брансьвіку й паступіў ва ўнівэрсытэт Ратгэрс. Вывучае палітычныя навукі й эканоміку. Займаецца спортам (хакей, веславаньне).

Сьветавіт Сокалаў

Абама выглядаў лепш, чым мінулым разам


Чатыры гады таму слоганам перадвыбарчай кампаніі Абамы былі: «Надзея й зьмены». Відаць цяпер ад яго засталася толькі некранутая яшчэ надзея, паколькі са зьменамі ўсё адно нічога не атрымалася. Гэта было відаць у часе апошніх дэбатаў паміж Абамам і Ромні.

Нагадаю, што перад тым прайшлі дэбаты кандыдатаў на пасаду чарговага віцэ-прэзыдэнта, у якіх старэйшы й больш спракрыкаваны ў такіх справах віцэ-прэзыдэнт Абамы Джо Байдан ня змог перамагчы маладога апанэнта з каманды Ромні Пола Раяна.

Вядома, у такой сытуацыі Абама ня меў іншага выбару, як напоўніцу рыхтавацца да сваіх дэбатаў, і трэба адначыць, што гэтым разам выглядаў ён значна лепш, чым мінулым.

Але колькі ні рыхтуйся, абараніць тое, што не абараняецца, усё адно ня можна. Як можна называць дасягненьнем узровень беспрацоўя ў 7,8%, зьвязваючы гэта з заканчэньнем крызісу, калі паказьнік прадукцыйнай эканомікі 3,5 — 4% беспрацоўных? Пра гэта й сказаў Ромні, бо з улікам тых, хто не працуюць, але ў лік беспрацоўных не трапляюць, рэальна ня маюць працы каля 11%. Мушу растлумачыць, што чалавек, які страціў працу й не знайшоў новую цягам наступных шасьці месяцаў, беспрацоўным ужо ня лічыцца, а значыць не ўваходзіць у пададзеныя Абамам адсоткі.

Закранулі кандыдаты ў прэзыдэнты й тэму коштаў на бэнзын. Рэч у тым што пад час прэзыдэнцтва Абамы кошт бэнзыну вырас амаль удвая. Міністар жа энэргэтыкі ЗША сказаў што «кошт бэнзыну — гэта ня нашая праблема».

«Ці вы з гэтым згодны?» — задаў пытаньне Абаму адзін з прысутных на дэбатах. Абама адказаў, што трэба павялічыць ужываньне экалягічна чыстай энэргіі й падняць здабычу нафты. Тады Ромні запытаўся ў Абамы, чаму той адабраў у нафтавых кампаніяў ліцэнзіі на здабычу нафты на дзяржаўных землях і ня даў новых ліцэнзіяў, як гэта рабілася раней. Выразнага адказу ў Абамы не знайшлося, як не знайшлося яго й на наступную рэпліку Ромні адносна заявы кіраўніка ўправы аховы навакольнага асяродзьдзя з каманды Абамы, які заявіў, калі ты хочаш адчыніць бізнэс здабычы вугля — пры наяўных законах гэтага зрабіць немагчыма.

Прысутны на дэбатах афраамэрыканец, які на мінулых выбарах з энтузіязмам галасаваў за Абаму, запытаўся ў яго: «Што вы такое зрабілі за апошнія чатыры гады, каб атрымаць мой голас ізноў, пры тым што многія жыцьцёва неабходныя рэчы ў апошнія гады падаражэлі».

Абама пералічыў дасягненьні, зробленыя пры ягоным кіраўніцтве, але, па-мойму, мала ў чым пераканаў таго, хто задаваў пытаньне…

Я ўжо сказаў, што да гэтых дэбатаў Абама падрыхтаваўся лепш, чым да першых. У выніку пазначыліся некаторыя, можа, недастаткова моцныя, бакі Ромні… Але пра гэта, я думаю, напішуць прыхільнікі дэмакратаў.

І яшчэ. Апошнім разам маім перадвыбарчым віз-а-ві быў Валер Кавалеўскі, якому я хацеў бы шчыра падзякаваць за тое, што, падаючы сваю пазыцыю й сваё бачаньне перадвыбарчай кампаніі ў ЗША, падаў мне пару карысных прыкладаў, як казаў мой дзед па кудзелі Франціш, «і праўду сказаць, і пана не абразіць».


Паглядзець поўнае відэа з дэбатаў:

http://www.youtube.com/embed/QEpCrcMF5Ps