Новая геапалітычная вяроўка

Валер Карбалевіч

Толькі беларускі міністар замежных спраў Уладзімір Макей пасьпеў у Варшаве заявіць, што Беларусь хоча аслабіць эканамічную залежнасьць ад Расеі, як Масква падрыхтавала для свайго саюзьніка новую геапалітычную вяроўку.

Расейскія мэдыі паведамляюць, што РФ мае сурʼёзныя пляны наконт таго, каб пераарыентаваць беларускі экспартны транзыт з балтыйскіх на расейскія парты.

Нельга сказаць, што гэта зусім новая ідэя. Расея ўжо ня раз спрабавала рэалізаваць падобныя пляны. У 2005 годзе пасьля вяртаньня з Расеі, дзе Лукашэнка сустракаўся з Пуціным, кіраўнік Беларусі нечакана заявіў пра будоўлю ў Калінінградзкай вобласьці свайго порта і арыентацыю туды беларускага экспартнага транзыту. Расейскія газэты пісалі, што гэта зроблена быццам бы ў абмен за падтрымку Масквой Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 г. Гэтую ідэю пачало актыўна рэклямаваць БТ. Неўзабаве ў Менск прыехаў губэрнатар Калінінградзкай вобласьці Ўладзімір Ягораў, які сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам, прэмʼер-міністрам, міністрам транспарту. Пачалі езьдзіць у абодвух напрамках дэлегацыі, пайшлі перамовы, распрацоўваньне бізнэс-плянаў, быў моцны піяр у СМІ. Але з усяго гэтага атрымаўся вялікі і гучны пшык. Пасьля выбараў усё спусьцілі на тармазах.

У 2012 годзе паміж Беларусьсю і Расеяй ішлі цяжкія перамовы аб умовах і абʼёмах паставак расейскай нафты. 9 лістапада таго ж году Аляксандар Лукашэнка, прымаючы ў Менску губэрнатара Ленінградзкай вобласьці Аляксандра Дразьдзенку, абвясьціў пра пляны пераарыентаваць перавалку беларускіх грузаў з партоў краін Балтыі на парты Ленінградзкай вобласьці. Прычым беларускі лідэр дадаў, што «прынцыповае рашэньне» па гэтым пытаньні яны з прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным прынялі на сустрэчы ў верасьні. Але рэалізацыю гэтага рашэньня Лукашэнка абумовіў зьніжкамі Расеі на чыгуначныя перавозкі.

У выніку з гэтага зноў нічога ня выйшла. Таму што Беларусі такі транзыт відавочна нявыгадны. Нагадаю таксама, што ў 2013 годзе Беларуськалій купіў 30% клайпедзкага тэрміналу.

Нагадаю таксама, што ў 2013 годзе Беларуськалій купіў 30% клайпедзкага тэрміналу

І вось зноў Расея імкнецца ажыцьцявіць той праект. Але цяпер Масква хоча адначасова выкарыстаць адносна Беларусі і бізун, і пернік.

Спачатку пра бізун. Паводле інфармацыі расейскіх мэдыяў, улады РФ хочуць замацаваць у міжурадавым пагадненьні, якое рэглямэнтуе бязмытныя пастаўкі нафты з Расеі для перапрацоўкі на беларускіх НПЗ, абавязаньні Беларусі па экспарце пэўных абʼёмаў нафтапрадуктаў праз расейскія парты. Цяпер зразумела, што меў на ўвазе віцэ-прэмʼер РФ Аркадзь Дварковіч, які пасьля заканчэньня беларуска-расейскай нафтагазавай вайны і дасягненьня пагадненьняў па газе адзначыў, што ёсьць пэўныя нюансы па рэжыме, абʼёме і цане перапрацоўкі нафты на беларускіх заводах. «На гэтую тэму будзе падрыхтавана асобнае пагадненьне паміж міністэрствамі энэргетыкі дзьвюх краін», — сказаў ён. То бок Расея хоча ўвязаць у адзін пакет абʼёмы пастаўкі нафты для Беларусі і транзыт нафтапрадуктаў праз расейскія парты.

Але, акрамя бізуна, Расея прапануе і пернік. Паводле расейскіх мэдыяў, расейская чыгунка зробіць беларусам зьніжку ў памеры 25%.

Аднак наўрад ці гэта задаволіць беларускі бок. Таму што, паводле ацэнак экспэртаў, эфэктыўнасьць новага лягістычнага калідора для Беларусі праглядаецца толькі ў тым выпадку, калі Расея зробіць зьніжку ў 50%.

Іншая справа, што афіцыйны Менск можа скарыстаць гэтую прапанову і ажыцьцявіць шантаж, ціск на ўсіх замежных партнэраў, каб вытаргаваць больш спрыяльныя ўмовы транзыту.

У любым выпадку, гледзячы па ўсім, дасягненьне газавых пагадненьняў з Расеяй — гэта не канец фільму. Бо нам прапаноўваюць сэрыял. Варта чакаць, што бліжэйшым часам нас чакае новы раўнд цяжкіх перамоваў паміж Менскам і Масквою па нафтавых пытаньнях. А таксама магчымая напружанасьць у адносінах зь Літвой і Латвіяй.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.