Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнтка Літвы: разьмяшчэньне «Іскандэраў» пад Калінінградам — чарговы агрэсіўны крок Расеі


Даля Грыбаўскайце.
Даля Грыбаўскайце.

Разьмяшчэньне пад Калінінградам расейскіх ракетных комплексаў «Іскандэр» зьяўляецца сыгналам для ўсёй Эўропы. Расея такім чынам дэманструе свае агрэсіўныя намеры, заявіла прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце.

«Іскандэры» — гэта выключна наступальная зброя, не абарончая. Расія такім чынам дэманструе сваю сілу і намякае на тое, што можа дастаць сваімі ракетамі амаль усе сталіцы Эўропы. Гэта акт агрэсіі», — цытуе Грыбаўскайце сайт літоўскага грамадзкага тэлебачаньня.

Тым часам і міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус зрабіў заяву пра рост агрэсіўнасьці Расеі. У інтэрвію нямецкай Die Presse ён сказаў, што Расея ўзмацняе міжнародную напружанасьць. У якасьці прыкладу Лінкявічус прывёў небясьпечныя манэўры расейскіх вайсковых самалётаў у небе над Балтыйскім морам, якія ён назваў «ваенным хуліганствам». Пасьля рызыкоўных палётаў, сказаў Лінкявічус, расейцы выступілі з ініцыятывай ўмацаваньня бясьпекі палётаў.

Раней кіраўніцтва шэрагу эўрапейскіх краін раскрытыкавала Расею за разьмяшчэньне ракетных комплексаў у Калінінградзкай вобласьці.

У адпаведнасьці з бестэрміновай Дамовай аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці (РСМД), падпісанай 8 сьнежня 1987 года ў Вашынгтоне генэральным сакратаром ЦК КПСС Міхаілам Гарбачовым і прэзыдэнтам ЗША Рональдам Рэйганам, бакі абавязаліся не вырабляць, не выпрабоўваць і не разгортваць балістычныя і крылатыя ракеты наземнага базаваньня далёкасьцю дзеяньня ад 500 да 5500 км. Паводле афіцыйных зьвестак, далёкасьць дзеяньня мадыфікацыі «Іскандэр-М» складае да 500 км.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG