Расея хоча даць беспрэцэдэнтную зьніжку 25% на перавозкі беларускіх нафтапрадуктаў у расейскія порты, каб забраць грузы ў краінаў Балтыі, паведамляе расейскі «КоммерсантЪ».
Паводле экспэртаў, дадатковыя аб'ёмы могуць прынесьці манаполіі «ААТ РЖД» каля 8 мільярдаў рублёў. Але гэтае рашэньне можа быць і палітычным: пляны па скарачэньні транзыту праз Прыбалтыку абмяркоўваліся ў верасьні на ўзроўні спэцпрадстаўніка прэзыдэнта РФ Сяргея Іванова. А «Транснефть» ўжо абвясьціла пра гатоўнасьць скараціць да нуля транзыт нафтапрадуктаў у гэтым кірунку.
Ужо на гэтым тыдні праўленьне «ААТ РЖД» разгледзіць магчымасьць зьніжкі ў 25% на транзытныя перавозкі бэнзіну, дызэльнага паліва і мазуту з НПЗ Беларусі ў расейскія порты Паўночнага Захаду, паведаміла «Коммерсанту» крыніца ў манаполіі.
Зьніжка зробіць тарыф чыгунак РФ у гэтым кірунку супастаўным з тарыфамі на літоўскія порты Вентспілс і Клайпеда. Дагэтуль нафтапрадукты зь Беларусі ў напрамку партоў Расеі не ішлі, таму любы прыцягнуты аб'ём высокарэнтабэльных перавозак нафтапрадуктаў забясьпечыць «ААТ РЖД» дадатковыя даходы. Мяркуецца, што зьніжка будзе дзейнічаць да канца 2018 году. Калі яна будзе прынятая ў звычайным парадку, то ўступіць у сілу праз дзесяць дзён пасьля публікацыі рашэньня. У «ААТ РЖД» ад камэнтароў адмовіліся.
Пляны па перанакіраваньні экспарту нафтапрадуктаў у расейскія порты раней разглядаліся ў Расеі. У нафтавых кампаніях падтрымалі гэтую ініцыятыву, каб «не карміць порты краін, якія падтрымалі эўрапейскія санкцыі супраць Расеі».