У чарговай перадачы Віталя Цыганкова сэрыі «Інтэрвію тыдня» паэт і палітык Уладзімер Някляеў разважае пра значэньне Нобэля Сьвятланы Алексіевіч для Беларусі, адказвае на пытаньне, што такое нацыянальнае ў культуры, і чаму Нобэлеўскую прэмію не атрымаў у свой час Васіль Быкаў.
— Што дала Нобэлеўская прэмія Алексіевіч для краіны, для беларускай гісторыі?
«У гэтым часе мне страшэнна не хапала адной рэчы — лекцыі па літаратуры Нобэлеўскага беларускага ляўрэята»
— Я вучыўся ў Літаратурным інстытуце ў Маскве, калі Нобэлеўскую прэмію атрымаў Аляксандар Салжаніцын. Лекцыю ягоную тады, натуральна, было не знайсьці, і мне дастаўся, можа быць, дзясяты асобнік з раздрукаванкі. Магчыма, таму я добра ўсё запомніў. «Як той дзікун, — пачынае Салжаніцын, — які вылавіў з акіяну нейкую рэч, якая зьдзіўляе яго, уражвае, прызначэньне якой ён ня можа спасьцігнуць, і адразу спрабуе прыстасаваць яе да рэчаіснасьці, да надзённых патрэбаў — гэтак і мы намагаемся прыстасаваць да нашай штодзённасьці мастацтва, літаратуру, у той час як гэта — цуд».
Гэты вобраз унівэрсальны. І калі хочаце, прыватны. У дадзеным выпадку ён датычыць Алексіевіч, яе творчасьці, прэміі, рэакцыя на яе, якая вельмі добра вызначае час, у якім мы жывем. Вызначэньнем гэтага часу і займаецца Алексіевіч. І найлепшы інструмэнт для гэтага якраз літаратура, якая, як сьцьвярджаў Бродзкі, дазваляе чалавеку ўдакладніць час свайго існаваньня.
І ў гэтым часе мне страшэнна не хапала адной рэчы — лекцыі па літаратуры Нобэлеўскага беларускага ляўрэята. Цяпер гэтая ніша запоўнілася.
— Калі грамадзянская прыналежнасьць Алексіевіч да Беларусі не выклікае сумневу, то наконт літаратурнай прыналежнасьці ідуць дыскусіі. Ці прыналежыць яна да беларускай літаратуры? Сама Алексіевіч падчас сваёй лекцыі на гэты конт нічога не казала. Ці лічыце вы гэта істотным, ці яе творчасьць кажа сама за сябе?
«Сьвятлана Алексіевіч даўно і настойліва даводзіць, што культура ў яе крыві руская».
— Істотны перш за ўсё сам факт прэміі. Бяз гэтага не было б дыскусіяў пра літаратуру, якія ідуць у нас цяпер, і якіх не было ўжо даўно. Прэтэнзіі да Алексіевіч зразумелыя, але, па-мойму, не зусім карэктныя. Тыя людзі, якія прэтэнзіі прад’яўляюць, проста не пачулі тое, што хацелі б самі пачуць.
Алексіевіч казала пра тое, што яна адчувала. Пра створаную ёй літаратуру, распавяла, як яна яе стварала, што думала, адчувала, што адбывалася ў сьвеце і ў ёй самой. Найчасьцей гэта і ёсьцека тэмай лекцыяў Нобэлеўскага ляўрэята. Памятаю лекцыю пэруанскага пісьменьніка Марыё Льёса. Ён казаў таксама пра свае камуністычныя перакананьні, веру ў сацыялізм, і пра тое, як зьмянілся з часам ягоныя погляды.
Але паўстае пытаньне нацыянальнае. Нацыянальнасьць — гэта ня кроў, гэта культура ў крыві. Сьвятлана Алексіевіч даўно і настойліва даводзіць, што культура ў яе крыві руская. Тое самае яна сьцьвердзіла ў сваёй Нобэлеўскай лекцыі. А «лябаранты», якія зь ёй спрачаюцца, усе спрабуюць зрабіць аналізы — раптам гэта памылка. Не, не памылка.
Адзін з маіх знаёмых, вядомы актор, нават дагаварыўся да таго, што Алексіевіч — ледзьве ня «рускі сьвет». Ёсьць розныя «рускія сьветы». Гэта ня толькі «вата» і ня толькі Пуцін і ідэолягі. Калі дапусьціць, што Сьвятлана Алексіевіч — таксама «рускі сьвет», то дзякуй Богу. Хай такі «сьвет» будзе, нам ад яго не адгарадзіцца, і няхай ён будзе такім, якая ёсьць Алексіевіч.
«Калі б гэтая аповесьць была выдадзеная ў 60-я, то імя Васіля Быкава было б такім жа вядомым на Захадзе, як імя Салжаніцына».
— Хто зь беларускіх аўтараў — калі не за ўсю гісторыю, то за апошнія 25 гадоў, час незалежнай Беларусі — найбольш заслугоўваў Нобэля да Сьвятланы Алексіевіч? Чаму, на вашую думку, яго не атрымаў Васіль Быкаў?
— Канечне, справядліва б было — з усіх бакоў справядліва, з боскага і чалавечага — каб нобэлеўскім ляўрэятам стаў Васіль Быкаў. Ён яе проста заслужыў усім сваім жыцьцём і творчасьцю. І ўсё да гэтага ішло, я ў 2001 годзе, калі паўстала гэтае пытаньне, быў у Стакгольме — але ў той час ніводнай ягонай кнігі ў перакладзе ані на швэдзкую мову, ані на ангельскую не было. І пазьней ужо, калі выйшаў пераклад на ангельскую мову «Мёртвым не баліць», перакладчык кнігі Джозэф Мозур выказаў перакананьне, што калі б гэтая аповесьць была выдадзеная ў 60-я, то імя Васіля Быкава было б такім жа вядомым на Захадзе, як імя Салжаніцына.
Ці, можа, справядліва было б, каб першым ляўрэятам-беларусам быў бы паэт Рыгор Барадулін, бо ўсё-такі ад пачатку беларуская літаратура — гэта паэзія. Арнольд Макмілін, які вельмі добра ведае нашу літаратуру, пісаў, што ён нават меў ліст ад Нобэлеўскага камітэту з пытаньнем, як ён ацэньвае творчасьць Барадуліна. «Геній» — адказаў Макмілін. Але, — піша далей Макмілін, — апроч мяне пра тое, што ён геній, ані ў Нобэлеўскім камітэце, ані ўвогуле на Захадзе ніхто ня ведаў.
У Алексіевіч зусім іншая сытуацыя. Яна склалася ня толькі праз самую літаратуру, але і празь зьбег абставінаў, у тым ліку і палітычных. Увогуле прэмія — гэта лятарэя. І нам вельмі паспрыяла сытуацыя, якая склалася ў сьвеце. І «чырвоны чалавек» у працэсе асэнсаваньня заходнім дэмакратычным сьветам таго, што такое Расея, — вельмі добра паклаўся як дапаможнік. І гэта паспрыяла Алексіевіч. Але спрыяе звычайна дастойным.
— Улады, здаецца, апынуліся ў патавай сытуацыі. І ўхваліць Алексіевіч яны ня могуць, але і крытыкаваць яе не вырашаюцца. Таму яны проста змоўклі. Гэта — найлепшае, што яны маглі прыдумаць?
— Той жа Бродзкі ў сваёй лекцыі прапаноўваў замяніць дзяржаву бібліятэкай. Ён казаў , што сьвет ужо выратаваць ня ўдасца, але асобнага чалавека можна. Дык вось, калі б нашу дзяржаву замяніць бібліятэкай — дык было тое, што трэба.
Яны ж ня ходзяць у бібліятэку. Яны нічога не чытаюць, нічога ня хочуць ведаць пра культуру, пра тое, што можа гэта сьвет уратаваць. Яны ня хочуць разумець, што насамрэч адбываецца ў сьвеце, не карыстаюцца тымі адкрыцьцмі, якія дае мастацтва і літаратура.
І калі гэта не разумець, то ў гэтым кантэксьце нельга ацаніць ані тое, што напісала Алексіевіч, ані факту, што дае Беларусі Нобэлеўская прэмія. Толькі рэўнасьць, толькі злосьць. «Я мог бы даць, я мог бы гэтую міласьць аказаць, тады ўсё было б нармалёва», — думае самы галоўны беларускі літаратар, які «вершы піша пад бярозамі, а прозу пад дубамі» (як ён мне накалі казаў). «А калі ня я, дык ніхто».
І Алексіевіч сама пра гэта даволі дакладна недзе заўважыла. Ён лічыць сябе манархам, і ў тым уся праблема ягоных адносінаў зь ягонымі слугамі і служкамі. А Алексіевіч, як любы сапраўды літаратар, ня можа быць слугой рэжыму.