Байкер Сяргей Шаўцоў, які ўжо адбыў за кратамі паўгода, правядзе ў калёніі яшчэ 4,5 года і мусіць сплаціць кампэнсацыю ў 30 тысяч рублёў. Судзьдзя Цэнтральнага раённага суду Валер Есьман прызнаў байкера вінаватым у супраціве інспэктару ДАІ і парушэньні правілаў дарожнага руху, што пацягнула за сабой цяжкія наступствы.
Здарэньне адбылося 18 красавіка ў Менску на скрыжаваньні праспэктаў Незалежнасьці і Пераможцаў. Сяргей Шаўцоў на матацыкле «Судзукі», паводле суду, не падпарадкаваўся інспэктару ДАІ Ўладзімеру Таўпінцу і спрабаваў зьехаць зь месца, дзе інспэктар вырашыў праверыць у яго дакумэнты. У выніку сутычкі даішнік паваліўся на праежджую частку дарогі, дзе атрымаў траўму ад аўтамабіля. Пасьля выхаду з комы Ўладзімеру Таўпінцу зрабілі некалькі апэрацыяў на чэрапе. Здароўе ён дагэтуль не аднавіў.
У судзе Сяргей Шаўцоў не прызнаў сваёй віны ў здарэньні, але пагадзіўся выплаціць Уладзімеру Таўпінцу на лячэньне 5 тысяч рублёў і выказаў яму спачуваньні. Байкер заяўляў, што прычынай цяжкіх наступстваў былі не ягоныя дзеяньні, а тое, што інспэктар ДАІ схапіўся за рычагі матацыкла.
Пракурор прасіў для байкера пакараньне ў 5 гадоў зьняволеньня. Адвакаты прасілі яго апраўдаць і спасылаліся на незалежную экспэртызу, паводле якой у момант ДТЗ байкер ня мог самастойна кіраваць матацыклам. Суд, аднак, гэтую экспэртызу да матэрыялаў справы не далучыў.
Пасьля абвяшчэньня прысуду Сяргей Шаўцоў з-за кратаў заявіў, што ня згодны з выракам. Пад вартай байкера трымаюць з красавіка.