Камуніст Мікалай Валовіч заклікае аднапартыйцаў «пакаяцца за грахі партыі і прымірыцца і з Богам, і з царквою».
Мікалай Валовіч, былы сакратар ЦК КПБ і сябра рэвізійнай камісіі праўладнай Камуністычнай партыі Беларусі, прыняў у касьцёле сакрамант бежмаваньня (мірапамазаньня) ад мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.
Валовіч — шматгадовы сябра праўладнай КПБ, якую ўзначальвае намесьнік старшыні Менгарвыканкаму Ігар Карпенка.
У 2012 годзе Мікалай Валовіч разам з камуністам Мікалаем Юшчанкам зьвяртаўся ў суд з пазовам да актывістаў Маладога фронту з-за яек, кінутых актывістамі ў помнік Леніну на плошчы Незалежнасьці падчас камуністычнага сьвята 7 кастрычніка. Некаторы час Мікалай Валовіч быў памочнікам Ігара Карпенкі, сакратаром Цэнтральнага камітэту партыі, цяпер ён сябра рэвізійнай камісіі ЦК КПБ. У Маскве ён ускладаў кветкі да помніка Сталіну і сустракаўся зь лідэрам расейскіх камуністаў Генадзем Зюганавым.
Сакрамант бежмаваньня (мірапамазаньня) — гэта адна зь сямі таямніцаў Царквы, якую прымаюць дасьведчаныя, практыкуючыя вернікі.
Прымаючы сакрамант, бежмаваны абірае сабе апекуна спаміж сьвятых. Мікалай Валовіч абраў сваім нябесным апекуном вучня Хрыста, першага біскупа Рыму — сьвятога Пятра.
Мікалай Валовіч сказаў Свабодзе, што ня бачыць супярэчнасьцяў паміж камуністычнай ідэалёгіяй і хрысьціянскай верай:
«Калі вы прачытаеце праграму нашай партыі, то пабачыце, што цяпер яна не спрачаецца з царквою, мы паважна ставімся да ўсіх рэлігійных канфэсіяў. Асабліва да тых, якія ёсьць у Беларусі — каталіцкай і праваслаўнай цэркваў. І ваяўнічага атэізму нашая партыя не прапаведуе.
Камуністычная партыя ў свой час рабіла памылкі, і кіраўніцтва царквы таксама рабіла памылкі. Ян Павал ІІ пакаяўся за грахі царквы. Можа, прыйшоў час і кіраўніцтву партыі пакаяцца за грахі партыі і прымірыцца і з Богам, і з царквою».