У менскім касьцёле сьвятых Сымона і Алены (Чырвоным касьцёле) распачаўся працэс бэатыфікацыі альбо прызнаньня сьвятым фундатара Чырвонага касьцёла Эдварда Вайніловіча — выбітнага грамадзкага і культурнага дзеяча, палітыка і патрыёта Беларусі.
Дзесяць гадоў таму намаганьнямі настаяцеля касьцёла, ксяндза Ўладыслава Завальнюка, парэшткі Эдварда Вайніловіча былі перапахаваныя ў скляпеньнях збудаванай фундатарам сьвятыні. Уладыслаў Завальнюк таксама быў адным з ініцыятараў працэсу бэатыфікацыі Эдварда Вайніловіча. З нагоды значнай падзеі ксёндз Уладыслаў паведаміў Свабодзе:
«Падчас урачыстай сьвятой імшы ў нядзелю, 10 красавіка, ксёндз- арцыбіскуп мітрапаліт менска-магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч урачыста абвесьціць, што Эдвард Вайніловіч — слуга Божы. Гэтым завяршаецца першая, інфармацыйная, частка бэатыфікацыйнага працэсу. Далей распачынаецца другая частка працэсу, якая мае мець знак: цуд. Гэта значыць, што ласка зь неба праз заступніцтва Эдварда Вайніловіча павінна быць бачнай на пэўным чалавеку — павінны быць зафіксаваны цуд аздараўленьня, выратаваньне ці штосьці іншае.
Гэта знакавая падзея ўжо таму, што гэты працэс упершыню праходзіць у Беларусі. У нашай краіне такога не было ніколі за ўсю яе гісторыю. Калі такія выпадкі і былі, пра якія мы ня маем зьвестак, — ці тое ў Вялікім княстве літоўскім, ці Рэчы Паспалітай, ці Ватыкане — то гэта былі духоўныя асобы альбо манахі. Таму гэтая падзея мае падвойную асаблівасьць, бо ўвесь працэс, ягонае дакумэнтальнае суправаджэньне адбываюцца тут, у Беларусі, і, што гэта адбываецца адносна сьвецкай асобы. І Эдвард Вайніловіч ня проста сьвецкая асоба і вернік, але таксама вялікі гаспадарнік, палітык, дыплямат, дэпутат, семʼянін — узор для многіх беларускіх мужчын і бацькоў. Як вядома, Чырвоны Касьцёл ён таксама збудаваў у памяць пра сваіх дзяцей Сымона і Алену. Ён як вялікі прыклад магутнасьці духу, і нават у Эўропе ці знойдзем такую значную асобу, як Эдвард Вайніловіч — гэта трэцяя выбітнасьць таго, што адбываецца ў нашай краіне.
І што вельмі важна, што 10 красавіка ў Ватыкане папа Францішак абвясьціў на ўвесь сьвет пра ўшанаваньне Беларусі і беларускага народу ў асобе Эдварда Вайніловіча. І не на адзін дзень, а назаўсёды, на кожны год».
Карэспандэнтка: «Колькі доўжылася першая, інфармацыйная, частка бэатыфікацыі, і на колькі разьлічаная другая, якая прадугледжвае цуд праз заступніцтва бэатыфікаванага? А калі гэткі цуд ня здарыцца?»
«Можа прыйсьці і 50, і 100, і 200 гадоў у чаканьні такога цуду. Гэта, як Хрыстос навучае, калі зьвяртаецца да хворых: паводле веры тваёй няхай табе станецца. Гэта значыць, што наколькі людзі зь вераю і малітваю зьвернуцца, настолькі і атрымаюць. Тут ужо дзейнічае дух чалавечы і давер Богу.
Інфармацыйная ж, першая, частка доўжылася каля васьмі гадоў. Працэс распачаўся праз два гады пасьля таго, як парэшткі Эдварда Вайніловіча былі перапахаваныя ў Чырвоным касьцёле. Яшчэ сьвятой памяці кардынал Казімір Сьвёнтак бласлаўляў людзей на збор подпісаў у падтрымку таго, каб жыцьцё і дзейнасьць гэтай асобы разглядалі духоўныя спэцыялісты — Кангрэгацыя да спраў сьвятых. Тады ж распачалі зьбіраць зьвесткі, дакумэнты і перадаваць іх у Ватыкан. Вынікам гэтай працы і ёсьць тое, што Эдвард Вайніловіч абвешчаны ў Беларусі і ў Ватыкане слугой Божым».
Карэспандэнтка: «Што гэтая падзея азначае для Чырвонага касьцёла, і што перажываеце вы як пробашч гэтай сьвятыні?»
«Нас „расьпірае“ ад радасьці духоўнай, вернікі — са сьлязьмі на вачах. Ну што вы.... Мы знаходзімся ў храме, які будаваў Эдвард Вайніловіч, які ўкладаў у яго ўсю сваю душу. Веліч гэтага храма і веліч асобы Эдварда Вайніловіча нас абʼядноўвае і нас радуе, бо ў родзе Вайніловічаў былі ня толькі каталікі, але і грэка-каталікі. І напэўна дух Эдварда Вайніловіча зараз вітае ў храме і над храмам на хвалу Божую».