Жыхары магілёўскага мікрараёну «Тэхнапрыбор» вымусілі ўладу зьняпраўдзіць зьвесткі пра закрыцьцё аўтобуснага маршруту, які злучаў іх з цэнтрам гораду. Чыноўнікі, якія прыехалі тлумачыць людзям сытуацыю, назвалі такія зьвесткі правакацыяй і запэўнілі, што намераў скасоўваць маршрут не было.
Многія жыхары мікрараёну даведаліся, што аўтобус больш хадзіць да іх ня будзе, з абвестак, расклееных напярэдадні. Некаторыя пачалі даймаць тэлефанаваньнямі чыноўнікаў.
Найбольш актыўныя склалі зварот да старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай, якім папярэдзілі, што ня пойдуць на выбары, калі ня будзе аўтобуса. У лісьце Ярмошынай адзначаецца, што «празь зьвесткі аб закрыцьці маршруту выбарнікі астылі да выбараў».
«Мы абураныя паведамленьнем кіраўнікоў аўтобусных перавозак Магілёва, што пасьля выбараў у мясцовыя саветы скасоўваецца заезд гарадзкога транспарту № 35 на канцавы прыпынак мікрараёну „Тэхнапрыбор“ з прычыны таго, што праезд абцяжараны нячышчанымі дарогамі, а аўтамабілі стаяць пад забароненымі знакамі», — гаворыцца ў звароце.
Каб «папярэдзіць зрыў выбараў, напісалі Ярмошынай жыхары мікрараёну, патрабуем ачысьціць дарогі і ходнікі, навесьці парадак з паркоўкамі ў забароненых месцах ды не адмяняць заезд аўтобуса пасьля выбараў».
Начальнік аддзелу энэргетыкі і транспарту Магілёўскага гарвыканкаму Яраслаў Васюцёнак назваў «інфармацыю» пра скасаваньне аўтобуснага маршруту «правакацыяй». На сустрэчы з жыхарамі мікрараёну ён запэўніваў, што гарвыканкам не прымаў такіх рашэньняў.
Пакуль чыноўнікі гаварылі зь людзьмі, пляцоўку на канцавым прыпынку аўтобуснага маршруту чысьціў ад сьнегу трактар. Выстаўлены быў і пост супрацоўнікаў ДАІ.
Перад сустрэчай з чыноўнікамі расклееныя напярэдадні абвесткі пра закрыцьцё аўтобуснага маршруту, казалі людзі, невядомыя пазрывалі.
Мікрараён «Тэхнапрыбор» знаходзіцца на ўскрайку гораду. Акрамя аўтобуса № 35 і некалькіх нумароў маршрутак, удвая даражэйшых за праезд у аўтобусе, яго злучае з суседнімі «спальнымі раёнамі» вузкі масток. На будаўніцтва аўтамабільнага моста ў гарадзкім бюджэце няма сродкаў.