З 1 лютага Берасьце мог стаць першым беларускім горадам, дзе пасажыры грамадзкага транспарту меліся аплачваць праезд праз смартфон. Але запуск новаўвядзеньня адкладаецца.
Раней «Вечерний Брест» паведаміў, што са смартфонаў з апэрацыйнай сыстэмай Android 4.0 і вышэй сьпісваньне кошту талёнчыка будзе аўтаматычным пры ўваходзе ў аўтобус. Уладальнікам Android ніжэй за вэрсію 4.0 трэба будзе паднесьці тэлефон да аднаго з SQR-кодаў у салёне.
Каб гэтак проста аплачваць праезд, неабходна толькі спампаваць на смартфон адмысловы дадатак Tix, да якога прывязваецца банкаўская картка. Кошт квітка аўтаматычна сьпісваецца з рахунку пасажыра.
Такую паслугу «Брэстгартранс» абяцаў увесьці з 1 лютага гэтага году спачатку на двух аўтобусных маршрутах — № 7 і № 16. Паэтапна плянавалася распаўсюдзіць гэтую паслугу на іншыя аўтобусныя маршруты, а таксама на тралейбусныя. Паведамлялася, што сыстэма ўжо прайшла тэставаньне.
Аднак, як патлумачылі карэспандэнту Свабоды ў аддзеле арганізацыі перавозак «Брэстгартрансу», аплата праз смартфон у аўтобусах пакуль немагчымая.
Праграміст Аляксей сказаў, што праграма пакуль не зьявілася ў вольным доступе для спампоўваньня.
«Раней абяцалі запусьціць у лютым. Распрацоўшчык абяцаў нам з 1 лютага. Але ў яго ўзьніклі нейкія праблемы. Распрацоўшчык, на жаль, затрымлівае гэты працэс», — сказаў Аляксей.
Але як толькі праграма зьявіцца ў вольным доступе для спампоўваньня, яна будзе працаваць.
Дыспэтчар «Брэстгартрансу» сказаў, што ад сёньняшняга дня праграма праходзіць тэставаньне і ўжо заўтра ці пасьлязаўтра можна будзе яе спампаваць.
«Пайшлі нейкія непаладкі, і праграму дапрацоўваюць», — сказаў дыспэтчар.