Кожны ліст да маці Аляксей Абрамаў заканчвае словамі: «Трэба проста прайсьці свой шлях». І дзякуе ёй, што не навучыла хлусіць. Свабода пагаварыла са Сьвятланай Абрамавай. Яе 37-гадовага сына Аляксея затрымалі па справе «Белага легіёну» 21 сакавіка.
Мой сын скончыў школу з срэбным мэдалём. Чацьвёрка ў яго была толькі па біялёгіі. Ва ўнівэрсытэце ён таксама вучыўся добра. З трэцяга курсу ўжо сумяшчаў вучобу з працай.
Я чалавек рускі. Прыехала ў Беларусь, калі мне было 12 год. Я гадавала сваіх дзяцей у любові да той зямлі, дзе яны жывуць. Мае дзеці заўжды любілі ўсё беларускае. Я самастойна вывучыла беларускую мову. Слухала радыё. Тую ж Свабоду, калі яна зьявілася. Чытала Быкава, чытала Караткевіча. Першую кнігу я прачытала — «На ростанях» Якуба Коласа.
І мне незразумела, як этнічным беларусам ня крыўдна, што губляецца іхні этнас? У кожнага другога беларуса, колькі жыву, пытаюся: «Чаму вы саромеецеся, што вы беларусы?» Ніводная нацыя так сябе не саромеецца.
А мы адчуваем сябе беларусамі. Я нарадзілася ў Курскай вобласьці. І мне сын заўжды так казаў: «Я ведаю, чаму ты такая беларуска атрымалася. Таму што ты нарадзілася ў былым Вялікім Княстве Літоўскім. Мяжа княства праходзіла праз Стары Аскол». Так мае дзеці жартавалі.
Ён добра ведаў гісторыю, бо на юрфаку было столькі прадметаў па гісторыі. І ў школе ў нас быў выдатны настаўнік гісторыі. Мой сын вельмі адукаваны чалавек.
Ён юрыст-палітоляг па спэцыяльнасьці. На юрфаку БДУ яму давалі накіраваньне ў асьпірантуру. Але ён не пайшоў. Палітолягам у нас працаваць можна толькі ў адным кірунку. І давялося б хлусіць. А я не навучыла дзяцей хлусіць. І вось цяпер думаю, ці правільна зрабіла.
Я так выхоўвала дзяцей, каб не хлусілі. І мы ніколі не хавалі таго, што думаем. Ня ўмеем прыстасоўвацца. І за гэта, аказваецца, мы пацярпелі
А сын піша, што правільна. Ён дасылае лісты зь СІЗА. Ён кожны ліст, я вось сёньня атрымала, заканчвае такімі словамі: «Трэба проста прайсьці свой шлях».
Ягоная любоў да свабоды — у каранях. Ягоныя прадзеды па бацькавай лініі — казакі зь Белгародзкай вобласьці. У ім заўжды было пачуцьцё свабоды і праўды. І я так выхоўвала дзяцей, каб не хлусілі. І мы ніколі не хавалі таго, што думаем. Ня ўмеем прыстасоўвацца. І за гэта, аказваецца, мы пацярпелі.
Жонка з сынам вярнуліся дахаты, калі ў доме быў ператрус. І яна спытала, што здарылася. А сын адказвае: «Я ня ведаю».
Мае дзеці, для іх Беларусь — вельмі важна. А як і хто іх цяпер выкарыстоўвае, мне незразумела. І гэты ўчорашні фільм — сорамна яго глядзець. Сярод усіх затрыманых я толькі прозьвішча Лазоўскага чула, бо чытаю навіны ў інтэрнэце. А астатніх дык я і ня ведаю. Хаця па фота гляджу — усе прыстойныя асобы.