Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Чыслаў: «Белы легіён» — гэта не арганізацыя, гэта стан душы


«На нас Караткевіч паўплываў»  — Сяргей Чыслаў пра гісторыю «Белага легіёну»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:22:54 0:00

«На нас Караткевіч паўплываў»  — Сяргей Чыслаў пра гісторыю «Белага легіёну»

З госьцем Свабоды Сяргеем Чыславым (Бульбам), былым лідэрам «Белага легіёну» абмяркоўваем затрыманьні ў так званай справе «Белага легіёну», ці, як называюць яе ў сацсетках, справе патрыётаў.

Ганна Соўсь: Сяргей, вы некалькі гадоў ужо жывяце ва Ўкраіне. Ці спрабавалі з вамі зьвязвацца прадстаўнікі КДБ, міліцыі ў справе так званага «Белага легіёну» як з былым лідэрам арганізацыі? Ці ёсьць пагроза, што і вы можаце стаць фігурантам справы?

Сяргей Чыслаў: Напрасткі не. Ёсьць ў мяне падазрэньні, што такая праца ішла праз тых людзей, якія прадстаўляюцца журналістамі. Калі настолькі прафэсійныя пытаньні задаюць, што проста зьдзіўляесься і прыходзіцца проста адсякаць.

Ганна Соўсь: Журналісты якіх СМІ?

Сяргей Чыслаў: Яны тады зразумеюць пра каго размова.



Ганна Соўсь: Насамрэч мы маем вельмі мала інфармацыі пра тое, што адбываецца ў рамках так званай справы «Белага легіёну», ці справы патрыётаў, акрамя заявы Аляксандра Лукашэнкі пра затрыманьне ўзброеных баявікоў, пасьля якой як раз і пачаліся арышты. Генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк 3 красавіка заявіў, што ня ведае, ці выстаўленыя абвінавачаньні затрыманым у сувязі са справай аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. На сайце КДБ няма ніякай інфармацыі і пра расьсьледаваньне і пра абвінавачваньні. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, ужо сама меней 18 затрыманым выстаўленыя абвінавачваньні па справе ад масавых беспарадках. Адвакаты затрыманых адмаўляюцца дзяліцца інфармацыяй, спасылаючыся на падпіску пра неразгалошваньне, як і некаторыя вызваленыя з турмы КДБ. Пра што гэта сьведчыць, як вы мяркуеце? Як вы ацэньваеце тое, што адбываецца ў гэтай справе?’

як раз усё раскладзена пад заяву Лукашэнкі, што ён навучыўся ня тое што змагацца, а перамагаць у інфармацыйных войнах

Сяргей Чыслаў: Я бы трошкі заглыбіўся. 23 сакавіка Аляксандар Лукашэнка, выступаючы перад журналістамі, заявіў сьмела, што ён навучыўся весьці інфармацыйную вайну. Я вельмі зьдзівіўся. Што гэта? Да чаго гэта? Сёньня аналізуючы і вяртаючыся назад, я разумею. Фактычна, яны арганізавалі на роўным месцы гэтую справу. Першая кропка была, калі ад імя «Белага легіёну» была ўкінутая ў інтэрнэце нейкая ўлётка з заклікам, што «рэжым мусіць захлынуцца сваёй крывёй». Па неадэкватнасьці напісаньня для нармальных людзей было зразумела, што гэта правакацыя. У мяне было разуменьне таго, што гэта могуць быць тры варыянты. Першае, я дапускаў, што гэта свае звышпатрыёты, якія захацелі адчуць сябе мужнымі і крутымі. Другое, натуральна, спэцслужбы — беларускія ці расейскія. Тры варыянты. Калі пайшлі арышты, стала зразумела. што гэта ня першы варыянт, гэта ня дзіцячыя гульні, гэта дарослыя гульні. Тут як раз усё раскладзена пад заяву Лукашэнкі, што ён навучыўся ня тое што змагацца, а перамагаць у інфармацыйных войнах.

Выглядае, што адабралі псыхалягічна моцных людзей і вырашылі на іх прыкладзе паказаць, што зь імі будуць распраўляцца даволі жорстка

Памятаеце ягоны тэзіс пра тое, што трэба выкалупваць разынкі. Фактычна з нашым грамадзтвам яны так і расклалі. У свой час падобная практыка была ў амэрыканцаў з ваеннапалоннымі японцамі пасьля капітуляцыі Японіі ў вайне. Прыглядзеліся да ўсіх, склалі прыкладныя псыхалягічныя партрэты і 95% палонных не пільнавалі, не ахоўвалі, а проста давалі каманды рабіць тое ці іншае. Ахоўвалі і пільнавалі гэтыя пяць адсоткаў. Дык вось гэта — як раз 5 адсоткаў проста духавітых людзей. Сюды трапляюць ня толькі хлопцы зь «Легіёну», а Дашкевіч і маладыя хлопцы з БНФ. Выглядае, што адабралі псыхалягічна моцных людзей і вырашылі на іх прыкладзе паказаць, што зь імі будуць распраўляцца даволі жорстка.

Ганна Соўсь: А што аб’ядноўвае гэтыя 5%? Сяргей Дубавец напярэдадні Дня Волі, калі ў Беларусі былі арыштаваныя сотні чалавек, напісаў у фэйсбуку, што іх усіх аб’ядноўвае тое, што яны беларускамоўныя. Што, на вашую думку, зьвязвае арыштаваных у так званай справе «Белага легіёну»?

Сяргей Чыслаў: Акрамя любові да радзімы гэта духавітасьць. Гэта тое як раз з тых 5 адсоткаў, якія на нешта здольныя, калі што. Улада цудоўна разумее, Лукашэнка разумее. Ён бы не хваляваўся, каб ён быў упэўнены, што за яго там роўна столькі насельніцтва галасавала, колькі яму малявалі. Гэта красамоўна паказвае, што ён адчувае сябе вельмі і вельмі няўпэўнена.

Ганна Соўсь: Калі казаць пра факты. «Белы легіён» спыніў сваё існаваньне ў...

Сяргей Чыслаў: Недзе 12 гадоў таму.

Ганна Соўсь: Ці мелі ўсе арыштаваныя акрамя рэальных былых удзельнікаў «Белага легіёну» хаця б якое дачыненьне да гэтай арганізацыі раней?

Хто нам забароніць любіць радзіму? Ніхто. Таму ў прынцыпе як кола сяброў мы і сустракаліся

Сяргей Чыслаў: Я люблю такую фразу, яна дастаткова рамантычная, што «Белы легіён» —гэта не арганізацыя, «Белы легіён» — гэта стан душы. І пры такой канцэпцыі для нас ня вельмі істотна, маем мы іхнюю рэгістрацыю, ці ня маем. Хто нам забароніць любіць радзіму? Ніхто. Таму ў прынцыпе як кола сяброў мы і сустракаліся. Каму падабаецца, маглі на Нёман разам выбрацца. Я, напрыклад, сваіх хлопцаў-сяброў у горы вадзіў па Тыбэту. Гэта добрае выпрабаваньне, і ў гарах чалавек сябе вельмі інакш адчувае. Вяртаючыся да тэмы 95% і 5%, з аднаго боку жорсткі хапун для гэтых 5%, а з другога боку вось што на прыкладзе Севярынца робяць. Арыштоўваюць, прывозяць у суд, даюць 10 сутак і кажуць: «Усё, родны, едзь дадому, пагаліся, жонцы буську дай». Што гэта? Гэта зьдзек. Яго запісалі з астатнімі ў 95 адсоткаў, якім проста трэба пальцам паказваць, што рабіць. Ці я памыляюся?

Ганна Соўсь: Што вы маеце на ўвазе? Што ён ня з тымі, хто зараз у турме КДБ?

Сяргей Чыслаў: Я пра тое, што гэта зьдзек з усёй астатняй часткі нацыянальна сьвядомых беларусаў. Проста ўлада ўпэўненая, што гэтыя 95% нічога зрабіць ня змогуць. Яны заўсёды будуць падпарадкоўвацца. Яму прысудзілі 10 сутак — сам прыедзеш, няма часу з табой займацца. Што гэта? У маім разуменьні, гэта зьдзек і непавага да гэтых людзей.

Ганна Соўсь: Ёсьць унівэрсальная пытаньне: «Каму гэта выгадна?» Каму выгадная справа аб масавых беспарадках?

Улётка, джып, лягер, пра які два гады стужка ляжала. І раптам усё кампэлюецца і кладзецца на стол Лукашэнку. Каму гэта выгадна? Тут багата варыянтаў

Сяргей Чыслаў: Вяртаемся да пачатку. Першы крок — улётка ад імя «Белага легіёну», раптам яны знаходзяць нейкі джып, які з Украіны прарываецца ў бок Беларусі, у якім нейкая зброя. Высьвятляецца, што нікуды з украінскага боку ён не прарываўся. Украінскія памежнікі ня ў курсе. Беларусы пачынаюць выкручвацца. Усё гэта ідзе ў даклад — улётка, джып, потым выцягваюць клюб «Патрыёт», які існуе афіцыйна 15 гадоў. Яны цудоўна ведаюць, што гэта мой сваяк, што гэта мой брат (кіраўнік клюбу — РС). Раней гэта нікога не хвалявала. Два гады таму прыехалі спэцслужбы пад выглядам ахоўнікаў традыцыйнага летніка, што брат праводзіць, і здымалі ўвесь летнік ад пачатку да канца. Два гады гэта ўсё пылілася, яны ня ведалі, што з гэтым матэрыялам рабіць. Тыя афіцэры, што здымалі, падыходзілі да Колі і казалі па завяршэньні : «Хлопцы, вы ж добрую справу робіце, мы ня разумеем, чаму нас па розныя бакі барыкадаў ставяць». Тым ня менш вяртаемся: улётка, джып, лягер, пра які два гады стужка ляжала. І раптам усё кампілюецца і кладзецца на стол Лукашэнку. Каму гэта выгадна? Тут багата варыянтаў.

Ганна Соўсь: А ваша вэрсія?

Сяргей Чыслаў: Ці расейская агентура ўплыву... Хто ў нас на стол яму кладзе паперы. Я ня ведаю. Апошняя сустрэча Лукашэнкі з Пуціным прайшла пры поўным дамінаваньні Пуціна. Лукашэнка, я так разумею, быў змушаны ўсё прызнаць. Так што я абсалютна не выключаю, што там яму сказалі: «Будзеш далей сябе так паводзіць, будзе значна горай». Яны ж дагэтуль не разабраліся з тым выбухам у мэтро. Там жа ж вэрсіяў ня так багата было...

Ганна Соўсь: Дарэчы ў 2008 годзе Міраслава Лазоўскага і вас затрымлівалі пасьля выбуху на праспэкце Пераможцаў. І вызвалілі.

Калі вызвалялі, я шчыра падзякаваў гэтым афіцэрам КДБ, што яны паводзілі сябе як мужчыны, што яны нічога не падкінулі

Сяргей Чыслаў: 11 сутак нас пратрымалі, але ж вызвалілі. Тады яны яшчэ да такога сьвінства не дайшлі. Калі вызвалялі, я шчыра падзякаваў гэтым афіцэрам КДБ, што яны паводзілі сябе як мужчыны, што яны нічога не прывезьлі з сабой, не падкінулі. Зараз у Лазоўскага на другі дзень пасьля вобшуку яны, быццам бы, знаходзяць аўтамат бяз нумару. Што гэта? Тое самае па Данілаву. Калі ўзяць храналёгію і паглядзець... Я зноўку вяртаюся да думкі пра фразу Лукашэнкі наконт таго, што навучыліся перамагаць у інфармацыйнай вайне. Данілава арыштавалі на вуліцы. У яго былі вочы завязаныя. Дзьверы ламалі, калі яго там не было, гэта проста сродак псыхалягічнага узьдзеяньня на сям’ю. Яго калі завялі, зьнялі гэты «наморднік» , ён прывыкаў да сьвятла, гэта нават па іх кадрах відаць. Так што ягоныя перамогі інфармацыйныя — гэта, даруйце, самі сцэнар напісалі, самі зьдзейсьнілі, самі зрабілі ў спадзяваньні на тое, што ў другога боку няма каналу, як давесьці інфармацыю да ўсёй астатняй публікі.

Ганна Соўсь: І гэты нібыта «схрон» у Налібоцкай пушчы, які быў знойдзены...

ніхто нічога кепскага не зьбіраўся рабіць, таму для іх для ўсіх гэта была абсалютная нечаканасьць

Сяргей Чыслаў: Гэта глупства нейкае. Больш таго, мне сябры перадаюць, што кэдэбэшнікі возяць адмыслова фільм, які яны зьнялі, у якім нешта і пра мяне ёсьць, што я ўзначальваю нейкі летнік, лягер падрыхтоўкі ва Ўкраіне, што ў Асіповічах знайшлі менавіта «схрон», дзе багата такіх аўтаматаў бяз нумару. Хаця ў маім разуменьні гэта абсалютна нерэальна. Гэта толькі можа быць з Тульскага заводу. Нармальны чалавек нідзе ня возьме аўтамат бяз нумару. Гэта немагчыма. І тым ня менш возяць гэты фільм па ўнутраных войсках, зьбіраюць асабовы склад, паказваюць, усім у галаву ўкладаюць. Адчуваецца нейкая неадэкватная сытуацыя. Наколькі нашы былі расслабленыя, таму што ніхто нічога кепскага не зьбіраўся рабіць, таму для іх для ўсіх гэта была абсалютная нечаканасьць. Але ж пры гэтым улады працягваюць гэтую апрацоўку.

Ганна Соўсь: Ці для вас гэта было нечаканым?

Сяргей Чыслаў: Калі шчыра, то так. Я разумею, што сацыяльны кантракт паміж насельніцтвам Беларусі і Лукашэнкам закончыўся гады паўтары таму. І калі шчыра, я разумею, што калі яшчэ гады паўтары накінуць, то народ пачне паціху падымацца. Чаму яны зараз выцягнулі справу «Белага легіёну?» У маім разуменьні на папярэджаньне, каб спалохаць, запалохаць. А што яны яшчэ ўмеюць? Больш нічога.

Ганна Соўсь: А чаму выбралі назву «Белы легіён»? Хто прадумаў гэтую назву?

Сяргей Чыслаў: Караткевіч. На нас Караткевіч настолькі паўплываў... У «Маці ўрагану» ёсьць такая прадмова, чатырохрадкоўе.

Тапчыце зямлю,
Легіёны Божыя.
Наперадзе вораг,
Над вамі Бог.

Мы дарасьлі да таго, што здавалі на свой «сталёвы бэрэт»

Нешта на нас паўплывала — Белая Русь, Беларусь, Белы легіён. Чаму не? З аднаго боку легіён — гэта дысцыпліна, парадак, людзі прывучаныя да парадку. Калі памятаеце, слова інтэлігент паходзіць з рымскіх легіёнаў. Таму што ў маім разуменьні, Лазоўскі гэта як раз інтэлігент. Падрыхтаваны, вышкалены, здольны, інтэлектуальны. Мы дарасьлі да таго, што здавалі на свой «сталёвы бэрэт». Мы бралі тыя ж самыя нарматывы, што здаюць спэцназаўцы на «крапавы бэрэт». Натуральна, у нас не было толькі зброі. Усё астатняе фактычна як у іх. Але плюс да гэтага мы здавалі гістарычны мінімум. І ў нас былі выпадкі, калі хлопцы былі фізычна падрыхтаваныя, але ж яны не маглі здаць гісторыю, таму ім рэкамэндавалася на наступны год прыходзіць даздаваць. Была ня толькі фізычная падрыхтоўка, а менавіта інтэлект. Мы фармавалі як раз беларускіх інтэлігентаў.

Ганна Соўсь: Цяпер вашы былыя паплечнікі, блізкія вам людзі знаходзяцца ў турме КДБ, у турме на Валадарскага. да іх ужываюць спэцслужбы самыя розныя сродкі. Ці вытрымаюць яны? Наколькі цяжка супраціўляцца ціску і мэтадам працы спэцслужбаў?

мы былі змушаныя закрыцца

Сяргей Чыслаў: Усё залежыць ад асобы. У свой час мы рэкамэндавалі нашым сябрам, нашым выхаванцам адкрываць свае спартовыя клюбы, ціха, спакойна, бяз лішняй рэклямы. Мы перайшлі на цалкам дзяржаўніцкія пазыцыі. Мы не прытрымліваліся ніякай партыйнай лініі, мы не супрацоўнічалі ні зь якімі партыямі, мы проста разумелі, што мы — патрыёты, і што рана ці позна наша дзяржава прыйдзе да нармальнага здаровага патрыятызму, таму мы фактычна гадавалі, гартавалі маладых людзей, якія ў пэрспэктыве, гадоў праз 10-15, скончыўшы тую ж міліцэйскую Акадэмію, Міністэрства абароны, стануць нармальнымі годнымі афіцэрамі для сваёй радзімы. Таму мы ня лезьлі актыўна ні ў якія апошнія падзеі. Чаму і ўзьнікла думка, што легіён самараспусьціўся з той прычыны, што адсутнічала пагроза. Не, мы сутыкнуліся з тым, што мы былі змушаныя закрыцца. Мы пачалі фармаваньне структуры паводле прынцыпу, што кожны новы сябар мусіў мець рэкамэндацыі мінімум двух старых легіянэраў, і натуральна, за пару гадоў мы вычарпаліся. Не было магчымасьці адкрытай прапаганды, бо была ўведзеная крымінальная адказнасьць за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Таму адкрыта мы не маглі працаваць... Наконт таго, ці вытрымаюць. За старых я спакойна. Старыя вытрымаюць. Моладзь... Я гляджу, нейкі малады хлопчык ужо паказвае нейкія «схроны», я ня ведаю, што гэта, да чаго гэта. Я гэтых людзей абсалютна ня ведаю, таму я не магу адказаць.

Ганна Соўсь: Які ваш прагноз, наколькі далёка пойдзе гэтая справа? Вызваляюць некаторых людзей з СІЗА КДБ. Ці ёсьць шанец, што ў выніку справа ня будзе заведзеная, і людзі выйдуць на свабоду. Што можа паспрыяць гэтаму? Што можа дапамагчы? Хваля салідарнасьці?

Для Эўропы паказалі, што там нейкая зброя. А што Эўропа? Калі зброя — ня будзе падтрымліваць

Сяргей Чыслаў: Толькі салідарнасьць. Гэта адзінае, што будзе карысна на пэрспэктыву. Сёньня я ня бачу варыянтаў, як бы мне не хацелася. Яны падкінулі Лазоўскаму зброю, Дундукову падкінулі нешта падобнае на выбуховае. Данілаву нешта падкінулі. Самае паскуднае, зноўку вяртаючыся да гэтай інфармацыйнай вайны, што гэта — цалкам тое, чым Пуцін займаўся на Данбасе. Верце — ня верце, але нас там няма. Гэта яны самі. Тут Лукашэнка абкатвае чыста такі варыянт... У маім разуменьні нармальны чалавек можа ўпрыгожыць трошку інфармацыю, але ж мусіць быць сам факт, а тут яны з ног на галаву ўсе пераварочваюць. Факту не было, самі ўсё разьдзьмухаюць, самы пачынаюць, самі вырошчваюць, самі паказваюць. Для Эўропы паказалі, што там нейкая зброя. А што Эўропа? Калі зброя — ня будзе падтрымліваць. А якая там зброя, ці хто-небудзь разабраўся? Там няма зброі. Там страйбольныя прылады плюс шэрыя гранаты, які як з пад меху з пад бульбы вывалілі, дэфармаваныя карпусы, так не бывае з баявой зброяй. Гэта людзям паказалі. Выступіла потым пару экспэртаў, сказалі, што не сапраўдная, але ж пра гэта даведаюцца тыя, хто інтэрнэт чытае...

Ганна Соўсь: І вы зараз гаворыце.

Сяргей Чыслаў: Фактычна быў спэктакль разыграны для Эўропы. Я, маўляў, быў змушаны, бо яны, глядзіце, за зброю ўзяліся. Ды не за што яны не браліся. Нармальна, спакойна працавалі ў штодзённым нармальным рэжыме, ніхто не зьбіраўся калупаць гэтага Лукашэнку. Тым больш нам была гэтыя ідэя ня вельмі прыемная, але ж мы разумелі, што лепш пажыць некаторы час пад чырвона-зялёным, чым пад расейскім трыкалорам. Таму мы спакойна ставіліся, без натхненьня, без любові да «самаправазглашонага», але ж...

Ганна Соўсь: Вы вымушаныя апошнія гады жыць ва Ўкраіне. Калі можаце вярнуцца ў Беларусь? Пры якой умове?

1937 год ня будзе для асобных. Калі ён пачнецца, то ён будзе для ўсіх зноўку

Сяргей Чыслаў: Ня ведаю. Калі тая самая салідарнасьць у беларусаў прачнецца, і калі мы зразумеем, што 1937 год ня будзе для асобных. Калі ён пачнецца, то ён будзе для ўсіх зноўку. Так, я перабраўся ва Ўкраіну, таму што я меў шмат спадзяваньняў з пачаткам Майдану. Майдан — гэта наша старая ВКЛ-ская традыцыя статутнага, канстытуцыйна зацьверджанага права шляхты на рокаш. Калі выбраны князь, а гэта тая самая пасада, якую Лукашэнка займае, пачынае злоўжываць уладай, выходзіць шляхта і аб’яўляе яму рокаш. «Даруйце, дзядзечка, вы паводзіце сябе кепска». Яму гэта не падабаецца, але ж ва Ўкраіне як раз такі працэс і пачынаўся за кошт слабасьці дзяржаўнай ўлады і за кошт сілы як раз грамадзкага сэктару. Я вельмі спадзяваўся, што можна вярнуцца да традыцыі нашых вечавых рэспублік — Полацкага, Наўгародзкага княства, таго старога, калі народ прымаў удзел у кіраваньні дзяржавай. А ня тое, што зараз дзяржава сама сабе, абгарадзілася міліцыяй ад народу, а вы самі сабе разьбірайцеся. Мы тут на хмары жывем, жыхары неба, а вы коўзайцеся, рабіце што хочаце.

Два разы я хадзіў на выбары ў Беларусі. Ўпершыню ўчыстую выйграў датэрміновыя выбары. Мяне зьнялі ў дзень выбараў праз надуманую нагоду. Маўляў, бачылі як сябра маёй ініцыятыўнай групы у дзень выбараў наклеіў маю ўлётку, калі ў апошні дзень гэта было забаронена. На маё пытаньне сябру выбарчай камісіі, ці яго зрабілі за руку, ці пераканаліся, што гэта сябра групы, адказалі: «Не, навошта».


***
Сяргей Чыслаў (Бульба) скончыў Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню ў 1989 годзе. Стаяў ля вытокаў Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў, адзін са стваральнікаў спартыўна-патрыятычнай арганізацыі «Белы легіён». Разам з Станіславам Суднікам выдаў у 1997 годзе «Расейска-беларускі вайсковы слоўнік». Некалькі гадоў таму зьехаў ва Ўкраіну, афіцыйна зьмяніў прозьвішча на Бульба.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG