Стужка зь бюджэтам 20 тысяч даляраў распавядзе пра тое, як маладыя беларусы здымаюць кіно пра партызанаў. Рэжысэр абяцае беларускі «The Hangover».
Беларускі незалежны рэжысэр Андрэй Курэйчык анансаваў на прэс-канфэрэнцыі 31 траўня поўнамэтражную стужку пад працоўнай назвай «Партызан-фільм». Як і папярэдні ягоны праект, «ГараШ», новы фільм будзе з даволі невялікім бюджэтам і пра беларускія рэаліі. Курэйчык ставіць на мэце выпускаць па кінапраекце штогод.
«ГараШ» Курэйчыка выкладуць у інтэрнэт для бясплатнага прагляду
«Гэта будзе камэдыя, але зусім іншая. Калі „ГараШ“ — гэта важкая камэдыя, з элемэнтамі цяжкога стылю, андэграўндная такая гісторыя, то наступны фільм — гэта моладзевая эксцэнтрычная камэдыя, — кажа Курэйчык. — Мы хочам зрабіць лёгкі, вясёлы, задорлівы, але ня менш хуліганскі праект пра маладых беларусаў. Здымаць будзем у Менску, у Берасьці, паміж Менскам і Берасьцем».
Героі новага фільму — праграміст, бізнэсовец і дзяўчына. Фільм, кажа Курэйчык, — гэта спроба разабрацца, як у Беларусі можна зарабіць грошы ў галіне кінэматографу. Пра тое, як у Беларусі здымаюць вайну. Бо краіну, кажа Курэйчык, пачынаюць успрымаць як «фабрыку ваеннага кінэматографу», але беларусы ўмеюць ня толькі гэта.
Здымкі «Партызан-фільма» заплянаваныя на жнівень, а пракат — ці пад Новы год
Летам Курэйчык плянуе правесьці кастынгі, прадставіць пад канец чэрвеня артыстаў і творчую групу, а таксама магчымых партнэраў. Здымкі заплянаваныя на жнівень, а пракат — ці пад Новы год, ці, калі пасьпеюць, да кінафэстывалю «Лістапад». Сцэнар ужо гатовы. Бюджэт фільму складзе да 20 тысяч даляраў, але фільму спатрэбіцца любая магчымая падтрымка. Плянуецца і краўдфандынгавая кампанія.
Папярэдні кінапраект Курэйчыка, «ГараШ», акупіўся ўтрая. Ці будзе новы праект разглядацца як камэрцыйны, ці чакаюць ад яго прыбытку?
«Гэта некамэрцыйны праект з пункту гледжаньня тэмы, з таго, што мы ў ім паказваем, — запэўнівае Курэйчык. — Але я разумею адно: калі мы ня ставім перад сабой мэту прыцягнуць гледача, то гэта хоўм-відэа. Адзіная генэральная мэта нашай дзейнасьці — каб беларускае незалежнае кіно існавала на шырокім кінатэатральным экране. Не на паказе ў нейкім адным клюбе, нават не на фэстывалях, бо гэта разавая акцыя. А каб можна было сказаць: беларускае незалежнае кіно ёсьць у беларускіх кінатэатрах».