За пяць дзён у 40 кілямэтрах ад Менску, пад Дудуткамі, два маладыя тэатральныя акторы зьнялі мастацкі фільм. Празь месяц постапакаліптычная стужка «Дваццацьшаснаццаць» адправіцца на міжнародныя фэстывалі. Свабода пагаварыла з прадусаркай пра незалежнае кіно.
На «Лістападзе» пабачылі, што беларускае кіно існуе, яго толькі трэба падтрымаць
Рэжысэры новай кінастужкі — акторы. Дзьмітры Рачкоўскі працуе ў Тэатры лялек. Андрэй Крывецкі — у Тэатры імя Горкага. Надзея Ількевіч — прадусарка. Да кіно яна таксама раней ня мела ніякага дачыненьня, займалася гарадзкімі праектамі, як напрыклад «Школа супэргерояў».
«Мы ўжо даўно знаёмыя, і ў нас была ідэя зьняць кіно, — расказала Ількевіч Свабодзе. — А тут выдалася магчымасьць паўдзельнічаць у конкурсе „Kinosprint“. Пераможцам і дапамагалі зьняць кіно».
Конкурс летась заснавала «Майстэрня сацыяльнага кіно». Яе кіраўнік, Канстанцін Варабей, знайшоў экспэртаў у кінапрадукцыі й спонсараў, гатовых дапамагчы самым цікавым камандам заняцца здымкамі.
«Летась на кінафэстывалі „Лістапад“ мы пабачылі, што ёсьць такая зьява, як беларускае кіно, — распавёў Варабей Свабодзе. — І мы, як прыватная кінакампанія й некамэрцыйная арганізацыя, вырашылі, што трэба дапамагаць такому кіно».
Па словах заснавальніка новага кінаконкурса, у Беларусі існуе падтрымка аўтарскіх ідэй. На «Беларусьфільме» праходзіць пічынг (прэзэнтацыя кінапраекту інвэстарам). Але абмеркаваньне ідэй й выдаткаваньне грошай праходзіць у закрытым фармаце.
«У нас усё было адкрыта, — кажа Варабей. — Усе каманды ацэньвалі й гледачы, і журы. Гэтым разам рашэньне журы супала з глядацкім галасаваньнем».
Пасьля адабраныя каманды праходзілі празь некалькі этапаў, што ўключалі майстар-клясы па рэжысуры, прадусаваньні, напісаньні сцэнару. Сярод экспэртаў Андрэй Курэйчык, Андрэй Палупанаў, Юры Ігруша.
Пасьля падрыхтоўкі прайшлі прэзэнтацыі, дзе спонсары адабралі пяць камандаў, зь якіх у фінал выйшлі тры. Яны зьнялі фільмы «Лічыльнік шчасьця», «Дваццацьшаснаццаць» і «Эстафэта».
У Беларусі цяжка знайсьці месца падобнае да апакапаліпсісу — тут усё засеяна
Галоўныя ўмовы «Kinosprint» — гэта кароткі мэтар і экалягічная тэма. Сузаснавальнікам конкурсу сёлета выступае грамадзкая арганізацыя «Зялёная сетка», а таму ўдзельнікам варта было адлюстраваць «зялёны» аспэкт.
«У нашай краіне зашмат дрэннай сацыяльнай рэклямы й дрэннага сацыяльнага кіно, — кажа Варабей. — І мы б хацелі зьмяніць гэты стэрэатып пра сацыяльнае кіно. Тры гэтыя фільмы акурат гэта й робяць: паказваюць экалягічнае кіно, але не ў клясычным выглядзе, як гэта мы прызвычаіліся ўспрымаць».
Фільм «Дваццацьшаснаццаць», напрыклад — постапакаліптычная стужка. Па сцэнары, на плянэце адбылася катастрофа й застаўся толькі адзін жывы чалавек. Чым ён жыве і да чаго імкнецца ў сусьветнай адзіноце, паказалі Рачкоўскі з Крывецкім.
«Мы вырашылі пайсьці ад зваротнага, — кажа Ількевіч. — Не паказваць, як берагчы экалёгію, а прадставіць той момант, калі экалёгіі ўжо няма».
Але такое месца ў Беларусі знайсьці было няпроста.
«Чалавек жыве ў полі, і нам важна было паказаць, што навокал нічога няма, — тлумачыць Ількевіч. — А ў нас усё засеяна, паўсюль усё расьце. Але нарэшце знайшлі такое месца — поле каля вёскі Навапольле, што па дарозе на Дудуткі».
Маем вялікія пляны на міжнародныя фэстывалі
Здымкі занялі пяць дзён, хаця на такую стужку варта было б патраціць прынамсі ў два разы больш часу. Але каманда працавала на спонсарскай тэхніцы, і выбару ў іх не было. Прафэсійныя камэры, рэйкі, запіс гуку й выстаўленьне сьвятла, якія прадстаўляліся ў межах конкурсу, вельмі дорага каштуюць. Надзея Ількевіч кажа, што без дапамогі конкурсу яны б ніколі не зьнялі такога кіно.
«Гэта вельмі дорага, — сказала яна. — Таму ў нас не здымаецца кіно ў такім індустрыяльным аб’еме, бо няма такіх пічынгаў, як у Штатах ці Эўропе. Там ты прыходзіш зь ідэяй фільму, і табе падказваюць, дзе на яго можна знайсьці грошы. А кіно — адна з самых дарагіх індустрый у сьвеце».
Прэзэнтацыя трох фільмаў-фіналістаў адбудзецца на наступным тыдні — з 26 па 28 студзеня ў «Арткінатэатры» у ГЦ «Тытан» у Менску. Пасьля гэтага кіно выправіцца на міжнародныя фэстывалі, і толькі потым вернецца ў беларускі пракат.
«Каб быў нейкі ажыятаж, мы хочам спачатку атрымаць водгукі на фэстывалях, а потым ужо паказваць тут, — кажа Ількевіч. — Мы, вядома, хочам паспрабаваць падацца на Каны. У іх ёсьць Short Film Corner».
Таксама «Дваццацьшаснаццаць» будуць заяўляць на Манхэтан Short Film Festival, на польскія фэстывалі. Дакладна ён будзе на наступным «Лістападзе».
«Гэтыя працы зробленыя на прафэсійным узроўні, — кажа Варабей. — Мы ацэньваем фільмы вельмі аптымістычна, і маем вялікія пляны на фэстывалі».