Комплекс малодшага брата

Валер Карбалевіч

Пампэзнае мерапрыемства пад назвай «Трэці форум рэгіёнаў Беларусі і Расеі» прайшло б непрыкметна, калі б яго не «асьвяціў» сваёй прысутнасьцю Уладзімер Пуцін. Хоць у форуме ўдзельнічала каля 500–600 чыноўнікаў з двух бакоў, сярод якіх 13 расійскіх губэрнатараў, затрачаны вялікія грошы — нейкага практычнага сэнсу ў яго правядзеньні няшмат.

Варта нагадаць, што гэта трэцяе мерапрыемства падобнага роду. Першы форум рэгіёнаў Беларусі і Расеі прайшоў у Менску ў 2014 годзе. Тады прэзыдэнты ня ўдзельнічалі, выступалі на форуме толькі кіраўнікі верхніх палат парлямэнтаў.

Другі форум адбыўся ў 2015 годзе ў Сочы — ужо з удзелам двух прэзыдэнтаў. Таксама былі пампэзныя выступы, абяцаньні. Нават абвясьцілі, што заключана 67 экспартных камэрцыйных кантрактаў.

І якія вынікі ўсіх гэтых вялізных высілкаў? Іх выдатна праілюстраваў Аляксандар Лукашэнка, выступаючы на форуме:

«Але, што радуе, дзякуючы нашым скаардынаваным намаганьням дзеля пераадоленьня наступстваў эканамічнай нестабільнасьці ў сьвеце тэмпы падзеньня тавараабароту значна замарудзіліся. Калі па выніках чатырох месяцаў мінулага году ўзаемны тавараабарот упаў на 30%, то ў гэтым годзе зьніжэньне склала каля 12%».

Спадзяюся, вы належна ацанілі гэты выбітны інтэлектуальны пэрл беларускага кіраўніка. Саюзьнікі «даінтэграваліся» да таго, што дасягненьнем, якое радуе, лічыцца ўжо ня рост, а замаруджваньне тэмпаў падзеньня! Прычым сёлетняе скарачэньне гандлю адбываецца на тле нізкай мінулагодняй базы. Як казаў Міхаіл Жванецкі, «спад пайшоў угору». Толькі пры чым тут «эканамічная нестабільнасьць у сьвеце»? Якраз у сьвеце назіраецца эканамічны рост. У 2015 годзе сярэднесусьветны валавы ўнутраны прадукт вырас на 3,1%, прагноз на 2016 г. — 3,2%.

Мы можам канстатаваць, што з эканамічнага гледзішча беларуска-расейская інтэграцыя, а калі казаць шырэй, то і эўразійская інтэграцыя з трэскам правалілася.

Для эканомікі Беларусі рынак Расеі і іншых партнэраў па Эўразійскім эканамічным саюзе (ЭАЭС) стаў ня драйвэрам росту, як абяцалі, а крыніцай праблем.

Варта зьвярнуць увагу на адзін вельмі паказальны сюжэт з выступу Аляксандра Лукашэнкі на нядаўнім саміце ЭАЭС у Астане. Ён тады сказаў:

«Варта пазбавіцца ад унутраных выняткаў і абмежаваньняў ва ўзаемным гандлі. Як бы наша абʼяднаньне ні эвалюцыянавала (спачатку Мытны саюз, затым Адзіная эканамічная прастора і, нарэшце, Эўразійскі эканамічны саюз), колькасьць гэтых выняткаў і абмежаваньняў не зьмянілася. Так і засталася на ўзроўні шасьці сотняў».

Дарэчы, пра абмежаваньне ва ўзаемным гандлі кіраўнік Беларусі казаў, сустракаючыся з Пуціным, і на форуме ў Менску.

Інакш кажучы, з гэтых заяваў Лукашэнкі вынікае, што ў рамках ЭАЭС няма ня толькі эканамічнага саюзу, але і адзінай эканамічнай прасторы, зоны свабоднага гандлю. Не існуе вольнага, безбарʼернага руху капіталаў, тавараў, рабочай сілы. Гэта значыць, саюз затрымаўся на ўзроўні Мытнага саюзу, і далей працэс інтэграцыі ня рухаецца. Прычым, як канстатаваў Аляксандар Лукашэнка, прагрэсу ў гэтым пытаньні няма, праблема ніяк не вырашаецца.

Тады навошта патрэбныя такія пампэзныя форумы? Бо няма паведамленьняў пра нейкія канкрэтныя дамоўленасьці. Нават канфлікт вакол цэнаў на газ падчас перамоваў Лукашэнкі і Пуціна ня вырашаны.

Справа ў тым, што ў беларуска-расейскіх адносінах за шмат гадоў інтэграцыі створана вялікая, так бы мовіць, палітычная інфраструктура. Існуе Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы, Вышэйшы дзяржсавет, Саюзны саўмін, Парлямэнцкі сход саюзу Беларусі і Расеі, пастаянна праводзяцца сумесныя паседжаньні калегіяў міністэрстваў дзьвюх дзяржаў. Таксама функцыянуюць сумесны тэлеканал, газэты і інш. І калі структуры існуюць, яны павінны нешта рабіць, асвойваць выдзеленыя для іх рэсурсы. Вось і праводзяцца шматлікія мерапрыемствы, падпісваюцца ўсё новыя пагадненьні, якія ніхто не зьбіраецца выконваць. Гэта такі рытуал. Як і адметная фраза Лукашэнкі, які, зьвяртаючыся да расейцаў на форуме, зазначыў: «Тут жывуць малодшыя, але вашы браты».