Прэтэндэнтаў на месцы ў Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня зацьвердзяць 23 ліпеня на партыйным зьезьдзе. Галасаваньню будуць папярэднічаць даклад старшыні партыі Аляксея Янукевіча аб палітычнай сытуацыі і абмеркаваньне ўмоваў вядзеньня выбарчай кампаніі.
Палітычная камісія партыі ўжо зацьвердзіла сьпіс кандыдатураў. У яго ўключылі 71 асобу, яшчэ тры кандыдатуры рэкамэндаваныя ўмоўна і пытаньне пра іх вылучэньне будзе разгледжанае на зьезьдзе асобна.
Аляксей Янукевіч з гэтай нагоды адзначае:
«Партыя БНФ упершыню вылучае такую вялікую колькасьць кандыдатаў. Я ўсьцешаны тым, што тактыка вылучэньня кандыдатаў БНФ пад уласным сьцягам знайшла водгук у рэгіянальных структурах. Ужо можна казаць пра тое, што фронтаўскія кандыдаты будуць у больш чым 70 акругах, ва ўсіх абласьцях краіны і ў Менску».
Зьезд таксама зацьвердзіць выбарчую праграму кандыдата ад Партыі БНФ. Выбары ў Палату прадстаўнікоў прызначаныя на 11 верасьня.