Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто ідзе на выбары


Якія папярэднія вынікі рэгістрацыі ініцыятыўных групаў на выбарах у палату прадстаўнікоў?

Дракахруст: 7 ліпеня скончыўся тэрмін падачы заявак на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў па вылучэньні кандыдатаў у дэпутаты. Было пададзена 479 заявак, крыху болей, чым на мінулым парлямэнцкіх выбарах у 2012 годзе — тады было 439.

На рэгістрацыю групаў адводзіцца 5 дзён. Па зьвестак на канец мінулага тыдня зарэгістраваныя 304 групы. Адмоваў пакуль няшмат, самая гучная зь іх — нерэгістрацыя ініцыятыўнай групы экс-кандыдата ў прэзыдэнты, былога палітвязьня Міколы Статкевіча на падставе непагашанай судзімасьці. Гэта рэальная праява таго, што палітвязьні былі толькі вызваленыя, але не рэабілітаваныя.

Хаця партыі і могуць вылучаць кандыдатаў наўпрост — рашэньне кіраўніцтва партыі, але многія зь іх маюць намер вылучаць сваіх кандыдатаў і шляхам збору подпісаў. Прынамсі, з 304 ужо зарэгістраваных груп траціна будзе зьбіраць подпісы за кандыдатаў ад партыяў. Раскладка такая: 24 кандыдаты ад АГП, па 16 чалавек — ад Справядлівага сьвету і БНФ, 12 чалавек — ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада. Гэтым разам гэты від вылучэньня ня надта выкарыстоўваюць праўладныя партыі — за кандыдатаў КПБ будуць зьбіраць подпісы 11 групаў, за ЛДП — 10.

Я асабіста ня думаю, што прынамсі апазыцыйныя партыі будуць празь зьезды вылучаць значна большую колькасьць кандыдатаў, чым колькасьць ініцыятыўных групаў кандыдатаў ад гэтых партыяў.

Тое, што многія лідэры партыяў ня будуць балятавацца, сьведчыць аб разуменьні імі характару гэтай кампаніі.

Зьвяртае на сябе ўвагу, што лідэры многіх партыяў і арганізацыяў, актыўна ўдзельнічаючы ў кампаніях аднапартыйцаў, самі ня маюць намер вылучацца. Размова ідзе пра старшыню АГП Анатоля Лябедзьку, сустаршыню БХД Віталя Рымашэўскага, лідэра Руху за Свабоду Аляксандра Мілінкевіча. Статкевіч, як было сказана, ня быў зарэгістраваны, ня мае намеру балятавацца і Ўладзімер Някляеў. У адрозьненьне ад іх на выбары ідуць лідэр «Справядлівага сьвету» Сяргей Калякін і кіраўнікі кампаніі «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў.

Я таксама зьвярнуў бы ўвагу на заяву прадстаўнікоў правацэнтрысцкай кааліцыі, што гэтым разам яны ў выбарчай кампаніі будуць ісьці да канца і ня маюць намеру здымаць свае кандыдатуры з выбараў, як гэта было ў 2012 годзе.

Тое, што многія лідэры партыяў ня будуць балятавацца, сьведчыць аб разуменьні імі характару гэтай кампаніі. Шанцаў стаць дэпутатамі ў гэтай сыстэме ў іх няма, дадаваць яшчэ адну фармальную паразу ў біяграфію ня хочацца. А для шараговых чальцоў партыяў — гэта прынамсі карысны трэнінг.

Улады дзейнічаюць паводле адпрацаванага альгарытму. Дзе пытаньне ключавое для вызначэньня вынікаў — як у фармаваньні выбарчых камісіяў, так, як той казаў, усе цьвікі забіваюцца па плешку, «чужыя там ня ходзяць». Там, дзе пытаньне не настолькі прынцыповае — можна праявіць і лібэралізм, ініцыятыўныя групы рэгіструюць амаль усе, за пазначаным выключэньнем.

Карбалевіч: Сярод вылучэнцаў, групы якіх зарэгістраваныя, 201 беспартыйны і 103 члены палітычных партый. Думаю, шмат сябраў партый будзе падаваць заяўку ад партый і ня будуць зьбіраць подпісы. Яны выкарыстоўваюць выбары, каб проста легальна выставіць пікет.

Усё ж сярод зарэгістраваных груп дамінуюць прадстаўнікі апазыцыйных партый. Праўладныя партыі фактычна ігнаруюць збор подпісаў. То бок менавіта праўладныя партыі найбольш дэманструюць несур’ёзнае стаўленьне да гэтых выбараў.

Праўладныя партыі фактычна ігнаруюць збор подпісаў і дэманструюць несур’ёзнае стаўленьне да гэтых выбараў.

Паказальна пазыцыя ЛДП. Яна заяўляе, што выстаўляе кандыдатаў ва ўсіх 110 акругах. А ініцыятыўныя групы стварыла толькі у 10. Гэта значыць, што ЛДП, як звычайна, блефуе, шуму шмат, а у рэальнасьці ніякай кампаніі праводзіць не зьбіраюцца. Дарэчы, на прэсавай канфэрэнцыі намесьнік старшыні ЛДП Алег Гайдукевіч запэўніваў, што ягоная партыя апазыцыйная. Але амаль увесь свой выступ прысьвяціў ня крытыцы ўладаў, а крытыцы апазыцыі. Тым самым паказаўшы, у чым палягае рэальная функцыя гэтай партыі.

Калі судзіць па Фэйсбуку, то найбольш актыўна пікеты ладзяць Аб’яднаная грамадзянская партыя і яе лідэр увесь час выстаўляе нейкія карцінкі і інфармацыю пра сваю дзейнасьць. Учора ўвечары даволі актыўна на інфармацыйных каналах гучала тэма выбараў, сакратар ЦВК Мікалай Лазавік тлумачыў, як усё дэмакратычна праходзіць.

Калі вядучы спытаў, наколькі празрыстымі будуць гэтыя выбары, Лазавік сказаў: канешне, мы параілі, каб толькі з трох бакоў стала стаялі чальцы выбарчых камісій, а з аднаго боку няхай стаяць назіральнікі. І што, яны могуць нават здымаць на відэа? — пытае вядучы. — Ну, калі дазволіць старшыня камісіі! Вось такая празрыстасьць.

Цыганкоў: Зразумела, што ўжо першыя вынікі могуць даваць падставу для высноваў наконт гэтых выбараў. Перш за ўсё значная частка будзе вылучаная на зьездах партый, але ўжо напэўна і сёньня можна сказаць, што зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты будзе менш, чым раней.

Такая тэндэнцыя назіраецца з кожнай выбарчай кампаніяй. Колькасьць прэтэндэнтаў на адно выбарчае месца памяншаецца. Гэта і з-за таго, якое значэньне выбары займаюць у беларускім грамадзтве.

Выбары ўсё больш становяцца вузкай справай палітыкаў з улады і апазыцыі.

У гэтай выбарчай кампаніі менш дзівакоў, якія раней, нават у мінулую выбарчую кампанію, думалі, што могуць прайсьці. Вось быў вядучы ОНТ, які быў даволі папулярны, ён ішоў на выбары і думаў, што ён пераможа шэрага прадстаўніка ўлады, але атрымаў толькі некалькі працэнтаў. Такія ўрокі ўсё ж засвойваюцца.

Выбары ўсё больш становяцца вузкай справай менавіта палітыкаў з улады і апазыцыі. Мне здаецца, што мы будзем назіраць ідэалягічнае мераньне сярод апазыцыі па колькасьці зарэгістраваных групаў. Напрыклад, нядаўна палітоляг Юры Чавусаў даволі зьдзіўлена казаў, што «Гавары праўду» вылучыла мала ініцыятыўных групаў, што не дазваляе гаварыць пра гэтую сілу, як пра альтэрнатыўную традыцыйным апазыцыйным партыям, якія зараз у значнай ступені згрупаваліся ў правацэнтрысцкай кааліцыі.

Акрамя таго, для апазыцыі гэта будзе яшчэ і «сацыялістычнае спаборніцтва»: хто найбольш вылучыў, хто найбольш яскрава правёў кампанію, прыцягнуў новых людзей.

Карбалевіч: Сярод апазыцыйных арганізацыяў «Гавары праўду» вылучыла больш за ўсіх — 29 ініцыятыўных групаў. На другім месцы ідзе АГП — 24.

Цыганкоў: Маецца на ўвазе, што «Гавары праўду» вылучыла менш, чым уся правацэнтрысцкая кааліцыя разам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG