Цыганкоў: 17 ліпеня на зьезьдзе АГП кіраўніком партыі чарговы, 8-ы раз, быў пераабраны Анатоль Лябедзька. Анатоль Лябедзька ачольвае партыю з 2000 году. Справаздачна-выбарчыя зьезды ў партыі праводзяцца кожныя 2 гады, такім чынам гэта восьмы тэрмін Анатоля Лябедзькі на пасадзе кіраўніка партыі.
Аднак увагу назіральнікаў і аналітыкаў прыцягнула тая мінімальная перавага, зь якой атрымаў перамогу Анатоль Лябедзька. За Лябедзьку — 49 галасоў (52,7%), за ягонага канкурэнта Васіля Палякова (кіраўнік Гомельскай арганізацыі партыі) — 37 (39,8%). Супраць усіх — 4 чалавекі, 3 бюлетэні прызнаныя несапраўднымі.
Што да Лябедзькі, то ягоныя «добразычліўцы» ужо далі ў сацыяльных сетках спасылку на ягоныя словы ў 2012 годзе, калі ён казаў, што на пасаду старшыні вылучаецца апошні раз. Выглядае, што пра гэтыя словы ўсе забыліся, у тым ліку і сам Лябедзька.
І цяпер у сацыяльных сетках і СМІ шмат кажуць пра незьмяняльнасьць лідэраў апазыцыйных партыяў. Што да Лябедзькі, то ягоныя «добразычліўцы» ужо далі ў сацыяльных сетках спасылку на ягоныя словы ў 2012 годзе, калі ён казаў, што на пасаду старшыні вылучаецца апошні раз. Выглядае, што пра гэтыя словы ўсе забыліся, у тым ліку і сам Лябедзька.
Раней, на папярэдніх зьездах АГП, Лябедзька атрымліваў па 70-80 працэнтаў галасоў падчас выбараў старшыні. Цяперашнія лічбы кажуць пра тое, што ўнутры партыі расьце нездавальненьне проста тым фактам, што адзін чалавек кіруе партыяй ужо 8 тэрмінаў, што ён не рыхтуе сабе палітычную замену, што ўнутры партыі няма яркай палітычнай канкурэнцыі. І сапраўды, нейкіх харызматычных, вядомых грамадзкасьці альтэрнатываў Лябедзьку ад партыі не было вылучана.
Але я катэгарычна не пагаджуся з тэзісам, што незьмяняльнасьць лідэраў апазыцыйных партыяў — ледзь не галоўная прычына стагнацыі ў шэрагах апазыцыі. Напрыклад, у БНФ лідэры за апошняе дзесяцігодзьдзе мяняліся, і ня раз — Вячорка, Баршчэўскі, Янукевіч. Былі бітвы, інтрыгі, перамены, кааліцыі. Ці дапамагло гэта партыі? Ці стала яна больш масавай і ўплывовай? Не.
Нязьменнасьць лідэраў — дзясятая прычына стагнацыі ў апазыцыйных партыях. Галоўная — стратэгічная, сыстэмная, палягае ў стаўленьні ўлады да грамадзянскай супольнасьці. Рэжыму ўдалося, фактычна, выключыць апазыцыю з сур’ёзнай палітычнай гульні. Адкуль масава ўзяцца новым яркім асобам у партыях, калі людзі разумеюць, што пазыцыйнае тэма прынясе толькі праблемы і непрыемнасьці?
Дракахруст: Напачатку нагадаю, што да выбараў рыхтуецца ня толькі Беларусь, але і Злучаныя Штаты. Прычым, апошнія, у адрозьненьні ад Беларусі, рыхтуюцца да выбараў сапраўдных.
Сёньня ў Кліўлендзе, у ЗША пачынаецца перадвыбарчы зьезд рэспубліканскай партыі. Кандыдат, які атрымаў пераканаўчую перамогу на праймэрыз, адзін — мільярдэр Дональд Трамп. Але зьезд не абяцае быць бесканфліктным, у Трампа ёсьць моцная і ўплывовая апазыцыя ўнутры партыі. Гэтая апазыцыя наўрад ці зможа прадухіліць намінацыю Трампа афіцыйным кандыдатам ад партыі, аднак, так бы мовіць, сапсаваць яму сьвята можа і, напэўна, так і зробіць. Сачыце за асьвятленьнем падзеі на сайце Свабоды.
А зараз — да вынікаў зьезду АГП. Мне падалося, што гэтым разам у Анатоля Лябедзькі быў найбольш сур’ёзны канкурэнт у параўнаньні зь мінулымі партыйнымі выбарамі.
Але такое доўгае захаваньне лідэраў на чале сваіх партыяў, на мой погляд, сьведчыць пра тое, што беларускае грамадзтва адзінае. І нават яго палітычна актыўная частка — гэта таксама беларусы, з беларускім уяўленьнем пра жыцьцё і пра палітыку
Але такое доўгае захаваньне лідэраў на чале сваіх партыяў, на мой погляд, сьведчыць пра тое, што беларускае грамадзтва адзінае. І нават яго палітычна актыўная частка — гэта таксама беларусы, з беларускім уяўленьнем пра жыцьцё і пра палітыку.
Калі вы, Віталь, тлумачылі, які тут мэханізм, чаму чалавек можа так доўга сядзець на пасадзе, калі казалі, што і альтэрнатывы ж ня бачна, я чакаў, што дасьце: «Ну а хто, калі ня ён?». Магчыма, і ў партыях гэты псыхалягічны мэханізм таксама дзейнічае.
Да Анатоля на чале АГП аднапартыйцы прызвычаіліся, вядома, чаго ад яго чакаць. Прыйдзе новы чалавек — а якім ён будзе? На фоне такога моцнага, вопытнага кіраўніка астатнія сапраўды выглядаюць у лепшым выпадку «катамі ў мяху».
Дык і на ўзроўні ўсёй краіны многім падаецца, што гэта так.
І мне ў гэтым шматгадовым кіраваньні адных і тых жа партыйных лідэраў бачацца агульнабеларускія ўстаноўкі.
Вы, Віталь, маглі б насуперак маёй думцы спаслацца на досьвед БНФ. Але варта адзначыць, што гэтыя зьмены ў БНФ, як правіла (два разы з трох), суправаджаліся расколамі. А дзе расколаў няма, як у АГП ці ў «Справядлівым сьвеце», там на чале партыі нязьменны лідэр.
Карбалевіч: Я ўсё ж тлумачу нязьменнасьць лідэраў ня столькі кансэрватызмам беларусаў, як пра гэта кажа Юры, а адсутнасьцю палітычнага жыцьця ў краіне. Гэта дрэнна адбіваецца ня толькі на ўладах, але і на апазыцыі. Як у дзяржаве, так і ў апазыцыйным асяродзьдзі адбываецца застой, нязьменнасьць лідэраў.
Але ў апазыцыйных партыях гэтыя працэсы адбываюцца не таму, што не працуюць дэмакратычныя мэханізмы. Галасаваньне на зьезьдзе АГП якраз сьведчыць пра тое, што яны працуюць.
Глядзіце, у тых партыях, у якіх адбылася зьмена, новыя лідэры, мякка кажучы, не мацней за ранейшых. Напрыклад, у партыі «Народная грамада» пасьля сыходу Статкевіча узьнік відавочны крызыс лідэрства
Праблема ў іншым. Няма прытоку ў партыі амбітных людзей, якія б прэтэндавалі на лідэрства. Хто хоча рабіць кар’еру, ідуць у БРСМ, «Белую Русь». А ў апазыцыі для такіх людзей няма палітычнай пэрспэктывы. Вось на зьезьдзе АГП намесьнік старшыні Леў Марголін казаў, што ў партыі назіраецца разрыў пакаленьняў. Ёсьць вэтэраны, ёсьць моладзь, але няма сярэдняга пакаленьня. І актыўная моладзь, пабыўшы у апазыцыі, паглядзеўшы на адсутнасьць пэрспэктывы, ці зьяжджае за мяжу, ці шукае іншыя форма самарэалізацыі. І сёньня сытуацыя ў апазыцыйных партыях такае, што дзейным лідэрам няма паўнавартаснай замены. Глядзіце, у тых партыях, у якіх адбылася зьмена, новыя лідэры, мякка кажучы, не мацней за ранейшых. Напрыклад, у партыі «Народная грамада» пасьля сыходу Статкевіча узьнік відавочны крызыс лідэрства.
Хто, напрыклад, можа замяніць у партыі «Справядлівы сьвет» Сяргея Калякіна, яшчэ аднаго нязьменнага лідэра? Замяніць рэальна, а не фармальна. Я ня бачу.
Тое ж самае і ў АГП. Палякоў добры чалавек, але ж не раўнацэнная замена Лябедзьку.