Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цярэшчанка хоча быць у Палаце прадстаўнікоў «шчупаком»


Віктар Цярэшчанка, 2015
Віктар Цярэшчанка, 2015

Віктар Цярэшчанка, які зьбіраецца балятавацца ў Палату прадстаўнікоў шостага скліканьня, паведаміў Свабодзе, што спыніў збор подпісаў у сваю падтрымку:

«Неабходны для рэгістрацыі мінімум мы ўжо маем. А зьбіраць значна болей няма ніякай патрэбы. Я ўжо сказаў сваім людзям: калі ласка, спыняйцеся. Праўда, скасоўваць пікеты мы ня будзем. Яны дазваляюць выбарцам даведацца пра мяне, і гэта спатрэбіцца падчас галасаваньня.

У мяне спачатку ўзьнікла думка — аднесьці подпісы заўтра ў акруговую выбарчую камісію. А пасьля падумаў — а навошта сьпяшацца? Ведаеце, як пішуць сачыненьне. Амаль заўжды ў клясе знаходзіцца нехта, хто сьпяшаецца аддаць свой твор першым. А пасьля шкадуе, што не праверыў лішні раз».

Спадар Цярэшчанка выбраў для сябе акругу № 105 у Менску. Гэта рашэньне ён тлумачыць так:

«Я жыву ў межах гэтай акругі. Хто будзе маім галоўным канкурэнтам? Той, каго назаве ўлада. Гэта можа быць нават піянэр.

Кажуць, што ўлада прасоўвае сьпявачку Ірыну Дарафееву. Я яе асабіста ня ведаю. Магчыма, яна і добры чалавек. Але ж, мне падаецца, беларусам цяпер не да сьпеваў. Трэба разблытваць клубок разнастайных праблемаў. А што спадарыня Ірына будзе рабіць? Падглядаць, як сусед галасуе?

Патрэбны сур’ёзныя зьмены ў эканамічнай палітыцы. А я кандыдат менавіта эканамічных навук. Маю цікавыя фінансава-эканамічныя распрацоўкі. Думаю, што выбарцы супаставяць маю біяграфію і біяграфію спадарыні Дарафеевай.

У Палаце патрэбныя сур’ёзныя людзі. Я на Плошчу заклікаць ня буду. Але працаваць над эканомікай, рабіць дэпутацкія запыты буду абавязкова. Хачу быць у парлямэнце гэткім шчупаком, які не дае магчымасьці драмаць уладным карасям. У Палаце патрэбныя новыя ідэі, новыя настроі, новыя падыходы. Я паправіў здароўе і гатовы энэргічна працаваць».

Выбары ў Палату прадстаўнікоў шостага скліканьня прызначаныя на 11 верасьня.

Віктар Цярэшчанка быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, спрабаваў удзельнічаць у некалькіх прэзыдэнцкіх кампаніях.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG