Сьвята Перамогі ў Беларусі заўсёды адзначалі вельмі ўрачыста — яшчэ з савецкіх часоў. Першыя гады пасьля прыходу да ўлады Аляксандар Лукашэнка заўсёды выступаў сам на ўрачыстым паседжаньні, прысьвечаным Дню Перамогі.
Празь нейкі час увага да сьвяткаваньня 9 траўня зьменшылася. Вайсковы парад пачалі праводзіць, як правіла, на Дзень Незалежнасьці (3 ліпеня), менавіта гэтая дата стала лічыцца на афіцыйным узроўні галоўным сьвятам Беларусі. Апошнія гады на ўрачыстым сходзе, прысьвечаным Дню Перамогі, сам Лукашэнка не выступаў, звычайна гэта рабіў прэм’ер-міністар. І гэта цалкам зразумела. Вэтэранаў стала мала, яны ўжо не складаюць значнай электаральнай сілы, для новага пакаленьня беларусаў сакральнасьць гэтай даты ўжо не такая, як раней.
Гэтым разам, на 70-гадовы юбілей Перамогі, на ўрачыстым сходзе 7 траўня Лукашэнка выступаў уласнай пэрсонай. Выступ быў даволі сьціплы і па часе, і па зьмесьце.
Галоўны пасыл кіраўніка дзяржавы быў наступны: «Мы павінны памятаць: Перамога — гэта сьвятое! І дакранацца да яе можна толькі чыстымі рукамі і з чыстай душой. Мы ж выкарыстоўваем часам гісторыю і значныя ў ёй падзеі пры нагодзе, для ўласнай выгады. Яе нельга прыстасоўваць да сучаснасьці з мэтай рэйтынгаў, апраўданьня памылак і пралікаў у нашай палітыцы».
Залатыя словы. І ключавая фраза тут — «мы ж выкарыстоўваем...».
Звычайна Аляксандар Лукашэнка выкарыстоўваў сьвята Перамогі дзеля выкрыцьця злавеснай палітыкі Захаду адносна Беларусі. Ён увесь час параўноўваў палітыку ЗША і ЭЗ адносна свайго рэжыму з агрэсіяй фашысцкай Нямеччыны падчас Другой усясьветнай вайны. Напрыклад, выступаючы на ўрачыстым сходзе, прысьвечаным 60-годзьдзю Перамогі, 8 мая 2005 году беларускі кіраўнік заявіў: «Мы зусім нядаўна, я ня ведаю, як поўна паказала гэта наша тэлебачаньне, выявілі цэлыя склады зброі пад Менскам. Таксама нядаўна з дэмакратычных краін атрымалі чарговую порцыю наркотыкаў, якія затрымалі нашы праваахоўныя органы, — ужо на мільёны даляраў! Але ж мы нікога не прасілі вазіць сюды зброю і наркотыкі». Зрэшты, гэтая тэма не знайшла асьвятленьня ў дзяржаўных СМІ. Мабыць, паказваць не было чаго.
Новыя геапалітычныя рэаліі зрабілі ўплыў на зьмест выступу. Гэтым разам Лукашэнка ўстрымаўся ад звычайных жорсткіх нападак на Захад. Былі рэплікі з крытыкай нейкіх ананімных замежных дзяржаў: «На жаль, некаторыя краіны і сёньня дазваляюць сабе ўмешвацца ва ўнутраныя справы сувэрэнных дзяржаў. Палітыка ціску і эканамічнага шантажу даўно стала штодзённасьцю... Моцныя гэтага сьвету падсьцёбваюць ваенныя канфлікты ў розных кропках зямнога шара». Але за гэтымі абвінавачаньнямі лёгка можна разгледзець як заходнія краіны, так і Расею.
Як звычайна, Лукашэнка актыўна палемізуе зь нейкімі злыднямі-фальсыфікатарамі. «Мы нікому не дазволім фальсіфікаваць гісторыю Вялікай Айчыннай. Мы трапятліва і беражліва ставімся да яе», — кажа ён. А як жа гісторыка-культурны комплекс «Лінія Сталіна», куды на экскурсію арганізавана прывозяць студэнтаў і школьнікаў і ўцюхваюць ім, як у чэрвені 1941 году пад Менскам Чырвоная Армія дашчэнту разграміла фашыстаў? Гэта не фальсыфікацыя?
Як звычайна, Лукашэнка пашкадаваў аб распадзе СССР, у выніку чаго была створаная незалежная Беларусь: «Мы выявіліся дрэннымі спадкаемцамі тых, хто перамог у той вайне. Мы не ўратавалі, не ўтрымалі тую краіну, якую яны абаранялі».
Але галоўная праблема, якая паўстае з нагоды цяперашняга юбілею, абазначана неяк цьмяна, пункцірна. А яна палягае ў тым, што ня вывучаныя ўрокі той трагедыі. Летась Эўропа адзначыла 100-годзьдзе пачатку Першай усясьветнай вайны, цяпер — 70-годзьдзе завяршэньня Другой усясьветнай вайны. І вось на тле гэтага ў Эўропе зноў запахла вялікай вайной. Бо малая ўжо ідзе ва Ўкраіне. Расея вырашыла ўзяць рэванш за распад СССР.
І на гэтым фоне Лукашэнка заклікае жыць дружна:
«Перамога патрабуе ад нас адзінства, згуртаванасьці спадчыньнікаў савецкага народа. Тысячагадовая гісторыя навечна згуртавала тры роднасныя народы — беларусаў, рускіх, украінцаў. Трагічныя падзеі ў нашых братоў — гэта наш боль».
У зьвязку з тым, што робіць Расея ва Ўкраіне, гэтыя заклікі выглядаюць добрымі, але маларэалістычнымі пажаданьнямі.