Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук атрымаў адказ ад намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Валерыя Міцкевіча на прапанову прафсаюзнага актыву адмяніць падатак «на дармаедаў».
«Тэкст адказу — калька ліста, які атрымала на падобны зварот дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая, — сказаў карэспандэнту Свабоды спадар Ярашук. — І ёй, і нам адказаў адзін і той жа чыноўнік. І сэнс самога ліста, і тэкст адзін і той жа. Маўляў, скасоўваць збор няма падстаў, а што ён не прынёс шмат грошай, то і быў разьлічаны ня столькі на папаўненьне бюджэту, колькі на „скарачэньне ценявой эканомікі“, „уцягненьне насельніцтва ў дазволеныя заканадаўствам віды дзейнасьці“ і „вяртаньне да стваральнага жыцьця асобаў, якія вядуць асацыяльны лад жыцьця“.
Наша юрыдычная служба зрабіла грунтоўны аналіз дэкрэту № 3. Перадалі яго Ганьне Канапацкай, каб тая магла карыстацца дакумэнтам у яе далейшай працы. І мы цяпер актыўна працуем супольна.
А са свайго боку прафсаюз выкарыстае магчымасьці ціску на беларускія ўлады празь міжнародныя структуры. Працяг гэтай гісторыі, я ўпэўнены, абавязкова будзе. Нас чакае сэсія Міжнароднай арганізацыі працы. А на ёй уладам трэба будзе далажыць МАП, што зроблена ў Беларусі для адмены прымусовай працы. Бо Дэкрэт супярэчыць і міжнароднай канвэнцыі, і Канстытуцыі нашай краіны».