Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У нас проста няма гэтых 360 рублёў!» — «дармаеды» незадаволеныя адказам з падатковых органаў


Андрэй Ярмоленка
Андрэй Ярмоленка

Многія жыхары Гарадзеншчыны, якія атрымалі «лісты шчасьця» згодна з Дэкрэтам № 3, не сьпяшаюцца сплочваць падатак і дамагаюцца ад дзяржаўных органаў тлумачэньняў — за што ім налічылі 360 рублёў.

Актывісты Абʼяднанай грамадзянскай партыі ў Горадні сабралі і накіравалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта паўтары тысячы подпісаў за адмену дэкрэту «аб дармаедах». Яны аднымі зь першых распачалі перапіску з падатковымі органамі наконт «лістоў шчасьця».

Кіраўнік гарадзкой арганізацыі АГП Андрэй Ярмоленка кажа, што ўжо напісаў у падатковую інспэкцыю некалькі зваротаў. Найперш яго цікавіць — чаму такія лісты прыходзяць бяз штампаў, подпісаў, без канкрэтных дадзеных адпраўніка. Але Ярмоленку адказалі, што па ўсіх пытаньнях ён мусіць зьвяртацца непасрэдна да падатковага інспэктара па месцы жыхарства.

Пасьля гэтага Ярмоленка і ягоныя паплечнікі, якія атрымалі «лісты шчасьця», пачалі канкрэтызаваць свае пытаньні да падаткоўцаў.

— Да нас прыходзілі ставіць подпісы сотні людзей, мы выслухоўвалі іх і сумесна фармулявалі пытаньні да падатковай інспэкцыі. Перш за ўсё нам цікава: адкуль была атрыманая інфармацыя, што чалавек пэўны час не працаваў? Па-другое, у якой частцы Падатковага кодэксу ёсьць спасылка на суму падатку ў 360 рублёў? Таксама прасілі патлумачыць — зь якіх сродкаў грамадзянін мусіць сплочваць падатак, калі ён не працуе?

Ярмоленка кажа, што пры дапамозе актывістаў АГП звароты з такімі пытаньнямі напісала пераважная большасьць людзей, якія ставілі подпісы за адмену дэкрэту № 3. Паводле ягоных словаў, некалькі чалавек ужо атрымалі адказы, але засталіся незадаволеныя вынікам.

— Прадстаўнікі падатковай не даюць канкрэтных тлумачэньняў, адказваюць агульнымі фразамі. Пішуць, што нашыя пытаньні «па-за межамі іхняй кампэтэнцыі». Выходзіць, яны патрабуюць ад людзей заплаціць падатак, а за што — не тлумачаць. Таму падобныя адказы нас не задавальняюць, — кажа Ярмоленка.

Сябры гарадзенскай філіі АГП працягваюць пісаць лісты ў падатковыя органы, патрабуючы патлумачыць, адкуль усё ж зьявілася лічба 360 рублёў, якім чынам дзяржава вызначыла менавіта гэтую суму.

— Добра, я ня меў працы і не плаціў падаткаў. Але я за год ні разу ня быў ні ў шпіталі, ні ў паліклініцы, не выклікаў міліцыю. Купляў у краме прадукты, у кошт якіх ужо закладзеныя падаткі, езьдзіў на транспарце і плаціў за квіток. Ну дык няхай прадставяць нейкую калькуляцыю, а ня проста спасылаюцца на тэкст дэкрэту, у якім нічога не сказана пра 360 рублёў, — кажа актывіст.

У Іўі пад лістом у Адміністрацыю прэзыдэнта падпісаліся 80 чалавек. Яны прасілі вызваліць іх ад выплаты падатку, бо яны не дармаеды, а працуюць на ўласнай гаспадарцы. Але просьбу не задаволілі, матывуючы рашэньне тым, што гэтыя людзі жывуць у горадзе, а не на вёсцы. А паводле дэкрэту толькі вясковыя жыхары, якія займаюцца ўласнай гаспадаркай, вызваляюцца ад падатку. Са сваёй праблемай жыхарам Іўя параілі зьвярнуцца ў мясцовы выканкам.

Спадар Мацьвей кажа, што ў выканкам хадзілі каля 20 чалавек, іх там выслухалі і далі пісьмовы адказ, у якім паведамілі: ад падатку яны вызваленыя ня будуць.

Цяпер людзі ў роспачы: хто на біржу ходзіць безвынікова, хто судзіцца зьбіраецца

— Зразумела, на мясцовым узроўні яны не прымаюць такія рашэньні, бо ў Іўі больш за 300 чалавек жывуць з уласнай гаспадаркі. Але ж і працы іншай у мястэчку няма. Цяпер людзі ў роспачы: хто на біржу ходзіць безвынікова, хто судзіцца зьбіраецца... У нас проста няма гэтых 360 рублёў!

Адзін з герояў папярэдняга рэпартажу Свабоды, спадар Аляксей, пісаў ліст у падатковую інспэкцыю з просьбай, каб яго вызвалілі ад выплаты падатку ці хаця б зьменшылі суму. Ён аргумэнтаваў такую просьбу тым, што амаль палову 2015 году яшчэ служыў у войску, а па вяртаньні ня змог адразу ўладкавацца на працу.

— Падаткоўцы кажуць: ведаем пра службу ў войску, але вы больш за 182 дні пасьля службы нідзе не працавалі. І ніхто не спытаў у мяне, чаму я не працаваў. А хто б дапамог мне працу знайсьці? Цяпер я паскардзіўся ўжо ў абласную падатковую інспэкцыю, бо папросту ня маю магчымасьці сплаціць гэтыя 360 рублёў, — абураецца Аляксей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG