Мікалай Статкевіч выказаў думку, што марш 17 лютага зьбярэ больш удзельнікаў, чым звычайныя акцыі апазыцыі.
«Беларускі нацыянальны кангрэс вырашыў агучыць свой плян правядзеньня „Маршу абураных беларусаў“, які пачнецца 17 лютага ў 18.00 на Кастрычніцкай плошчы Менску. На пачатку маршу адбудзецца народны сход, на якім будуць прынятыя патрабаваньні да ўлады і вызначаны тэрміны іх выкананьня. Сам марш пройдзе па галоўным праспэкце сталіцы да будынку Міністэрства падаткаў і збораў, дзе ўдзельнікі акцыі выкажуць стаўленьне да падатку на беспрацоўных і прымуць рашэньне пра свае дзеяньні, калі ўлада ня пойдзе насустрач патрабаваньням народу», — напісаў у сваім Фэйсбуку ініцыятар правядзеньня акцыі, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2010 года Мікалай Статкевіч.
— Мы ідзём на друкаваньне пляну, каб людзі ня думалі, што тут будзе нешта нечаканае, — адзначыў у камэнтары Свабодзе Мікалай Статкевіч, — Але гэта толькі наша прапанова — удзельнікі маршу могуць і не пагадзіцца. Мы будзем галасаваць.
— На якую колькасьць удзельнікаў акцыі вы разьлічваеце?
— Прагнозы — справа ня ўдзячная, але ў мяне ёсьць упэўненасьць, што іх будзе больш, чым звычайна — больш, чым было на акцыях у апошнія гады. Бо мы назіраем пэўную актыўнасьць і ў сацыяльных сетках, і пры асабістых кантактах, а галоўнае, адчуваецца жаданьне людзей самім нешта зрабіць.
— Ці рэагуе ўлада на пагрозу акцыяў пратэсту супраць дэкрэту № 3?
— Яны гэтага вельмі баяцца. Там, дзе яны маглі зрабіць нешта фармальна, яны зрабілі. Там, дзе падаваліся прашэньні аб дазволе пратэставаць супраць дзеяньняў улады, гэтыя прашэньні не задаволены. Акцыі не дазволены ва ўсіх абласных цэнтрах і, безумоўна, ня будзе дазволеная і акцыя 15 сакавіка. Мы ніякай забароны ня маем, бо мы прашэньняў не падавалі. Мы кіруемся канстытуцыйным правам — у нас ёсьць правы на масавыя сходы і акцыі. Заканадаўства наша супярэчыць Канстытуцыі, і мы ім не кіраваліся. Мы публічна папярэдзілі ўлады пра свой намер правесьці марш: я, Уладзімер Някляеў і Яўген Афнагель прынеслі папярэджаньне ў Менгарвыканкам аб намеры правесьці акцыю за 7 дзён да яе правядзеньня. Гэта зроблена, каб улада магла падрыхтавацца (асфальт падмесьці ці яшчэ што) і каб людзі ведалі, хто ўзяў на сябе адказнасьць за акцыю і хто ёй кіруе. Ніякай адмоўнай рэакцыі мы не атрымалі, таму будзем лічыць, што акцыя не забаронена.
— У сацыяльных сетках выказвалася думка, што нібыта не хапае інфармацыі пра марш — акцыя недастаткова рэклямуецца. Ці займаліся вы гэтым адмыслова?
— Так. Былі налепкі, улёткі. Мы разьлічваем на дапамогу незалежных сродкаў масавай інфармацыі, але мы ня можам тут нікога прымусіць. Мы зрабілі тое, што маглі ў гэтай сытуацыі. Я ўпэўнены, што тыя людзі, якіх наўпрост тычыцца гэты ганебны дэкрэт аб падатку зь беспрацоўных — большасьць гэтых людзей пра акцыю ведаюць. Я ўжо атрымліваў інфармацыю з Горадні і Магілёва — адтуль, дзе ў адказ на забарону акцыі арганізатары адмовіліся яе праводзіць, людзі таксама зьбіраюцца ехаць у Менск 17 лютага.
— На мінулым тыдні Мікалай Аўтуховіч выступіў з заклікам не выходзіць на акцыі супраць дэкрэту № 3 — маўляў, гэта будзе «халасты стрэл» і ня трэба праз новыя штрафы прыносіць у казну Лукашэнкі грошы. Як вы пракамэнтуеце гэтае меркаваньне?
— Заўсёды перад правядзеньнем акцыяў зьяўляецца шмат камэнтатараў такога кшталту. Я іх выказваньні звычайна не камэнтую.