З 30-гадовым Аляксеем Кавальчуком карэспандэнты Свабоды сустрэліся каля Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту, дзе яго брат Іван, затрыманы супрацоўнікамі КДБ 21 сакавіка, мае гэтай вясной атрымаць дыплём архітэктара. 6-курсьнік Іван Кавальчук сумяшчаў навучаньне ў БНТУ і працу ў адной зь вядучых праектных арганізацый Беларусі «Аргбуд». Ні на што іншае, паводле Аляксея, у Івана часу не было.
Дэканат чакае вестак з КДБ
Аляксей цяпер часта бывае на факультэце. Кажа, яго там падтрымліваюць і студэнты, і выкладчыкі:
«Што тычыцца факультэту, то пакуль становішча Івана ня вельмі складанае. Пакуль што ўсе ідуць насустрач: і дэканат, і настаўнікі. Бо дыплём. Недарэмна ён навучаўся 6 год, тым больш на платным. А платнае навучаньне вельмі дарагое. Нашы бацькі жывуць у Мядзеле, абое настаўнікі... І бацькі, і дэканат чакаюць добрых вестак з КДБ, каб Іван скончыў навучаньне і атрымаў дыплём».
Іван Кавальчук дапамагаў камэнданту ў інтэрнаце
Паводле брата, увесь дзень 25-гадовага Івана быў расьпісаны — да 12-й вучоба ва ўнівэрсытэце, пасьля да 18-й праца. Увечары ў інтэрнаце ён пісаў дыплём.
«Увесь яго курс кантактуе са мной, пытаюцца, ці не патрэбная якая дапамога. Перадачы нашу я, але вельмі шмат сяброў Івана тэлефануюць, перадаюць яму нешта, падтрымліваюць. Я ўражаны, колькі ў яго сяброў у розных унівэрсытэтах Менску. Ніхто не разумее, за што, як, чаму. Ніхто ня можа патлумачыць, што адбылося. Усе толькі з добрага боку адгукаюцца пра Івана. Ён удзельнічаў у розных мерапрыемствах на факультэце, у інтэрнаце, ён быў адказны за пакой адпачынку, меў ад яго ключы, дапамагаў камэнданту сачыць за парадкам, падшываў газэты», — кажа Аляксей.
Спачатку не разумеў, што ён у «амэрыканцы»
Браты Кавальчукі — зь Мядзела. Аляксей кажа, што ў родным горадзе ўсе падтрымліваюць іхніх бацькоў, кажуць, што справа Івана «шыта белымі ніткамі»:
«Мой брат не зьяўляецца сябрам ніякіх арганізацый, нідзе не даваў прысягаў. Калі трапіў у турму КДБ, то некалькі дзён проста не разумеў, дзе знаходзіцца. Пакуль яму не патлумачылі праз пару дзён».
Іван Кавальчук быў у першай партыі «асіповіцкіх баевікоў», якіх затрымалі 21 сакавіка. У ягоным інтэрнацкім пакоі зрабілі ператрус. Забралі камуфляжную вопратку, старую каску, некалькі налепак і анархісцкі сьцяг. Аляксей кажа, што гэтыя рэчы — не падстава, каб вінаваціць у арганізацыі масавых беспарадкаў:
«Летам, калі студэнтаў на месяц высяляюць з інтэрнату, ён заўсёды жыве ў мяне. Мы разам вазілі яго рэчы на маёй машыне, я бачыў усё, што ў яго было. Нічым ён не захапляўся, што магло б стаць падставай для крымінальнай справы. Проста не ўяўляю, як ён можа адносіцца да гэтай справы».
Марганцоўка і цьвікі для маляваньня
Таксама ў Івана знайшлі пакет з фарбамі, палотнамі і іншымі рэчамі для маляваньня. Сярод іх — марганцоўка, якую выкарыстоўваюць для падрыхтоўкі палатна, і цьвікі, якімі гэтае палатно мацуюць. Магчыма, паводле сьледзтва, гэтыя рэчы могуць быць выкарыстаныя для вырабу выбухоўкі.
«Так, ён малюе алеем. Малюе для сябе. У яго цэлы пакунак розных рэчаў для маляваньня — там фарбы, ацэтон, марганцоўка, невялікія цьвікі і малаток, каб замацоўваць палатно. Я дакладна ведаю, для чаго ён гэта выкарыстоўваў. Ён скончыў мастацкі каледж імя Ахрэмчыка. А цяпер рыхтаваўся стаць архітэктарам. Ён ужо быў даволі пасьпяховым архітэктарам. Ён распрацоўвае дызайны будынкаў і інтэр’ераў. Ужо некалькі праектаў яму давяралі. Нашы бацькі — настаўнікі, выхавалі нас вельмі добра. Мы расьлі разам. Нават да нейкага ўзросту спалі ў адным ложку. Я перакананы, што мой брат ня мае дачыненьня да той справы, паводле якой яго абвінавачваюць».
Зь дзяцінства — толькі па-беларуску
Іван пакуль даслаў брату толькі адзін ліст. Піша, што ўжо троху звыкся са сваім становішчам, і вельмі дзякуе за перадачы. Кажа, што столькі ежы ня меў, калі жыў у інтэрнаце. Праўда, абставіны не дазваляюць усё спажыць. Проста ня лезе.
Пасьля 21 сакавіка Аляксей пачаў цікавіцца асобамі тых, каго, як і ягонага брата, вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў. Кажа: адзінае, што аб’ядноўвае гэтых людзей, — бескампрамісная беларускамоўнасьць:
«Іван зь дзяцінства выключна на беларускай мове размаўляе і адрынае ўсе іншыя. У нашай краіне, калі размаўляеш на беларускай мове, тым больш калі малады, то ўжо трэба заломваць і ў аўтазак. Я сачу за ўсімі падзеямі, глядзеў інтэрвію з хлопцамі, якіх ужо выпусьцілі. Магу сказаць, што аб’ядноўвае іх ня справа, а толькі беларускамоўнасьць».